бой

У сакавіку бягучага года жыхары Глушкавіч адзначаюць 70-ю гадавіну вызвалення сваёй вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па дадзеных журнала баявых дзеянняў 58-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 16-ай гвардзейскай кавалерыйскай Чарнігаўскай дывізіі з 7-га гвардзейскага Чырвонасцяжнага кавалерыйскага Брандэнбургскага корпуса, раніцай 7 сакавіка 1944 года ў Глушкавічы першымі ўступілі чырвонаармейцы названага палка. За перадавым палком праз вёску рушылі на захад і іншыя часці Брандэнбургскага корпуса, а ўслед за імі — часці 2-га гвардзейскага кавалерыйскага Памеранскага корпуса. Такім чынам, Глушкавічы сталі апошнім населеным пунктам раёна, які сустрэў савецкіх воінаў-вызваліцеляў.

 бой

Але гэта было потым. Доўгачаканаму вызваленню папярэднічалі болш чым два з паловай гады ўпартай, напружанай барацьбы з ненавісным ворагам, напоўненыя жахамі, адчаем і ахвярамі, якія толькі можа прынесці вайна.

У ноч на 24 снежня 1942 года, як толькі каўпакаўцы пасля 26-дзённага прыпынку пакінулі Глушкавічы, у вёску ўварваліся фашысты. На працягу трох сутак здзекаваліся гітлераўцы над мясцовымі жыхарамі, якія засталіся ў вёсцы або вярнуліся з лесу. Напрыклад, 45-гадоваму Рыгору Шведу адрэзалі вушы, выламалі, а потым адрэзалі пальцы на руках і нагах, садралі скуру, рэзалі цела на спіне, адрэзалі язык і яшчэ жывога кінулі ў агонь. 45-гадовую Феадосію Гапановіч і 52-гадовую Ясенію Бурым зрэзалі нажамі, білі камянямі і палкамі, а потым зняможаных і яшчэ жывымі закапалі ў зямлю. 22-гадовых Праскоўю Бурым і Тэклю Бурым гітлераўцы спачатку згвалтавалі, затым ледзь жывых насадзілі на калы і расстралялі.

Пад вечар 26 снежня немцы сагналі застаўшыхся жыхароў у некалькі адрын і спалілі. Вёска гарэла ўсю ноч. З 365 хат, царквы і іншых дзяржаўных і калгасных пабудоў засталася адна хата, што стаяла на ўскраіне вёскі. Па абагуленых архіўных дадзеных і спісах, якія збіралі настаўнікі і вучні мясцовай школы, тады ў вёсцы загінула звыш 400 мірных жыхароў.

31 снежня 1942 года ў Глушкавічы прыбыў Лельчыцкі партызанскі атрад, і ўжо на наступны дзень было вырашана стварыць мясцовую партызанскую групу самаабароны. Камандзірам быў прызначаны Міна Піліпавіч Коваль, палітруком — Самсон Карпавіч Кавалевіч.

Вось што пісаў пра гэтую групу начальнік штаба злучэння Каўпака Рыгор Базыма: “У Лельчыцкім раёне дзейнічаў мясцовы атрад Ліна і Коласа, а таксама партызанская група Коваля, якая складалася з жыхароў лясных куранёў. Група Коваля трымала заслон на паўднёвых шляхах да Лельчыцкага раёна. Варта было паказацца дзесьці на шляху карнаму атраду, як па ўсіх куранях ужо ведалі пра гэта і былі гатовы прыняць неабходныя захады. Група самаабароны і сам камандзір карысталіся сярод жыхароў вялікім даверам і аўтарытэтам”.

Вясной 1943 года група разам з атрадам імя Кутузава прымала ўдзел у разгроме варожых суднаў на Прыпяці. Але сур’ёзнае выпрабаванне выпала на яе ў час летняй блакады, калі малалікая брыгада здолела знішчыць у Глушкавічах і Мілашавічах 17 гітлераўцаў і вывела са строю нямецкую легкавую машыну. Сумесна з іншымі атрадамі байцы групы ўдзельнічалі ў засадах на дарозе Мілашавічы — Баравое — Маркоўскае.

У складзе Лельчыцкай брыгады партызаны групы ўдзельнічалі і ў “рэйкавай вайне” на чыгунцы Мазыр — Оўруч у раёне Ельска. 22 кастрычніка 1943 года на базе партызанскіх груп вёсак Глушкавічы, Мілашавічы і Баравое быў створаны партызанскі атрад імя Варашылава, у якім знаходзілася каля 70 глушкаўчан. Асабліва атрад вылучыцца ў час баёў сумесна з чырвонаармейцамі за вызваленне раёна ў пачатку 1944 года. Тады ж у Ветвіцы загіне камандзір атрада Гаўрыл Васільевіч Федаровіч, адзін з адважных камандзіраў у Лельчыцкай брыгадзе. Байцы атрада знішчаць 50 гітлераўцаў, 3 аўтамашыны і ўзарвуць13 прасёлачных мастоў, выведуць са строю 200 метраў сувязі. 10 лютага 1944 года атрад імя Варашылава будзе расфарміраваны.

У 1943 годзе Глушкавічы сталі варотамі партызанскага краю, праз якія на поўдзень і захад у свае гераічныя рэйды пайшлі партызаны Ровенскай, Жытомірскай, Каменец-Падольскай, Вінніцкай абласцей, 1-е і 2-е малдаўскія злучэнні, польскія — Роберта Сатаноўскага і Куніцкага, іншыя атрады і групы. Прыпыняўся тут і славацкі атрад Яна Налепкі. Адсюль у свой славуты Карпацкі рэйд выйшла і злучэнне Каўпака…

6 сакавіка 1944 года, увечары, пасля 28-кіламетровага марша на подступах да Глушкавіч, у паўтара кіламетрах ад вёскі, прыпыніўся 58-мы гвардзейскі полк пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза палкоўніка Тагіра Таіпавіча Кусімава. А раніцай 7 сакавіка полк, перайшоўшы грэблю, уступіў у Глушкавічы, удзень перасёк былую савецка-польскую граніцу і рушыў далей на захад. За ім пайшлі іншыя часці 16-ай гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі, у якой ваявалі 76 Герояў Савецкага Саюза. З боку Букчы следам пайшлі часці 14-ай гвардзейскай, а з боку Мілашавіч – 15-ай гвардзейскай кавалерыйскіх дывізій з іншымі часцямі 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса.

Уладзімір ЗУБРЭЙ, Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Ответить

Войти с помощью: