лельчицы, медведева, учительница, белорусский язык

Самае галоўнае ў чалавеку — дабрыня

Ёсць людзі, якія з цягам часу не мяняюцца знешне, здаецца, годы спыніліся, і яны, якімі былі ў маладосці, такімі застаюцца і праз тры і болей дзесяцігоддзяў. У чым тут прычына? Думаю, сакрэт вельмі просты: маладосць прадляюць дабрыня, чалавечнасць, уменне ладзіць з людзьмі, душэўная шчодрасць, пачуццё гумару.  Гэта ў поўнай меры адносіцца да ветэрана педагагічнай працы Святланы Мядзведзевай, якая больш за 50 гадоў свайго жыцця прысвяціла навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення ў нашым раёне.

лельчицы, медведева, учительница, белорусский язык

Плённая праца Святланы Аляксандраўны адзначана шматлікімі ўзнагародамі — ордэнам «Знак Пашаны», медалём «Ветэран працы», Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі БССР, абласнога і раённага аддзелаў адукацыі, нагрудным знакам «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва сярод педагогаў раёна». Святлане Мядзведзевай прысвоена званне «настаўнік-метадыст». Настаўніца прымала актыўны ўдзел у рэспубліканскіх педагагічных чытаннях і была неаднаразова адзначана Ганаровай граматай, у аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці. Яна не проста прысвяціла жыццё любімай працы, яна аддала ёй усю сябе поўнасцю.

Мне прыемна пісаць такія радкі двойчы, бо гэта мая настаўніца роднай мовы і літаратуры, якая прывівала ўсім сваім вучням любоў і павагу да матчынай мовы, такой сакавітай і мілагучнай, да нашай літаратурнай спадчыны, да культуры і традыцый беларускага народа, вучыла быць адказнымі і справядлівымі, сумленнымі і працавітымі, паважаць старэйшых, у кожным чалавеку перш за ўсё бачыць добрае, светлае, прыгожае, ніколі не адказваць у дапамозе людзям.

Углядаюся ў прыгожы твар Святланы Аляксандраўны, у яе светлыя, ясныя вочы. Яны свецяцца дабрынёю, а на вуснах — прыемная, шчырая ўсмешка. Мы пачынаем размову, павольна, калі-некалі спыняючыся, абдумваючы кожнае слова, мая суразмоўца адказвае на пытанні. Здаецца, слухаў бы і слухаў яе, бо так прыгожа гучыць з вуснаў маёй настаўніцы наша родная мова.

Святлана Аляксандраўна нарадзілася ў вёсцы Тульгавічы, што на Хойніччыне. Дзяўчынка вельмі добра вучылася, пераходзячы з класу ў клас з пахвальнымі граматамі. Калі Святлана скончыла тры класы, яе маці цяжка захварэла. Хвароба прыкавала да ложку на цэлых шэсць гадоў. Святлана Аляксандраўна да самых апошніх дзён яе жыцця праяўляла клопат аб гэтым самым блізкім і родным чалавеку. А бацька быў пакараны фашыстамі за сувязь з партызанамі і падпольную дзейнасць. Дзяўчынку, як круглую сірату, забралі ў Хойніцкі дзіцячы дом, дзе яна вучылася з чацвёртага па сёмы класы. Яшчэ з дзяцінства Святлана марыла стаць настаўніцай. Нягледзячы на тое, што рыхтавалі яе, як лепшую вучаніцу, для паступлення ў медыцынскі інстытут.

— Я вельмі жадала прадоўжыць справу майго бацькі, які быў настаўнікам пачатковых класаў, а таксама вёў біялогію, — гаворыць Святлана Мядзведзева. — Дарэчы, ён быў таленавітым чалавекам, граў на многіх музычных інструментах, быў душою кампаніі. Маці працавала бухгалтарам, але таксама мала дачыненне да школы, бо  вяла там гурткі. Дзяўчынка добра разумела, што настаўнік — гэта перш за ўсё адукаваны чалавек, таму вельмі цягнулася да ведаў, шмат чытала. І ў дзіцячым доме за выдатную вучобу прадаўжала атрымліваць пахвальныя граматы.

Пасля заканчэння сямігодкі Святлана паспяхова паступіла ў Мазырскае педвучылішча. Закончыла яго выдатна ў 1959 годзе і па накіраванню прыехала ў Лельчыцкі раён, дзе і працавала да выхаду на пенсію. Пачынала свой педагагічны шлях настаўніцай пачатковых класаў Бараўской васьмігодкі, пасля тры гады працавала ў Стадолічскай сярэдняй школе, таксама ў малодшых класах. Прадоўжыла настаўнічаць у лельчыцкай сярэдняй школе №2. Спачатку працавала выхавацелем групы падоўжанага дня, а з 1964 па 2006 гады — выкладала родную мову і літаратуру. Сем гадоў, ужо знаходзячыся на заслужаным адпачынку, была загадчыкам музею «Бацькоўская хата» і кіраўніком гуртка

«Мудрае слова народнае».  Завочна ў 1970 годзе Святлана Мядзведзева з чырвоным дыпломам скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці

«педагогіка пачатковага навучання», а ў 1980 годзе, таксама з чырвоным дыпломам, —гэтую ж вышэйшую ўстанову па спецыяльнасці «настаўнік беларускай мовы і літаратуры».

— А першы свой урок памятаеце? — задаю пытанне.

— Канешне, — адказвае Святлана Аляксандраўна. — Я вельмі дасканала рыхтавалася. Дарэчы, так было і потым, на працягу многіх гадоў. Першая сустрэча з першакласнікамі адбылася ў Бараўской школе. Дзеці глядзелі на мяне па-рознаму: хтосьці спалохана, іншыя — з усмешкай, насцярожана. Я ўсміхнулася, кожнага з 25 вучняў абвяла позіркам. Потым сказала, што буду вучыць іх пісаць, чытаць, лічыць. Размаўляла з дзецьмі па-добраму, з усмешкай. Час тады быў цяжкі, некаторыя вучні — фізічна слабыя. Разумеючы гэта, старалася падтрымаць кожнага, абнадзеіць. І яны мне даверыліся. Я гаварыла, што вучоба — гэта вялікая і адказная праца, але калі яны будуць стараннымі, то ўсё атрымаецца. Не ведаю, адкуль у іх бралася столькі дабрыні?..  Ва ўзаемаадносінах з дзецьмі, калектывам усё склалася добра. Калегі-настаўнікі заўсёды падтрымлівалі, не было зайздрасці, панавала цёплая і даверлівая атмасфера, вопытныя педагогі заўсёды давалі парады маладым настаўнікам, калі штосьці не атрымлівалася, то хваляваліся ўсе, і гатовы былі адразу прыйсці на дапамогу. Добры быў час, але цяжкі. Нават месца ў школе не хапала, і  мы займаліся ў наёмным памяшканні. Нягледзячы на праблемы, працаваць было цікава.

— Якія метады ўздзеяння на непаслухмяных вучняў вы выкарыстоўвалі?

— Галоўнае — не прынізіць пачуццё годнасці вучня, не пакрыўдзіць яго. Калі дзеці сябе дрэнна паводзілі, не выконвалі хатнія заданні, то я прасіла іх застацца пасля ўрокаў для гутаркі. Эфект быў заўсёды станоўчы. Задавала пытанне: «А калі б хто-небудзь іншы паводзіў сябе так, як ты, табе спадабалася б?». Адказ быў адмоўны, вучань заўсёды прасіў прабачэння. Пасля такой даверлівай размовы па душах заўсёды дзеці станавіліся паслухмянымі. А яшчэ для мяне заўсёды было важна ведаць, па якой прычыне вучань так сябе паводзіць. Іншы раз дрэнныя адносіны ў сям’і не лепшым чынам адбіваліся на вучобе дзяцей. Трэба паверыць у вучня, да кожнга падыходзіць індывідуальна, калі і рабіць заўвагу, то з дабром і вераю ў лепшае. Настаўнік павінен абдумаць кожнае сваё слова і ведаць, у які час яго сказаць. Гэтай мудрасці навучылі мяне самі дзеці. Вучняў патрэбна любіць, паважаць, разумець.

— Не заўсёды ўсё ішло гладка, былі і цяжкасці, і хваляванні. Многімі адкрытымі ўрокамі не была задаволена. Шмат аналізіравала. Калі настаўнік лічыць, што не дасягнуў усяго, што магчыма, то гэта і ёсць рух наперад. Дрэнны той настаўнік, які лічыць, што ў яго ўсё атрымалася добра. Тады не будзе ніякага развіцця, — дадае Святлана Мядзведзева. —Праблем з дысцыплінай не было. Ніколі не сядзела за сталом на ўроку, дзеці заўсёды былі перад вачыма. Калі дапускала памылку, то не саромелася і адразу прасіла прабачэння.

— А цікавы выпадак са школьнага жыцця памятаеце?

— Вось адзін з іх. Тады ў мяне на ўроку прысутнічаў завуч. А вучні нечакана задалі пытанне, на якое я не ведала адказу. Але, не падаўшы выгляду, прапанавала дзецям у якасці хатняга задання знайсці адказ на тое пытанне. І, канешне, сама заглянула ў энцыклапедыю і прыйшла на наступны ўрок з адказам на іх пытанне.

— У чым ваша мудрасць як настаўніка і чалавека?

— Патрэбна заўсёды разумець таго, з кім размаўляеш, быць стрыманым, праяўляць больш дабрыні, увагі адзін да аднаго. На першае месца ставіць ветлівасць, не павінна быць грубасці, абыякавасці ў адносінах паміж людзьмі. Жыццё наша кароткае і складанае. Трэба заўсёды падтрымаць чалавека ў цяжкую хвіліну. А ў сямейным жыцці многае залежыць ад жанчыны. Патрэбна з павагаю адносіцца да другой палавіны, дапамагаць адзін аднаму, падтрымліваць. Жанчына павінна быць мудрай, згладжваць канфлікты, штосьці не заўважыць, прамаўчаць.

Акрамя педагагічнай працы, Святлана Аляксандраўна актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. На працягу 20 гадоў узначальвала раённае грамадзянскае аб’яднанне

«Беларускі саюз жанчын», з 1982 па 1988 гады з’яўлялася дэпутатам сельскага Савета народных дэпутатаў. Шмат гадоў запар і цяпер Святлана Мядзведзева — пазаштатны карэспандэнт раённай газеты «Светлае жыццё». Яна напісала больш за 400 артыкулаў на розныя тэмы — маралі, выхавання падрастаючага пакалення, закранала ў сваіх публікацыях надзённыя праблемы нашага грамадства, пісала пра людзей працы, сумленных, шчырых, адкрытых. У газеце друкуюцца таксама і яе вершы.

Святлана Аляксандраўна з’яўляецца членам клуба «Здравушка», які створаны пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На працягу ўсяго жыцця любіць песню задушэўную, народную, сама цудоўна спявае. Гэтая любоў да песні перадалася ад бацькоў, якія таксама добра спявалі.

Святлана Мядзведзева — шчаслівая маці двух цудоўных сыноў. Яны ўжо дарослыя, самастойныя людзі, знайшлі сябе ў жыцці, маюць свае сем’і, але ніколі не забываюць пра самага блізкага і дарагога чалавека, тэлефануюць, прыязджаюць, дапамагаюць, заўсёды просяць парады ў розных жыццёвых абставінах, бо ведаюць, што кожная маці жадае сваім дзецям толькі дабра. Амаль 35 гадоў Святлана Аляксандраўна ідзе па жыцці з мужам Уладзімірам. Яны падтрымліваюць адзін аднаго, разам перажываюць радасныя і сумныя імгненні. З якой пяшчотай ў голасе Святлана Аляксандраўна гаворыць: «Мой Валодзька. Як я за яго хвалююся, ды і трымаюся сама, пакуль ён побач… ».

Святлана Аляксандраўна — чалавек творчы, няўрымслівы. Калі ёсць натхненне, калі гэтага патрабуе душа, піша вершы. Жанчына любіць кветкі, якія растуць і на падаконніку ў кватэры, і на невялікай клумбе каля дома, і лічыць, што яны робяць жыццё прыгажэйшым, зараджаюць добрай энергетыкай, аддаляюць ад усяго сумнага і негатыўнага. Чалавек адукаваны і начытаны, Святлана Аляксандраўна трэніруе памяць, разгадваючы красворды, валодае камп’ютарам, бо ўпэўнена, што патрэбна рухацца наперад, развівацца. Былы педагог лічыць, што ўсё ведаць немагчыма, ва ўсім патрэбна сумнявацца, таму яе верныя памочнікі — слоўнікі і дапаможнікі, якія заўсёды пад рукою і знаходзяцца ў яе багатай уласнай бібліятэцы.

Напрыканцы нашай гутаркі я запытала ў Святланы Мядзведзевай, якім прынцыпам яна карыстаецца ў жыцці. І атрымала такі адказ:

— У мяне абвостранае пачуццё справядлівасці. Няхай горкая, але праўда. Крэда майго жыцця — у любімых радках Пімена Панчанкі:

Мо бяда каму здушыла горла,

Можа, хтось не можа ўжо дыхнуць?

Не забудзь туды раней за гора

Хоць на дзве хвіліны заглянуць.

Святлана Аляксандраўна ганарыцца сваімі вучнямі, якія абралі самыя розныя прафесіі, некаторыя сталі, як і яна, настаўнікамі і прадоўжылі справу свайго педагога. Але самае галоўнае, лічыць Святлана Мядзведзева, — каб яны былі сапраўднымі людзьмі, добрымі, чулымі, сумленнымі. Бо гэта самае важнае ў нашым сённяшнім жыцці.

Тэкст і фота Святланы ЛІПСКАЙ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

1 КОММЕНТАРИЙ

Добавить комментарий

Войти с помощью: