беларусь экспо, лельчицы, астана

Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты “Светлае жыццё”! Піша да вас з далёкай Астаны ваш блізкі зямляк Анатоль Лісіцкі.

беларусь экспо, лельчицы, астана

Нарадзіўся я ў вёсцы Тартак у 1951 годзе. Вучыўся з 1957 года ў Тартацкай пачатковай, потым у Бараўской васьмігадовай школах да сакавіка 1965 года. З дзяцінства палюбіў свае родныя мясціны, гэты казачны, цудоўны край. Вельмі любіў спяваць. Яшчэ ў Тартаку навучыўся граць на гармоніку, баяне, потым на гітары. Успамінаю сваіх сяброў, настаўнікаў. І ніколі не забуду Дусю Сініцкую — прыгожую, вясёлую дзяўчынку, якая з маленства паланіла маё чыстае дзіцячае сэрца. Яна так хораша спявала і сама была, як наша дзіўная палеская прырода. Мы сумесна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці школы, ездзілі спяваць па нашых палескіх вёсках. Спявалі нават у Лельчыцах.

Але ж, на вялікі жаль, у сакавіку 1965 года па запрашэнню сваякоў наша сям’я пераехала ў Казахстан, дзе я скончыў сярэднюю школу, год працаваў баяністам у сельскім клубе, у дзіцячым садзе. Потым паступіў у Цалінаградскі дзяржаўны педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. На музычны факультэт мяне не прынялі — не было музычнай адукацыі, я — самавучка. Але ж з баянам і гітарай развітвацца не было і думкі. Сярод студэнтаў таленавітых было шмат, мы стварылі сваю мастацкую самадзейнасць, таксама “вандравалі” па аулам, раёнам.

На летніх канікулах многія з нас не адпачывалі , а ўдзельнічалі ў будаўніцтве (студенческие строительные отряды — ССО-69, ССО-70, ССО-71). Быў камісарам, затым камандзірам ССО-71 “Электрон”, калі было землетрасенне ў горадзе Джамбуле ў 1971 годзе (дзевяць балаў).

Але ж самая знамянальная пара ў маім студэнцкім жыцці, калі ў 1970 годзе мяне запрасілі ехаць у якасці баяніста на турцягніку “Казахстан” па гарадах-героях.

Пасля інстытута працаваў у розных мясцінах Казахстана. Яшчэ тры гады на Сахаліне (па вярбоўцы). Працаваў намеснікам дырэктара ў прафтэхадукацыі, інспектарам.

Сямейнае жыццё не склалася. Развітаўся з жонкай у 1985 годзе, але жыў каля дзяцей. Дапамог выхаваць іх, атрымаць вышэйшую адукацыю. Цяпер ў дачкі і сына сваё сямейнае жыццё. Яны пражываюць далёка ад мяне, у Расіі.

Зараз жыву ў горадзе Астане на мізэрнай пенсіі, хаця працоўны стаж мой – 43 гады.

Удзельнічаю ў беларускім этнакультурным аб’яднанні “Радзіма”, у якім спявае наш ансамбль “Вясёлка”.  Я яшчэ трохі складаю вершы на беларускай і рускай мовах. Аддрукаваць іх у Астане немагчыма, бо яны на беларускай мове. Тады ў мяне з’явілася думка паслаць мае вершы туды, дзе я нарадзіўся і дзе пражыў 14 гадоў, з надзеяй, што яны вас зацікавяць. І, можа, які-небудзь надрукуеце. Тады я буду вельмі вам ўдзячны.

Я даўно жыву далёка ад роднага Палесся, але сувязь з Бацькаўшчынай адчуваю заўсёды. За ўсё жыццё ў Беларусі пабываў толькі два разы: калі служыў у Асіповічах (1973-1974 гг.), ды калі прыязджаў да дзядзькі ў госці ў 1975 годзе. А як бы хацелася хоць раз перад смерцю наведаць свае родныя, мілыя сэрцу куточкі маёй Айчыны.

Радні ў родным краі амаль што няма. Можа, яшчэ жывая цётка — Ліпская Марыя Браніславаўна, якая пражывала ў Лельчыцах. Апошняе пісьмо мы ад яе атрымалі ў 2000 годзе, тады яна прыслала артыкул Ніны Падольскай “Не згаснуць промні яе таленту” аб Стасенка Еўдакіі Антонаўне. Шлю да вас цёплае, сардэчнае прывітанне ад удзельнікаў нашага ансамбля. Прапаную сябраваць нават на адлегласці.

Анатоль ЛІСІЦКІ,

Астана.     

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: