якуб колос

Могуць кнігу вар’яты спаліць,

могуць знішчыць злачынцы твой дом,

але песня твая будзе жыць;

тваю песню не спаліш агнём.

                   М. Машара

У кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць мастакі слова, дзейнасць якіх з’яўляецца сімвалам усяго самага лепшага і высакароднага, да чаго ўзняўся народ на пэўнай ступені свайго гістарычнага развіцця. Адначасова гэта дзейнасць з’яўляецца носьбітам агульначалавечых прынцыпаў і якасцей, нагадваючы крыніцу магутнага святла, промні якога разыходзяцца ва ўсе бакі і асвятляюць шлях наперад многім пакаленням людзей. У нашай літаратуры такім мастаком слова стаў Якуб Колас.

якуб колос

Пра тое, кім з’яўляецца класік беларускай літаратуры для нашай нацыі і яе духоўнасці, можна гаварыць бясконца. Але ўсё створанае ім найперш вызначаецца галоўным – ён здолеў паказаць нам узнёслае ў зямным, святое ў будзённым, прыгожае ў звычайным так, як да яго і пасля яго гэтага не здолеў ніхто іншы. Талент Якуба Коласа выключны і фенаменальны і таму непадуладны ніякаму спасціжэнню розумам. А вось адданасць яго свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная і выяўлена найперш у такія жудасныя моманты гісторыя, як Вялікая Айчынная вайна.

Творы Якуба Коласа перыяду ваеннага ліхалецця – даволі значная частка літаратурнай спадчыны беларускага песняра. На трагічныя падзеі, выкліканыя вайной, на гераічную барацьбу Чырвонай Арміі, на шырокі партызанскі рух беларускага народа супраць акупантаў Якуб Колас адгукаўся мастацкім словам. Гэта было вострае, палымянае публіцыстычнае слова, з дапамогай якога пісьменнік услаўляў мужнасць і гераізм савецкіх воінаў і народных мсціўцаў, працаўнікоў тылу, мудра павучаў, што кожны павінен не шкадаваць сіл, каб хутчэй наблізіць перамогу.

Запытай ты сябе, чалавеча:

Што зрабіў для айчыны, ці многа?

І які ўзяў цяжар ты на плечы,

Каб наблізіць наш час перамогі?

Няхай сэрца тваё і сумленне

Знаць не будуць ніколі спакою,

Покі сее смерць і разбурэнне

Чорны вораг крывавай рукою.

Разам з тым з-пад пяра мастака слова выходзілі і лірычныя вершы, прасякнутыя глыбокім роздумам аб роднай беларускай зямлі, знявечанай і зруйнаванай чужынцамі. Яркім прыкладам можа служыць верш “Голас зямлі”. Сустрэча Новага года ў цяжкіх умовах вайны, нярадасныя весткі з франтоў, з заняволенай чужынцамі роднай зямлі выклікалі ў душы паэта глыбокі сум і горыч, моцна ранілі сэрца. Якуб Колас разам з усім народам перажываў гэтыя пакуты; яны ўяўляліся такімі вялікімі, што ён чуў іх у шуме дуброў і стогне пушчаў, усхліпах рэк і плачы крыніц. З прачулымі словамі звяртаецца аўтар да беларускага народа і любімага краю, суцяшае тым, што нядоўгі будзе гэты пастылы палон:

О, каб я меў такія рукі,

Зямля, абняў бы я цябе,

Каб сцішыць гора тваё, мукі

І сілу даць у барацьбе.

У самы цяжкі час адступлення савецкіх войск народны паэт верыў у перамогу над фашызмам, у вызваленне блізкага сэрцу роднага краю. Восенню 1941 года з’явіўся верш “Абаронца роднай зямлі”, прасякнуты гэтай светлай надзеяй:

Байцы-сыны, сябры, браты!

Мы выпаўнім наш доўг святы

І над раскутаю зямлёй

Узыдзем яснаю зарой.

Часта ў творах беларускага песняра ў гэты перыяд увасабленнем народнага духу, сімвалам народа з’яўляецца прырода. Так, назва паэмы Якуба Коласа “Суд у лесе” падкрэслівае не толькі галоўную падзею, апісаную ў творы, − суд над карнікам-немцам. Суд адбываецца ў лесе не выпадкова. Слова “лес” абазначае не толькі месца дзеяння. Эмацыянальны і сэнсавы змест гэтага слова шырэйшы. Гэта – родны край, родны народ. Суд у лесе – гэта суд народа.

Важная асаблівасць многіх твораў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, асабліва першых ваенных гадоў, − агульны паказ герояў-воінаў. Пазбаўленыя індывідуальных рысаў, “ачышчаныя” ад малога і нязначнага ў характары, яны былі прадстаўнікамі народа-героя. Усё, што прама не ўзвялічвала вобраз, не гераізавала яго, адкідвалася, заставалася без увагі. Таму і псіхалогія подзвігу, псіхалогія ваеннага жыцця была вельмі агульнай, падобнай у многіх персанажаў. Гэтыя асаблівасці ўласцівы таксама паэмам Якуба Коласа “Суд у лесе” і “Адплата”. Станоўчыя героі абодвух твораў вельмі падобныя. Яны аднолькава дзейнічаюць і аднолькава думаюць.

Мастак слова стварае ў дадзены перыяд сваёй творчасці і публіцыстычныя артыкулы. Колас-публіцыст рашуча выкрывае дактрыну фашысцкіх ідэолагаў наконт вышэйшасці нямецкай расы і яе права на сусветнае панаванне: “Яны лічаць сябе народам вышэйшай пароды. Толькі ім панаваць, а ўсе іншыя павінны слугаваць ім, працаваць на іх. Гэта такі “новы парадак” нямецкага крывавага вырадка, людаеда Гітлера”.

Як палымяны патрыёт, верны сын народа, Якуб Колас гнеўна выкрываў у сваіх публіцыстычных творах і здраднікаў народа – фашысцкіх прыслужнікаў. Асабліва глыбокай агідай і нянавісцю да гэтых людзей, што страцілі чалавечае аблічча і прадалі сваё сумленне, прасякнуты артыкул “Здраднікі”: “Нямецкія грабежнікі, не спадзяючыся на свае сілы, адкопваюць на сметніках людскога бруду… праступнікаў і здраднікаў і розны белагвардзейскі ўгалоўны фуз, каб абаперціся на іх і паставіць на службу сабе іх блудлівыя вочы, іх сабачыя вушы і іх акрываўленыя ў народнай крыві рукі…”.

Пісьменнік верыў у перамогу над фашызмам, верыў у творчыя сілы народа, які смела ўступіў у барацьбу з ворагам. Творы Якуба Коласа прасякнуты гэтай верай. Яго паэзія і публіцыстыка, напісаныя ў гады ваеннага ліхалецця (1941−1945 гг.), не страцілі свайго эмацыянальнага ўздзеяння, пазнавальнага значэння, яны маюць вялікую каштоўнасць: раскрываюць перад чытачом не толькі цэлую галерэю падзей, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, але і перадаюць адвагу і стойкасць беларскага народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. А яго творы і сёння будуць гучаць як урокі гісторыі, якія мы ніколі не павінны забываць. “У вайну мы ваявалі са зброяй у руках, а сёння Памяць – наша зброя” (А. Адамовіч).

 Аспірантка ГДУ імя Ф. Скарыны

Наталля Богдан

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: