У Глушкавічах на вуліцы Савецкай у даваеннай хаце, дзе зараз знаходзіцца дом пад нумарам 45, размяшчаўся партызанскі штаб С. А. Каўпака. Тут вырашаліся ўсе важнейшыя пытанні і задачы злучэння. Побач у суседніх хатах былі расквартараваны штабісты, радысты, друкары, сувязісты, гаспадарнікі, а таксама байцы каменданцкага ўзвода.

Начальнікам штаба ў Глугкавічах быў на год малодшы за Каўпака ордэнаносец Рыгор Якаўлевіч Базыма. Ён лічыўся трэцім па значнасці чалавекам пасля камандзіра і камісара злучэння. Начштаба ў свой час прымаў удзел у Першай сусветнай і Грамадзянскай войнах, а перад Вялікай Айчыннай працаваў дырэктарам і настаўнікам геаграфіі ў 3-яй Пуціўльскай гарадской школе. Пасля вайны Рыгор Якаўлевіч стане сакратаром Пуціўльскага райкама партыі, а палітрук і парторг артбатарэі Аляксей Ільіч Каранёў узначаліць той жа райвыканкам.

Вось як ахарактарызоўваў Р. Я. Базыму яго памочнік В. А. Вайцэховіч: “Сярэдняга росту, з коратка падстрыжанымі вусамі і клінавіднай бародкай, апрануты напалову ў вайсковую вопратку, Рыгор Якаўлевіч у душы заставаўся па-ранейшаму настаўнікам. Найбольшую ўвагу ён заўсёды надаваў афармленню наказаў. Ніколі не разлучаўся з алоўкам ды блакнотам і пры любых умовах знаходзіў час, каб запісаць падрабязнасці кожнага дня”.

Намеснікам начальніка штаба па аператыўнай рабоце быў беларус, старшы лейтэнант Васіль Аляксандравіч Вайцэховіч, які прывёў у злучэнне групу чырвонаармейцаў у колькасці больш двух дзесяткаў чалавек. За талент у распрацоўцы баявых аперацый каўпакаўцы празвалі Васіля Аляксандравіча партызанскім Кутузавым. Пасля таго, як восенню 1943 года Базыма будзе накіраваны на Вялікую зямлю, Вайцэховіча прызначаць на яго месца. А ў 1944-ым ён, ужо будучы капітанам, стане Героем Савецкага Саюза.

Памочнікам Вайцэховіча ў Глушкавічах быў лейтэнант Сямён Паўлавіч Тутучэнка, які ў 1944 годзе будзе прызначаны начальнікам штаба кавалерыйскага дывізіёна Героя Савецкага Саюза Аляксандра Ленкіна і сам потым стане Героем Савецкага Саюза. У свой час у штабе злучэння знаходзіўся ўраджэнец Чарнігаўшчыны, пагранічнік лейтэнант Пётр Яўсеевіч Брайка, якога потым перавядуць на ўмацаванне 4-га батальёна. У тым жа 1944 годзе ён будзе камандаваць трэцім палком і стане Героем Савецкага Саюза.

Намеснікам начальніка штаба па разведцы з’яўляўся Фёдар Данілавіч Гаркуноў, які вызначыўся ў час Лельчыцкай аперацыі. Пры штабе ў Глушкавічах знаходзіўся ўпаўнаважаны ЦК КП(б)У брагадны камісар І. К. Сырамалотны. Парторгам злучэння быў Якаў Рыгоравіч Панін, а памочнікам камісара Руднева па камсамольскай лініі з’яўляўся сакратар Марыўпальскага гаркама камсамола Барыс Кароль, якога потым заменіць сакратар Запарожскага абкама камсамола Міхаіл Андросаў.

Сам жа легендарны камісар злучэння Сямён Руднеў нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Маісеяўка Пуціўльскага раёна. У 15-гадовым узросце ён едзе ў Петраград працаваць на Руска-Балтыйскі машынабудаўнічы завод, дзе знаёміцца з рэвалюцыйна настроенымі рабочымі. У 1916 годзе Руднеў трапляе ў Выбаргскую турму, а ў 1917-ым уступае ў партыю бальшавікоў, прымае ўдзел у штурме Зімняга палаца, затым змагаецца на баку чырвонаармейцаў у час Грамадзянскай вайны. Пасля цяжкага ранення, потым захворвання тыфам і шпіталю ён вучыцца ў Ваенна-палітычнай акадэміі, пасля заканчэння якой служыць палітработнікам у Крыму і на Далёкім Усходзе. У 1936 годзе ўзнанагароджваецца ордэнам Чырврнага Баявога Сцяга, затым трапляе под рэпрэсіі, пасля вызвалення вяртаецца на радзіму, дзе выбіраецца старшынёй Пуціўльскага раённага савета Асаавіяхіма. У верасні 1941 года ўзначаліў партызанскі атрад у Сумскай вобласці, які ў кастрычніку аб’яднаўся з Пуціўльскім атрадам пад камандаваннем С. А. Каўпака. У першыя партызанскія месяцы Сямён Васільевіч зноў будзе цяжка паранены, але паспяхова вылечыцца ў атрадзе.

З успамінаў П. П. Вяршыгары: “Слушая Руднева на лесной поляне, когда он разговаривал с бойцами, или слушая его речи на сходках мирных жителей, я впервые узнал и увидел, что может сделать человеческое слово… Руднев напоминал мне тогда Данко из горьковского рассказа Старуха Изергиль, который вырвал из своей груди сердце, и оно запылало ярким пламенем, освещая путь заблудившимся в гуще жизни людям. Руднев был человеком, способным повести за собой массы

Трэба адзначыць, што штаб злучэння Каўпака акрамя асноўнай стаянкі ў Глушкавічах у час рэйдаў 1942 года прыпыняўся таксама ў вёсках Сініцкае Поле, Стадолічы, Баравое і Іванава Слабада.

Уладзімір ЗУБРЭЙ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: