Прыемна адзначыць, што Валерыя Паўлава, вучаніца 6 «Б» класса Лельчыцкай раённай гімназіі, стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка», які прайшоў у Рагачове ў межах Дня беларускай пісьменнасці. Ад гэтай надзвычай цікавай паездкі ў дзяўчынкі засталіся самыя прыемныя ўражанні, яна набыла новых сяброў і, канешне, атрымала карысны вопыт.
Надоўга запомніцца Валерыі знаёмства з дзіцячым пісьменнікам, рэдактарам часопіса «Вясёлка» Уладзімірам Ліпскім, у якога яна ўзяла аўтограф. Акрамя таго, у яе была цудоўная магчымасць наведаць друкарскі двор ХVІ стагоддзя. Там Валерыя ўбачыла, як рабілі ў мінулым паперу з ільну, яна нават сама паспрабавала надрукаваць старонку з Бібліі Францыска Скарыны.
Да конкурсу Валерыю падрыхтавала настаўніца роднай мовы і літаратуры раённай гімназіі Ірына Казачэнка. Менавіта Ірына Рыгораўна прывіла дзяўчынцы любоў і павагу да роднага слова, матчынай мовы. Таму радасць поспеху — узаемная. Дасягненні заўсёды натхняюць на новыя перамогі, чаго мы і жадаем творчай настаўніцы і яе адоранай вучаніцы.
Святлана ЛІПСКАЯ.
На здымку: Валерыя Паўлава атрымлівае ўзнагароду з рук міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, а таксама віншаванні — ад пісьменніка Уладзіміра Ліпскага.