зуевич светлана

Святлана Зуевіч — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сіманіцкай сярэдняй школы. Яе працоўны стаж — 24 гады. Гэта творчы, ініцыятыўны педагог, сціплы, ветлівы, добразычлівы чалавек. Святлана Мікалаеўна любіць сваю прафесію, з цеплынёй і павагай адносіцца да вучняў. У ёй гарманічна спалучаюцца дабрата і патрабавальнасць.

зуевич светлана

Педагог з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў гуманітарнага цыклу, школьным трэнерам па падрыхтоўцы да алімпіяд і тэсціравання. Вучні Святланы Зуевіч з году ў год паказваюць выдатныя вынікі на розных конкурсах, раённых і абласных алімпіядах. Многія з іх пайшлі па стапах свайго педагога. Адна з лепшых вучаніц школы, якая першай прынесла ёй Дыплом І ступені на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, — Святлана Барысавец — праз два гады стане настаўніцай беларускай мовы і пачатковых класаў. У прошлым навучальным годзе вучаніца 11 класа Таццяна Хвацік атрымала Дыплом ІІ ступені на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Пры паступленні яна пацвердзіла свае трывалыя веды і атрымала 100-бальны сертыфікат на ЦТ па беларускай мове. Гэта першы ў раёне вынік такога ўзроўню за ўвесь перыяд правядзення тэсціравання.

— Лічу, што гэта заслуга ўсяго калектыву школы, усіх настаўнікаў, якія працавалі з Таццянай Хвацік, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — Шмат займалася з ёй і сарыентавала на вывучэнне беларускай мовы першая настаўніца Валянціна Якаўлеўна Цалка. Вынік сумесных намаганняў — Дыплом ІІІ ступені на абласной алімпіядзе ў 4 класе. Потым з адоранай дзяўчынкай працу прадоўжылі настаўніцы беларускай мовы Наталля Адамаўна Цішкоўская і Ніна Іванаўна Зуевіч. Гэта таксама дало плён. Таццяна стала пераможцай абласной алімпіяды і атрымала Дыплом І ступені ў 9 і 10 класах. Наша з Таццянай праца была скіравана на падрыхтоўку да тэсціравання і дала выдатны вынік —  стобальны сертыфікат па беларускай мове.  У цяперашні час Таццяна Хвацік — студэнтка гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. І ўжо ёсць у школе яе дастойныя прадаўжальнікі — Варвара Федаровіч у мінулым навучальным годзе атрымала Дыплом ІІІ ступені на абласной алімпіядзе па беларускай мове. Дзяўчынка вельмі старанная, і я думаю, усё ў яе атрымаецца, як і ў Тані.

А самае галоўнае для мяне — падтрымка калег, кіраўніцтва школы, бацькоў, даверлівыя і шчырыя адносіны з вучнямі. Мы ўсе працуем адной камандай, у адным накірунку, у нас добры падмурак ведаў даюць настаўнікі пачатковых класаў. І сумесная праца дае свой добры вынік.

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня настаўніка мы шчыра віншуем Святлану Зуевіч і жадаем ёй моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў і плёну у яе высакароднай працы, удзячных вучняў.

Святлана ЛІПСКАЯ.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: