плен, вов, солдаты

Што ж, няхай тыя, хто не ведае, што такое вайна, не вераць, да чаго можа дайсці ў сваёй апантанасці, злосці чалавек-звер — фашыст, што можа вынесці,  той, хто хоча жыць. Важна, каб пра гэта памяталі, не забывалі мы, хто на свае вочы бачыў тое, што — дай Бог! — Можа ніхто ніколі ўжо  не ўбачыць. У кожнага пакалення людзей сваё жыццё, свая памяць. І менш за ўсё трэба каго б там ні было папракаць, наракаць то на тое, то на гэтае, трэба кожнаму помніць сваё, тады ўсе разам будуць помніць усё…

плен, вов, солдаты

Увесь той жах, у якім з голаду і хвароб каналі мільёны савецкіх мужчын з тых, хто ў Вялікую Айчынную вайну, калі па справядлівасці разабрацца, меў няшчасце не па сваёй волі трапіць немцам у лапы, як мне расказваў у свой час адзін з палонных, які разам з дзесяткамі тысяч трапіў у нямецкі лагер для палонных, калі адыходзіла  наша войска  ў пачатку вайны паабапал шашы ад Брэста ў бок Мінска.

    Адступалі мы вялікім натоўпам, — працягваў мой суразмоўца, — не маючы пры сабе  нават вінтоўкі і патронаў. Адна вінтоўка Мосіна ўзору 1891 года была на два-тры чалавекі. І з ёю патрэбна  было выступіць супраць варожых танкаў, супраць нямецкіх мінамётаў, мінамётаў і гармат ўсіх калібраў, якія ўжо перамяшчаліся пры дапамозе механічнай цягі. А ў нас што было?

Немцы нашых засталі з разабранымі супрацьтанкавымі  гарматамі, якія перасоўваліся пры дапамозе цяглавай сілы або ўручную. Мудрым правадыром і настаўнікам  былі да таго часу  вынішчаны  вопытныя камандзіры, а на іх месцы ў спешцы былі пастаўлены  людзі безаблічныя і бесхрыбетныя, праўда, не зусім  усе. Але ж у нашым выпадку вялізны натоўп людзей не было каму вопытнаму  ўзначаліць. І нас акружылі з усіх бакоў, прымусілі пакідаць нашы вінтоўкі ўзору Мосіна 1891 года, і як статак жывёлін завярнулі ў зваротным напрамку і пад прымусам пагналі на Захад.

Па дарозе параненых  і знясіленых канваіры расстрэльвалі адразу, каб не заміналі ім. На тэрыторыі Польшчы, каля Бяла-Падляска, немцы загналі нас палонных на чыстае поле, дзе быў ужо падрыхтаваны  вялізны лагер, адлегласць якога  цягнулася адзін кіламетр у даўжыню і ў шырыню. Усё гэта было абгароджана трохмятровай  сцяной з калючага дроту, а наверсе парабілі засекі. Па ўсім перыметры агароджы паставілі вартаўнічыя вежы з  кулямётамі і пражэктарамі, а ў дратах пусцілі электрычны ток.

Ні будынкаў, ні зямлянак за агароджай не было, не дазвалялася  нашым салдатам капаць ямы-схованкі на тэрыторыі лагера. Няшчасныя нашы палонныя — у гімнасцёрачках, зрэдку хто ў шынялі— чакалі свайго канца пад адкрытым небам — у дождж, а пазней — і ў снег.

У першыя ж дні палону вывелі за вароты невялічкую групу людзей і прымусілі іх капаць роў, не хаваючы ад палонных, для чаго ён паслужыць.

У гэты роў амаль штодня ахоўнікі спіхвалі многіх палонных — проста жартавалі і расстрэльвалі іх. Нават утварылі для сябе такую забаву: выводзілі дзесяць рускіх і дзесяць яўрэяў, давалі рускім зброю (вінтоўку і дзін патрон), каб яны стралялі ў яўрэяў. Калі тыя адмаўляліся — рабілі наадварот — і з гэтага вартавыя пацяшаліся.

Кожны з ахоўнікаў імкнуўся да таго, каб хутчэй і больш  знішчыць ваеннапалонных і пайсці на перадавую, каб паспытаць ап’яняючую асалоду пераможцаў. Паколькі Гебельс трубіў на ўсю глотку аб трыумфальным паходзе непераможных нямецкіх часцей. І лагернай ахове не цярпелася далучыцца да сваіх войск. А яшчэ кіраваліся немцы спецыяльным Загадам Берліна, дзе ўказвалася, што ўсё яўрэйскае і цыганскае насельніцтва на захопленай тэрыторыі павінна быць знішчана. Знішчыць планавалася  таксама і 75 працэнтаў беларускага насельніцтва. Для рэйха хопіць і 25 працэнтаў беларусаў. Асабліва быў папярэджаны Гітлерам у гэтым кірунку гаўляйтар Вільгельм Кубэ, калі адсылаў ён яго ў Беларусь.

… Праз колькі дзён на тэрыторыі лагера нельга было ўжо знайсці ні адной травінкі, ні карэньчыка, ні лісточка. Паступова паварылі ўсе рамяні, скураныя часткі абутку і нават капыты дохлых коней і быдла, якое знаходзілі ў ямах, якія ўжо ім дазволілі капаць на тэрыторыі лагера, каб схавацца ад дажджу і снегу. Адзін чарпачок баланды прыходзіўся на аднаго чалавека ў суткі. Тыя ваеннапалонныя, якіх іншы раз адпраўлялі на работы ў горад, прыносілі з сабою нейкія прадукты харчавання, дзяліліся з другімі. А хто працаваў на дарогах, прыносіў з сабою лісце дрэў, траву, карэнні, якімі таксама  дзяліліся з іншымі.

Роў паступова запаўняўся і запаўняўся трупамі. Немцы іншы раз кідалі за драцяную агароджу сапсаваную агародніну, нейкія кавалкі прытухлага мяса, невядома было з чаго або каго яно. Няшчасныя выпаўзалі са сваіх абжытых нораў, ям,  бярлог і ўмомант накідваліся на ўсё гэтае; збіваліся ў вялікія шматтысячны натоўп. Немцы  назіралі за ўсім гэтым праз калючы дрот і цешыліся. А калі бачылі, што палонныя штосьці не падзялілі, ускідвалі аўтаматы ды пасылалі чэргі ў суцэльную масу звар’яцелых ад голаду людзей.

Агульная яма  зноў  папаўнялася сотнямі забітых, параненых. Яны былі непатрэбны нікому, у гэтым лагеры  фашысты імкнуліся да таго, каб усе да аднаго вязлі сканалі ад голаду. У іх гэта атрымоўвалася нядрэнна.

    Але ж канчаткова згаладнелыя чалавечыя істоты, трацячы ўсялякія нормы  людскіх паводзін, напрыканцы свайго існавання, знаходзяць у сабе нейкія  сілы, каб паспрабаваць змагацца за сваё жыццё. Гэта і адбылося ў лагеры каля Бяла-Падляска,  — з сумам працягваў мой суразмоўца.  — Людскія цені аднойчы знайшлі ў сабе сілы на спантанны бунт. У адзін момант з усіх куткоў лагера вязлі, трымаючы падрыхтаваныя для гэтага выпадку коўдры, анучы, дошкі,  у замызганых шынеліках ці ў падраных і гнілых гімнасцёрках, з адчайным крыкам  “Ура-а-а!!!” рынуліся на драты.

Жывы людскі вал умомант абляпіў агароджу. Усе стараліся хутчэй выбрацца на волю.

З вышак запусцілі ракеты. Затым з чатырох бакоў па жывой і шчыльнай людской масе секанулі кулямёты.

Многіх, каму удалося пакінуць лагер, уцячы з гэтага аду, высачылі потым сабакамі і вярнулі назад. Толькі зусім невялікай колькасці вязняў удалося ўцячы: перайсці на тэрыторыю Беларусі. Але ж і там іх чакаў арышт. Пасля гэтай ночы роў забітых быў перапоўнены, пачалі капаць новы і сцягваць туды свежыя трупы. Сцягвалі з лагера і з-за платоў. З поля і лесу не валаклі, іх стачылі чэрві…

Гісторыя не данесла, колькі дакладна палонных загінула ў першыя месяцы  акупацыі, а на 10 жніўня 1941 года налічвалася  іх у гэтым лагеры каля Бяла-Падляска каля 80 тысяч чалавек. Пакуты палонных, цярпенне  не параўнаць з бытам на фронце, у партызанах ці ў тыле. Народы свету праяўлялі да такіх пашану, міласэрнасць, а тым, хто ўцёк з палону, давалі медалі і тытулы, як за подзвігі на перадавой.

У нас жа атрымалася ўсё наадварот. Тым, хто нейкім цудам перажыў лагер у Бяла-Падлясцы, крыўдныя абвінавачванні труцілі потым яшчэ рэшткі і так цяжкіх дзён. Былыя нявольнікі, хто трапіў да немцаў, па страшнаму загаду за нумарам 227, станавіліся здраднікамі Радзімы—падлягалі рэпрэсіі самі і іх сем’і.

Адразу ж іх адпраўлялі  на шахты і руднікі, у Сібір на лесараспрацоўкі. І зноў аказваліся яны ў палоне, праўда, ужо сваім палоне. Лічыліся яны ворагамі народа, былі пазбаўлены воінскіх званняў і ўзнагарод.

Дык у чым жа віна гэтых гаротных людзей? Хіба віна іх, што мелі яны спутаныя рукі і ногі, спутаныя душы? Як і гэтыя ў нашым выпадку, якмя каналі ў смяротным лагеры каля Бяла-Падляскі, агорнутыя самай страшнай  бядой, якія магла напаткаюць мужчыну на яго жыццёвым шляху, —   адчуванне поўнай бездапаможнасці і бяссілля.

І не трэба забываць, што кожны з няшчасных, якія апынуліся ў нямецкім палоне смерці, любіў, змагаўся, цярпеў, радаваўся. І ўсё гэта ў яго  згасла раптоўна. Пагаслі жывыя цяпельцы двухногай істоты, а зрабілі з ёю гэта тыя, каму ўніжаць другога, расстрэльваць, заціскаць пятлю на шыі чалавека, жывым у агонь кідаць гэтак жа натуральна, як для нас — маніпуліраваць гальштукам.

Вось такія  маніпуляцыі гітлераўцамі і праводзіліся не толькі ў Бяла-Падлясцы, дзе загінулі сотні тысяч ваеннапалонных.  А колькі другіх  было такіх жа лагераў смерці па ўсёй Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і г. д., дзе забіты або змораны голадам нашы салдаты і мірныя жыхары? Незлічоная колькасць. І ў дадатак да ўсяго нашы людзі ад Архангельска, Карэліі, Ленінграда, Масквы, Сталінграда, Каўказа і аж да Варшавы, Берліна, Прагі і Бялграда густа ўслалі зямлю касцямі, і менавіта таму рэшта іх, савецкіх людзей, дачакалася так жаданай Перамогі над фашысцкай Германіяй.

Анатоль КАШЭВІЧ,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: