Аднойчы красавіцкім ранкам загаласіла на ўсю вёску маці дзяўчынкі-падлетка Волечкі — не прыйшла дачушка звечара дадому.

А дзяўчынка-пяцікласніца ўчора пайшла да суседскага хлапчука Міхаські, каб разам рашыць складаныя задачкі па арыфметыцы. Засядзеліся там дапазна, не заўважылі, як час праляцеў. Спахапілася, у двор выскачыла — а там цемната-цемната, нават зорак не відаць на небе, схаваліся за воблакамі.

Выйшла за веснічкі, а тут і сустрэла яе сястра Вераніка (у змроку здалося Волечцы, што гэта была яна), за руку ўзяла, пакрочылі ў глыбокую цемень. Ішлі моўчкі, не размаўлялі. Але дадому Волечка не прыйшла.

А назаўтра, калі ўстрывожылася ўся вёска, двое закаханых, што стаялі вечарам на мосце, пайшлі да Волеччынай маці і расказалі, што яны бачылі, як нейкая дзяўчынка паспрабавала ступіць на мост, але, заўважыўшы іх, павярнула назад. Потым дадалі: “Яна пайшла праз раўчак, але нам здалося, што дзяўчынка не ішла, а  бегла — ляцела па паверхні вады. Нам падалося, што з ёю яшчэ нехта быў”.

Людзе верылі і не верылі таму, што пачулі, але рушылі многія ў лес, які ўшчыльную падыходзіў да Чарценскага балота, на пошукі. Не адшукалі слядоў Волечкі праз дзень і праз тыдзень. І толькі крыху пазней нехта знайшоў ля балота яе торбачку, у якой ляжаў падручнік па арыфметыцы, сшыткі і некалькі заячых і ласіных кізякоў, злямчаныя леташнія журавіны.

Што было моцы клікалі Волечку, спадзяваліся, што адгукнецца. Але ўсё было дарэмным. Было вырашана ля яе торбачкі выставіць варту.

Спадзяванні спраўдзіліся. Акурат наступіла поўнач, у небе выглянула з-за воблакаў спелая поўня,  і тады заўважылі, як скрозь кустоўе, крадучыся, рухалася дзяўчынка. І як толькі яна нагнулася, каб забраць сваю торбачку, яе за руку і злавіла сястра Вераніка. Але з крыкам адскочыла, бо тая моцна ўкусіла яе за руку. З рук вартаўнікоў ёй не ўдалося ўцячы.

Калі Волечка крыху сцішылася, супакоілася, пакрочыла следам, папракаючы сястру, што яна яе прывяла сюды, да гэтага вялізнага балота.

Каля двух тыдняў правяла дзяўчынка ў Чэрцені. Што ела, што давала сілы ёй — невядома. Правал памяці… У нейкі другі, паралельны свет, трапіла дзяўчынка і не адчула тое? Як у той час, так і цяпер ніхто не можа адказаць.

Ужо пазней, калі заканчвалі мы з ёю разам дзесяцігодку,  і даводзілася мне нават разам сядзець за адной партай, я заўважыў, як заўсёды нейкі смутак засяроджваўся на яе твары, на ўроках дзесьці лётала яна ў невядомасці, іншы раз спахоплівалася, імкнулася пачуць словы настаўніка, але ж толькі на нейкі момант. І зноў сумавала.

Пасля школы ўладкавалася ў калгасную бухгалтэрыю. Выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Але вырасціць іх не паспела — памёрла. Вось такая сумная, невыдуманая гісторыя адбылася ў той красавіцкі ранак мінулага стагоддзя, на што няма ніякага адказу.

Анатоль КАШЭВІЧ,
в. Чырвонабярэжжа.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: