Час ідзе, але ззяе той велічны подзвіг, салдат.

Дзень тваёй Перамогі — вялікае свята са свят.

Падрастаюць унукі, глядзяць са спадзеўкай на свет.

А ў кожнага ўнука — навечна праслаўлены дзед.

Набліжаецца вялікая дата — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. Не ўсе яе ўдзельнікі, ветэраны дажылі да гэтага дня. Не дажыў і наш бацька — Флёрка Павел Рыгоравіч.

Яму, франтавіку, воіну, ветэрану і проста цудоўнаму чалавеку прысвячаю свой артыкул. Аддаю дань павагі не толькі яму, але і ўсім ветэранам, хто каваў Вялікую Перамогу. Каб ведалі, каб помнілі…

Нарадзіўся наш бацька Павел Рыгоравіч 2 мая 1922 года ў вёсцы Ветвіца Лельчыцкага раёна. Сям’я (акрамя Паўла былі яшчэ два браты і сястра) рана засталася без бацькі, які быў рэпрэсіраваны (пасля рэабілітаваны). Таму дзяцінства выпала цяжкае, скупое на радасці. Бацька ўспамінаў, што прыходзілася пешшу хадзіць у Мазыр па хлеб. Калі пачалася вайна, яму было 19 гадоў. У Чырвоную Армію быў прызваны 12 ліпеня 1941 года. Разам з ім з раёна прызвалася чалавек 30, а вярнуліся жывымі ўсяго два-тры.

ветеран, вов, лельчицы, лельчицкий район

Прысягу прынялі 10 верасня 1941 года. Як успамінаў бацька, іх пасля перакінулі ў Расію пад горад Елец Арлоўскай вобласці, дзе была сфарміравана 5-я чыгуначная брыгада. Бацька любіў паўтараць, што застаўся жывы, дзякуючы свайму бацьку. І растлумачваў гэта так: “Адразу назвалі прозвішчы прызыўнікоў, якіх імгненна адправілі на перадавую. А тых, каго не назвалі, залічылі ў гэтую брыгаду і аставілі там. Гэта былі дзеці “ворагаў народа”, у каго былі бацькі рэпрэсіраваны. Ім не давяралі. Знайшліся такія, што захацелі адразу ўцячы, дызерціраваць. Звалі з сабою і мяне, але я наадрэз адмовіўся. Яны пайшлі ноччу, але хутка былі злоўлены і расстраляны”.

Спачатку бацька быў сувязным, а затым залічаны плотнікам у 10-ы асобны маставы батальён, дзе было каля тысячы салдат, якія добра валодалі сякерамі і іншымі прыладамі. Хутка гэты батальён быў перакінуты пад горад Ліўны, каб узводзіць чыгуначныя масты ў Варонежы, Рэчыцы, Мазыры,Чарнігаве, Гомелі, Канатопе, Оўручы, Кіеве.

Перада мною фотаздымак бацькі (мы так яго любім!) ля разгорнутага сцяга часці. Яго ўзнагародзілі “За самаадданую працу па развіццю чыгуначнага транспарту”. У надпісе на фотаздымку ўказаны прыказ №58 за подпісам начальніка штаба маёра Баскакава. Гэта была вельмі вялікая ўзнагарода.

З 1944 года ўзводзілі разбураныя масты ў Польшчы праз Віслу, у Германіі — праз Одэр.

Асабліва ўражвалі нас, дзяцей, расказы бацькі: “Працавалі не толькі ўдзень, але і ноччу на значнай вышыні. Наляцяць нямецкія самалёты — і мост разбураны. Адразу даюць каманду прыступаць да работы. Нямецкія самалёты вяртаюцца — і мост зноў разбураны. Салдаты падалі з вышыні прама ў ваду і гінулі. Гэта быў нябачны фронт”.

Перамогу бацька сустрэў у Германіі, у 60-ці кіламетрах ад Берліна. Ён ляжаў у той час у медсанбаце.

Дужа цікава было нам слухаць, калі ён расказваў пра Германію, як яны кармілі нямецкіх дзяцей кашай і супам са сваіх кацялкоў. Кацялка бацька прывёз і дадому, калі вярнуўся з вайны. Я добра памятаю, што на ім было нечым вострым нацарапана — 1941.

Пасля 1945 года Павел Рыгоравіч служыў на Далёкім Усходзе. Там ішла падрыхтоўка да баявых дзеянняў з Японіяй. Аж да 1948 года працаваў на ўзнаўленні чыгункі Паўночнага Урала. У гэтым жа годзе і дэмабілізаваўся.

Трымаю у руках яго ваенны білет за №0642357. На старонцы 9 запісаны яго дзяржаўныя ўзнагароды: медалі “За отвагу”, “За освобождение Варшавы”, “За победу над Германией”. Акрамя гэтага бацька мае 11 юбілейных медалёў і адзін ордэн Айчыннай вайны.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў свой раён, але ўжо ў вёску Берзавод, дзе жылі яго родныя цёткі, бо маці загінула ў Германіі, у канцлагеры. Мы, малыя, часта трымалі ў руках фотаздымак бабулі Ганны з нумарам на грудзях…

У 1948 годзе бацька ажаніўся на дзяўчыне з вёскі Крупка Ніне Арцёмаўне — нашай маці. Яна таксама была сіратой. Яе маці, а наша бабуля Кацярына памерла ад тыфу ў апошні месяц вайны, а дзед яшчэ да вайны быў таксама безпадстаўна рэпрэсіраваны.

ветеран, вов, лельчицы, лельчицкий район

Нашыя бацькі разжываліся цяжка, але пабудавалі невялікі дом, а пазней быў і другі, вялікі, прыгожы, які і цяпер стаіць у Крупцы. Выхавалі пяцёра дзяцей: тры дачкі і двух сыноў. Бацька быў майстар на ўсе рукі. Сам рабіў сталярку і не толькі для сябе, але і для жыхароў навакольных вёсак. Сам клаў грубкі, печы, рабіў бочкі, нават майстраваў нам лыжы, санкі, канькі — выразаўшы ўсё з дрэва. Так у жыцці спатрэбіліся навыкі работы з сякерай, набытыя ў гады вайны.

Мы заўсёды бачылі бацьку ў працы. Ніколі не чулі ад яго грубых слоў, не бачылі п’яным. Ён дазваляў сабе выпіць толькі ў свята ці на вяселлі. Таму мы ўсе пяцёра вучыліся добра, закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. У бацькоў нарадзілася васьмёра ўнукаў і тры праўнукі.

Бацька працаваў аб’ездчыкам, загадчыкам зернесклада, трыццаць гадоў — брыгадзірам паляводчай брыгады саўгаса “Буйнавічы”, быў камуністам.

Ён так любіў зямлю і працу на ёй! Ён і ўпаў з інсультам на калгасным полі, якое схадзіў сваімі нагамі сотні разоў. Перажыў маці на два гады. Неяк ён сказаў: “Я зрабіў на зямлі ўсё, што мог”.

У апошнія дні жыцця бацька я пачаставала яго грушамі з нашага крупянскага саду. Бацька толькі ўдыхнуў іх арамат і сказаў: “Як пахнуць яны нашым участкам!”

Вось за гэта і ваявалі нашы бацькі, дзяды, прадзеды! За куточак роднай зямелькі, за пах ігруш на сваім участку. Бо любоў да роднай зямлі — гэта і ёсць любоў да Радзімы. За гэта і аддалі яны свае жыцці.

Памёр бацька 24 верасня 2014 года на 92-м годзе жыцця. Яго лёс — прыклад для моладзі.

Жыві і помні чалавек, які ты на зямлі пакінеш след…

Наталля Паўлаўна ФІЦНЕР, вёска Буйнавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: