костёл, рождество, католики

У слове сталася целем і жыло паміж намі

Евангелле паводле св. Яна 1.14

костёл, рождество, католики

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Каталіцкі пісьменнік Ніколас Гомез Давіла пісаў, што сучаснаму чалавеку няцяжка паверыць у Бога, а цяжка паверыць у тое, што мы для Яго нешта значым.

Пэўнага католіка акурат у часе святаў Божага Нараджэння напаткаў крызіс веры. Неяк ён не мог пагадзіцца з думкаю, што бясконца дасканалы і ўсемагутны Бог мог дазволіць, каб яго Сын нарадзіўся ў хляве сярод худобы ў такой бядоце, у якой не нараджаецца нават ніхто з людзей. Гісторыя аб Божым Нараджэнні яму здавалася толькі прыгожай, кранаючай сэрца казкай. Калі жонка з дзецьмі прасілі яго, каб пасля вігілійнай вячэры пайшоў з імі на святую імшу-пастэрку, ён спаслаўся на дрэннае адчуванне і застаўся ў доме сам. Лёг адпачываць, а калі заснуў, то збудзіў яго нейкі голас, што даносіўся знадворку. Хуценька ўстаў, лёгка апрануўся і выйшаў на дзядзінец, каб пабачыць, што там здарылася. Як высветлілася, — гэта дзікія гусі спынілі свой лёт і вырашылі адпачыць акурат на яго падворку. Ноч была вельмі марознай і гаспадару стала шкада змучаных, замёрзшых птушак. Ён адчыніў насцяж свой хлеў і пачаў заахвочваць гусей увайсці ўнутр, каб над дахам у сене крыху адпачыць і сагрэцца. Але ж як ён не стараўся , усё было дарэмна. Птушкі яго баяліся. Змарыўшыся сам, падумаў: “Калі б я мог стаць адной з гэтых птушак і прамовіць на іх мове, то, напэўна, мог пераканаць прыняць запрашэнне добразычлівага чалавека”. І, менавіта, тады пасвятлеў яго розум і прыйшло разуменне, што гэта Пан Бог паслаў яму гэтых гусей, каб развеяць ягоныя сумленні аб факце Божага Нараджэння. Ён зразумеў: навошта Сын Божы стаўся адным з нас…

Сапраўды можна гэтак сказаць, што другая асоба Найсвяцейшай Тройцы — Бог-Сын уцелавіўся і нарадзіўся з Найсвяцейшай Марыі Панны, каб магчы звярнуцца да людскога племяні моваю сыноў Адама і пераканаць нас — прыняць запрашэнне Нябеснага Айца пакінуць грэх і перайсці да жыцця ў ласцы Божай, каб пасля смерці ў вечнасці мы маглі атрымаць у спадчыну Нябеснае Валадарства.

Закончыўся пост — адвэнт, на працягу якога ў літургічных спевах мы паўтаралі за прарокам Ісаем: “Дайце нябёсы расы з  вышыняў, хмары спашліце Бога Місію”. Сёння ўжо заспяваем у нашых пастаралках, што ўсё здзейснілася: “Нарадзіўся, нам з’явіўся сярод ночы ў стайні Бог”.

Узнёслы настрой будзе панаваць на набажэнствах у касцёле і, канешне, у нашых сем’ях. Захаванне багатых традыцый да ўрачыстасці Божага Нараджэння дапаможа нам сапраўды па-святочнаму адчуць незвычайнае святло гэтых дзён. Аднак паміма ўсеагульнай радасці балючым рэхам у нашых сэрцах адгукаюцца словы святога Яна Апостала ў апошняй Евангеліі: “Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі”. Варта кожнаму католіку задацца пытаннем, ці гэты папрок Яна не датычыцца мяне, як я падрыхтаваўся да святаў, ці прыняў Езуса не абстрактна, не сентыментальна, а рэчаісна Жывога ў святой Камуніі пад Эўхарыстычнымі Постацямі Хлеба і Віна, ачысціўшы загадзя сваё сэрца ў таямніцы святой споведзі. “Езус нарадзіўся ў Бэтлеемскай стаянцы, бяда таму, у чыім Ён не нарадзіўся сэрцы”, — гаварыў Адам Міцкевіч.

У гэтыя святочныя дні, на жаль, за акном крыху не святочнае надвор’е. Асабліва дзеці, трымаючы санкі і лыжы нагатове, выглядаюць і чакаюць снегу. Няхай яго адсутнасць пакуль што кампенсуе бель аплатке, якім мы будзем дзяліцца за вігілійным сталом з нашымі блізкімі, і снежна-белая чысціня нашых душаў , абмытых найдаражэйшай Крывёю Пана Езуса.

Усім карафіянам, а таксама вернікам іншых хрысціянскіх супольнасцяў, якія адзначаюць свята Божага Нараджэння разам з намі ці пазней паводле юліянскага календара, жадаю супакою, абвешчанага Анёламі, і шчодрых Нябесных ласкаў ад Божага Дзіцяці! Шчаслівых і благаслаўлёных святаў!

Пробашч Рымска-Каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай і Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Лельчыцах ксёндз Вінцэнты Віталь МЫШОНА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Ответить

Войти с помощью: