Скупыя, амаль дзённікавыя радкі. Сцісла, дакладна, сціпла. І, на жаль, вельмі мала. Такім ён быў, мой прадзед Фёдар Аляксеевіч Шычанін. Напэўна, адбітак наклаў і час, у якім ён жыў, і спецыфіка работы: нельга быць мнагаслоўным аператыўніку, следчаму. У іх свае сакрэты. Вось яго ўспаміны:

— Нарадзіўся 26 лютага 1916 года ў сяле Хапёрскае Балашоўскага раёна Саратаўскай вобласці, паходзіць з сялян. Да Вялікай Айчыннай вайны, да 1942 года,  жыў ва Уладзівастоку. У 1942 годзе накіравалі ў школу міліцыі г. Омска. Пасля заканчэння ў 1943 годзе ў чэрвені разам з усімі курсантамі Омскай школы быў накіраваны на Курскую дугу і разам з фронтам дайшоў да Петрыкава Палескай вобласці. З ліпеня 1944 года пражываў у Гомельскай вобласці.

Шичанин

У час знаходжання на фронце быў у аператыўнай групе МУС. Аператыўная група размяшчалася ў 2-м эшэлоне фронта і непасрэдна была звязана з контрразведкай вайсковых часцей. І выконвала задачу фронта.

Аператыўная група мела зносіны з насельніцтвам. Немцы скідвалі вялікую колькасць лістовак-зваротаў да людзей. Скідвалі міны-жучкі. Гэтыя міны ліквідавалі апергрупы: іх расстрэльвалі з вінтоўкі: метраў за 50 ад міны са спецыяльна вырытага акопчыка стралялі. Існаваў і другі спосаб: з розных вяровак рабілі пятлю і з укрыцця торгалі, каб міна ўзрывалася.

Аператыўная група затрымлівала нямецкіх разведчыкаў, спальвала лістоўкі. (Лістоўкі раскідвалі з італьянскіх самалётаў-разведчыкаў).

У Курску, калі ішла падрыхтоўка да наступлення, ваенныя эшалоны прыходзілі на станцыю ноччу. У гэты час паяўляліся нямецкія самалёты і бамбілі станцыю. Сталі выясняць прычыну. Аказалася, што на ўскраіне Курска быў размешчаны цагельны завод. У яго быў высокі дымавы комін. У гэтай трубе і адшукалі нямецкага ваеннага карэкціроўшчыка. У яго забралі рацыю і ліхтарык. Ён, бачыўшы, што прыбыў ваенны эшэлон, па рацыі  перадаваў свайму камандаванню, і паяўляліся самалёты. Ліквідавалі карэкціроўшчыка – і спынілася бамбёжка ў час прыбыцця ваенных эшэлонаў.

Каля Курска была пабудавана абарончая лінія ў некалькі абарончых ліній (месцамі да 12). Гэта ўмацаванне рабілі, каб не дапусціць прарыў нямецкіх войскаў, не пусціць іх углыб Расіі. На Курскай дузе была засяроджана моцная савецкая і нямецкая тэхніка. Упершыню на Курскай дузе паявіліся нямецкія танкі “тыгр” і артылерыйская самаходка “Фердынанд”. Гэта буйнейшая ваенная тэхніка гітлераўскіх войск.

Танк “тыгр”: вялізная каробка, меў на ўзбраенні буйнакаліберную пушку – 1-га і 4-га калібра і буйнакаліберныя кулямёты каля кожнай сценкі. Мог весці кругавы бой.

Падобнай была ўстаноўка “Фердынанд”. Лабавая браня 150 мм, бакавая – 10 мм. Савецкія артылерысты паражалі бранябойнымі снарадамі, прабівалі гэту браню. Былі пападанні снарадамі ў ствол.

На Курскай дузе пад Прохараўкай у час наступлення было самае буйное сражэнне з абодвух бакоў, дзе была знішчана вялікая колькасць нямецкай і савецкай тэхнікі. Але савецкая зброя аказалася мацнейшай, прарвала лінію абароны і пайшла ў наступленне. Чорны дым азакрыў сонца, стаяў гул.

Вызвалілі Белгарад 5 жніўня, Харкаў. У Белгарадзе ў 50 000 насельніцтва было 18 цэркваў. З іх уцалела 1 кладзбішчанская царква. Астатнія, размешчаныя па рацэ Севярны Данец, былі сбітыя, так як там знаходзіліся карэкціроўшчыкі.

У час знаходжання на фронце думаў, як і ўсе салдаты, пра адно: як хутчэй разграміць фашызм. Другіх думак у салдат не было.

Дзень Перамогі сустрэў у Тураве. Калі паведамілі пра Пермогу, салютавалі з рознай зброі. Гэта была вялікая радасць і для салдат, і для насельніцтва. У Тураве працаваў і  ў міліцыі, у Тураўскім РАУС. У Лельчыцы трапіў 2 мая 1946 года пераводам.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”. 1 лістапада 1963 года выйшаў на пенсію па выслузе.

Мой прадзед мала расказваў пра вайну, пра сябе на вайне. Ніколі не гаварыў пра подзвіг, пра геройства. Ён прайшоў, як і многія, выстаяў. Ён быў сярод абаронцаў. Ягонага імені няма ў кнізе “Памяць”. Але ўзнагароды не даваліся проста так.

Я толькі ведаю, што не павінна забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Павінна помніць аб вайне, гераізме і мужнасці майго прадзеда, які быў сярод тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму.

Крысціна КАЗАЧЭНКА,

студэнтка 1 курса БДТУ.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Ответить

Войти с помощью: