лельчицкий район, обряд, купалье, липляны

З цудоўным настроем ехала на «Купалле» ў Ліпляны, бо ведала, што гэта адно з самых магічных і таямнічых святаў. Была ўпэўнена: наперадзе ўсіх чакала ноч сапраўдных цудаў. І не памылілася.

Свята адзначаецца ў гонар летняга сонцастаяння, калі прыродныя сілы дасягаюць свайго найвышэйшага росквіту. Абрады з вадой, травой і агнём з даўніх часоў праводзілі менавіта ў самую каротную купальскую ноч. Людзі верылі, што зёлкі і расліны, сабраныя на «Купалле», малі асаблівую лекавую моц што яны ў гэты час шэпчуцца паміж сабой, а жывёлы і птушкі — размаўляюць. А яшчэ кажуць, што купальскай раніцай сонца «грае», пераліваецца рознымі колерамі…

А тым часам ў цэнтр вёскі, да месца святочнага дзейства, спяшаліся не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія госці з суседніх вёсак, а таксама райцэнтра. Многія адпачывалі сем’ямі, падыходзіла, з’язджалася і моладзь. Паглядзець на свята прыйшлі таксама мамы з маленькімі дзецьмі, а людзі сталага ўзросту займалі свабодныя месцы на пляцоўцы.

Дух народнага гуляння адчуваўся яшчэ да пачатку асноўнага абрадавага дзеяння. На імправізаванай, па святочнаму прыбранай сцэне завяршаліся апошнія прыгатаванні, грала музыка, тут жа, побач, ішоў гандаль. Жадаючыя частаваліся шашыкамі, арамат якіх так і маніў да сябе, смачнымі блінамі, іншымі прысмакамі. Шмат чаго можна было набыць самым маленькім удзельнікам свята. Для іх забаў былі прадастаўлены і надуўныя горкі. Як кажуць, толькі весяліся, народ!

А тым часам змяркалася. Пачыналася самая цікавая частка «Купалля». Адзін з першых атрыбутаў — запрашэнне на свята — узялі на сябе вядучыя. Пад шчабятанне птушак усе перанесліся ў таямнічую краіну Прыроды, дзе панавалі дзве стыхіі — Вада і Агонь. У гэты момант удзельніцы народнага ансамбля «Вяснянка», без якога не абыходзіцца ні адно свята ў вёсцы, зацягнулі абрадавую песню «Ой, рана, на Івана…». Рознагалосы спеў жанчын кранаў за душу і, здаецца, разліваўся на ўсё наваколле. А дзяўчаты ў вяночках з палявых кветак у парах з хлопцамі выходзілі на сярэдзіну пляцоўкі, дзяўчынкі, таксама ў вяночках, сталі па абодва бакі. Усе — маладыя, прыгожыя, у святочным аддзенні. Яны разам пратанчылі абрадавы танец. Потым падышлі хлопцы з запаленымі факеламі. Гэта было так рамантычна! Дарэчы, агонь ў купальскую ноч мае асаблівую магічную сілу. Таму ўдзельнікі свята накіраваліся на ўзвышанае месца, дзе хлопцы з факеламі распалілі вогнішча. Усе дружна пачалі вакол яго вадзіць карагоды, весяліцца, жартаваць.

Вянок — асаблівы сімвал свята. Таму дзяўчаты пускалі вянкі на ваду і варажылі па іх руху. Па народным павер’і, нядобрым знакам было, калі вяночак тануў. Калі расплятаўся ці спыняўся на месцы — то гэта значыла, што ў бліжэйшы год дзяўчына не выйдзе замуж. А калі вянок плыў па рацэ, яго накіраванне падказвала, у якой старонцы будзе жыць будучы суджаны.

А тым часам агульнае свята прадаўжалася. Шмат прыемных хвілін падаравалі гледачам народны мужчынскі ансамбль народнай песні «Лель» раённага цэнтра культуры  і народнай творчасці, народны ансамбль «Вяснянка» і ўзорны дзіцячы гурт «Карагод» Ліплянскага СДК.  Сваімі музычнымі прывітаннямі радавалі прысутных і сольныя выканаўцы Ліплянскага сельскага Дома культуры і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Як ніколі, шмат жадаючых сабраў традыцыйны конкурс на лепшы вянок з палявых кветак. У кожнага ўдзельніка атрымаўся сапраўдны шэдэўр майстэрства! А пераможцай была прызнана Кацярына Паўлечка.

Пад дружны смех, весела, з жартамі праходзіў розыгрыш прызоў беспроігрышнай латарэі. Кожны яе ўдзельнік атрымаў падарунак на памяць, а тыя, каму пашчасціла болей, неслі дадаму мяшок камбікорму ці везлі цюк сена, дровы. Працавітым гаспадарам усё згадзіцца! А самыя трывалыя ў купальскую ноч танчылі да ранку пад адкрытым небам.

Ні адно «Купалле» не абыходзіцца без скокаў праз вогнішча — яны таксама маюць магічнае значэнне. Дзяўчаты і хлопцы прыгалі праз агонь па аднаму і парамі, такім чынам ачышчаючы сябе ад ўсяго негатыўнага, ад усялякіх хвароб і зла.

Я глядзела на агонь, і не магла адвесці ад яго вачэй. Нейкая магічная сіла нібы прыцягвала да сябе, паступова акунаючы ў таямнічую атмасферу. Адчула сапраўднае яднанне з матуляй-прыродай. Я адразу загадала жаданне з вераю. што яно абавязкова збудзецца. Бо на тое яна і ноч цудаў!

Пасля скокаў праз вогнішча самыя смелыя адправіліся ў лес шукаць папараць-кветку, якая распускаецца, па павер’і, раз у год. У народзе лічыцца: хто яе знойдзе — будзе разумець размову птушак і жывёл, шум дрэў. А яшчэ будзе шчаслівы, багаты, атрымае тое, што жадае.

Знайшлі папараць-кветку ў гэтую таямнічую ноч Кацярына Козел і Мікіта Таргонскі. Значыць, быць ім шчаслівымі!

Свята, думаю,  прыйшлося даспадобы кожнаму, хто пабываў на «Купаллі» ў Ліплянах. Па агульнай весялосці, пазітыву і добраму настрою гэта добра адчувалася. Ды і шмат карыснага пачарпнулі ўдзельнікі свята, бо далучыліся да народных традыцый, убачылі ўсю прыгажосць і таямнічасць старадаўняга абраду. І вельмі добра, што духоўны скарб нашага народа захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Таму жыве абрад і па сённяшні дзень.

— Свята «Купалле» праходзіць у нашай вёсцы не першы год, але цікавасць да яго толькі расце, — дадала дырэктар Ліплянскага СДК Людміла Лось. — Заўсёды натхняе тое, што з вялікім задавальненнем у абрадавых дзеяннях прымае ўдзел мясцовая моладзь,  падлеткі, гэта вельмі каштоўна. Не кожны ведае, што на світанку ў купальскую ноч жанчыны абавязкова ўмываюцца расою, каб быць прыгожымі і здаровымі. Карыстаючыся момантам, дзякую ўсім удзельнікам свята, а таксама нашым спонсарам — ОАО “Новая Ніва” (старшыня — Мікалай Ліпскі), Лельчыцкаму лясніцтву (ляснічы — Мікалай Палын), прадпрымальніку Анатолю Акулічу.

Святлана ЛІПСКАЯ.

СМОТРИТЕ ЕЩЁ БОЛЬЩЕ ВИДЕО НА НАШЕМ YouTube КАНАЛЕ

ЕЩЁ БОЛЬШЕ ФОТО

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: