Падведзены вынікі абласнога літаратурнага конкурсу «Мая матулясонца на зямлі».

Сярод лаўрэатаў ёсць і наша зямлячка. Вучаніца 4 «Б» класа Лельчыцкай раённай гімназіі Ганна Ражкова адзначана дыпломам 3 ступені.

– Хто ведае, можа недзе ў палескай глыбінцы альбо ў сэрцы горада над Сожам вырасце ў выніку сапраўдны талент, які сагрэты мацярынскай любоўю і ўвагай да яго першых паэтычных спроб з боку прафесійных літаратараў,  – адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч на падвядзенні вынікаў творчага спаборніцтва.

Асобныя з юных аматараў слова могуць быць запрошаны для ўдзелу ў майстар-класах, што будуць арганізаваны сёлета ў  рамках Першага абласнога Форуму маладых літаратараў Гомельшчыны. Так сёлета пісьменніцкай арганізацыяй вобласці  Форум будзе праведзены ўпершыню для пачынаючых аўтараў  з 15 да 35 гадоў ( вершы, паэтычныя падборкі да 3 тыс. знакаў,  малая проза (апавяданні) – да 10 тыс. знакаў з прабеламі, дзіцячая літаратура (казкі, вершы, апавяданні) – да 10 тыс знакаў). Творы  дасылаюцца на Форум да 30 мая 2017 года самімі аўтарамі, ці, з іх згоды, пісьменнікамі, літкрытыкамі, рэдактарамі літаратурных часопісаў, выдавецтваў, газет, літагентамі, творчымі арганізацыямі, бібліятэкамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, ВНУ з  паметкай  «Для ўдзелу ў Першым Форуме маладых літаратараў Гомельшчыны» па электроннай пошце: konkursgomelspb2018@yandex.ru.

Так што паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве ёсць магчымасць у многіх школьнікаў, студэнтаў і дарослых, а ў выніку магчыма перамагчы і атрымаць сваю першую кнігу з рук прафесійных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Ответить

Войти с помощью: