журавинка, ансаьбль, творчество

Прыгожы наш палескі край. Славіцца ён не толькі векавечнымі гаямі, барамі і дубравамі, бурлівымі рэкамі, ціхімі рачулкамі, маляўнічымі азёрамі. Не меншы гонар нашага краю, працавітыя і таленавітыя людзі, які ашчадна берагуць і памнажаюць культурныя здабыткі продкаў, заўсёды сябруюць з песняй.

журавинка, ансаьбль, творчество

Шмат сапраўды самабытных гуртоў мастацкай самадзейнасці ёсць у нашым раёне. Іх выканаўчае майстэрства па заслугах ацэнена не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.

Адзін з іх — заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Журавінка” Слабадскога сельскага Дома культуры. Яшчэ ў далёкія 40-я гады мінулага стагоддзя аднавяскоўцы аб’ядналіся ў гурток, куды ўвайшлі людзі, улюбёныя ў матывы роднага краю. І цяпер гучаць іх самабытныя песні пад вясёлы гармонік Рыгора Карася.

Па словах дырэктара Лельчыцкага раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тамары Некрашэвіч, “Журавінка” — калектыў з аўтэнтычнай манерай выканання, гэта значыць першапачатковай, без усялякіх апрацовак, спявае так, як калісьці спявалі нашы дзяды-бабкі. Выступленні ўключаюць у сябе песні, карагоды, танцы вяснова-летняга абрадавага календара. Адзенне артысты “Журавінкі” робяць сваімі рукамі на аснове этнічных мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці. Красуюцца на белых кашулях вышытыя палескія кветкі. Кожная спявачка ўклала ў свой касцюм майстэрства і душу.

Цяпер у “Журавінцы” трынаццаць артыстаў — адзінаццаць жанчын і двое мужчын. Да гэтага часу засталіся першыя ўдзельнікі гурта — дзве родныя сястры і дзве Марыі: Маркевіч і Забаўка, якім ужо каля васьмідзесяці гадоў. Любоў да песні яны пранеслі праз усё жыццё.

У кожнай спявачкі свае справы — усе трымаюць гаспадарку, але што б ні было, яны заўсёды знойдуць час, каб быць разам з калектывам.

З 2005 года ўзначальвае “Журавінку” Вольга Карась. Разам са сваім мужам Рыгорам, які грае на гармоніку, з’яўляюцца душою калектыву. Нарадзіўшыся ў спеўных сем’ях, яны з дзяцінства захапляюцца народнымі спевамі, звычаямі і традыцыямі. Па крупіцы збіраюць тую песенную спадчыну, якая засталася ад бабуль і маці, запісваюць і папаўняюць рэпертуар.

— Наш калектыў, — расказвае Вольга Карась, — выконвае сямейна-абрадавыя, вясельныя, рэкруцкія, радзінныя, каляндарна-земляробчыя песні, а таксама калядныя, купальскія, юр’еўскія, вяснавыя і летнія карагоды. З задавальненнем спяваем жартоўныя песні, частушкі, танцуем вельмі прыгожыя танцы нашых землякоў — “Цёмна ночка”, “Месяц”, “Карапэт”, “Каблучок”, “Качан”, “Матлёт”, “Нарэчаньку”.

“Журавінка” вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Яе выступленні нясуць задавальненне як артыстам, так і гледачам.

Геаграфія паездак шырокая: удзел ва ўсіх “Дажынках” — раённых, абласных, рэспубліканскіх; розных фестывалях.

У 2005-м годзе на Міжнародным фестывалі “Вянок дружбы”, які праходзіў у Бабруйску, калектыў узнагароджаны дыпломам і каштоўным падарункам.

Сапраўдным творчым узлётам “Журавінкі” стаў удзел у міжнародным фестывалі “Песні балот”, які праходзіў у 2011-м годзе ў Польшчы ў г. Люблін з праграмай “Абрады і карагоды” з цыкла беларускага календара.

Наогул 2011 год быў вельмі плённым для творчага калектыву. Ён прымаў удзел у рэгіянальнай кансультацыйнай сустрэчы экспертаў ЮНЕСКА з абрадам “Юр’я”. Сустрэча праходзіла ў Мінску. “Журавінка” неаднаразова ўзнагароджвалася Дыпломам першай ступені на раённым абрадавым кірамашы “З рога ўсяго многа”, а таксама раённым фестывалі творчасці пажылых людзей.

Сёлета калектыў стаў лаўрэатам пятага рэгіянальнага фестывалю песеннага мастацтва “Гэты дзіўны спеў — з глыбінь народных” у гонар нашага знакамітага земляка, народнага артыста Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча мастацтваў, мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага Акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага..

“Журавінка” ў мінулым годзе таксама ўдзельнічала ў адкрыцці трэцяга Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Зов Полесья”. Самадзейныя артысты калектыву прымалі ўдзел у тэлепраграмах “Раніца” і “Наперад у мінулае”.

І дзе б ні выступаў калектыў, усюды паказвае высокі прафесійны выканаўчы ўзровень, скарае гледачоў энергіяй і энтузіязмам, эмацыянальным напалам, чысцінёй і самабытнасцю. Гэта цудоўна, што наш імклівы час не загасіў у людзей іскрынку светлай любові да песні, жаданне прыносіць радасць людзям, радавацца і радаваць іншых, адраджаць свой каштоўны нацыянальны скарб.

Гэтай восенню за ўклад у захаванне, папулярызацыю фальклорнага песеннага мастацтва і прапаганду традыцыйнай культуры Лельчыцкага краю Лельчыцкі раённы Савет дэпутатаў узнагародзіў заслужаны аматарскі калектыў “Журавінка” Ганаровай граматай.

Безумоўна, самадзейныя артысты гэтага творчага калектыву яшчэ доўга будуць радаваць удзячных гледачоў сваімі цудоўнымі песнямі.

Няхай заўсёды над нашым палескім краем лунае родная песня.

Творчага натхнення вам, паважаныя землякі!

Ніна ПАДОЛЬСКАЯ.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

 

Творчы склад “Журавінкі”

Вольга Паўлаўна Карась

Рыгор Фёдаравіч Карась

Ніна Фёдараўна Сасноўская

Галіна Аляксееўна Акуліч

Марыя Халстаўна Забаўка

Яўгенія Іосіфаўна Забаўка

Уладзімір Васільевіч Забаўка

Марыя Халстаўна Маркевіч

Марыя Фёдараўна Палуянава

Таццяна Васільеўна Прыходзька

Марыя Якаўлеўна Сакалоўская

Ніна Васільеўна Шкарлінская

Таццяна Васільеўна Юнчыц

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: