Я вельмі люблю кветкі. Яны растуць у мяне на падаконніках і невялікай клумбе каля нашага дома №4 па вуліцы Перамогі (дарэчы, вось ужо каля 40 гадоў з’яўляюся старэйшай гэтага дома).

Я лічу, што кветкі робяць жыццё прыгажэйшым, гэта зарад станоўчай энергетыкі, яны аддаляюць ад усяго сумнага, негатыўнага.

Прыбраць смецце на клумбе , падрэзаць кусты мне дапамагае муж Уладзімір Мікалаевіч, бо мы робім усё разам, калі дазваляе здароўе. Ды не пра мяне размова.

Я хачу расказаць аб маіх цудоўных суседках, таксама пенсіянерках, якія шмат робяць дзеля добраўпарадкавання нашага прыдомнага двара, асаблівую ўвагу прыдаючы клумбам, што знаходзяцца каля дома (у гэтым годзе нашаму дому — 50). Кожная жанчына заслугоўвае, каб вылучыць яе асобна.

Напрыклад, Раісу Кузьмінічну Неўмяржыцкую мы называем “хуткай дапамогай”, Маці Тарэза. Яна па першым звароце каго-небудзь у чымсьці дапамагчы адразу ж адклікаецца, часам нават забывае пра абутак і цёплае адзенне, калі справа ідзе зімой.

Прывяду прыклад са свайго жыцця. Я доўгі час даглядала сваю маці, інваліда І групы, дарагога і роднага мне чалавека. І вось аднойчы мне спатрэбілася тэрміновая дапамога. Варта было пазваніць Раісе Кузьмінічне, як літаральна праз хвіліну ў тапках на босую нагу і халаце яна з’явілася на парозе нашай кватэры (Раіса Кузьмінічна жыве ў другім пад’ездзе дома). Без лішніх слоў адразу стала дапамагаць. На двары стаяла зіма. І было гэта не раз. Ды і не толькі са мной Ні ў чым нікому жанчына не адмаўляе, калі патрэбна яе дапамога. Часам здзіўляюся, як на ўсё яе хапае.

А яшчэ, напэўна, больш трапна яе характарызуюць складзеныя мною вось такія радкі:

Раіса часу і здароўя не шкадуе для людзей,

Шчыра ім служыць —

Дзеля гэтага й жыве

І з кожным дружыць.

Не трэба ёй ні славы, ні падзяк,

Аб гэтым ніколі не дбае,

Робіць усё проста так,

Бо вялікае сэрца мае.

А як любіць дзяцей! Амаль усіх суседскіх немаўлят, як кажуць, на ногі паставіла. Шкада, што сваіх у гэтай цудоўнай і чулай жанчыны няма. Яна, няма сумнення, змагла б вырасціць і выхаваць для нашага грамадства выдатных людзей, працалюбівых, адказных, сумленных.

Хачу яшчэ адзначыць, што Раіса Кузьмінічна доўгія гады з’яўлялася донарам. За гэта мае падзякі і ўзнагароды і званне “Лепшы донар”.

Нельга абысціі тое, што кветкі на клумбе маёй суседкі радуюць вока ўсіх, хто праходзіць міма нашага дома.

Пра другую суседку Людмілу Рыгораўну Лось можна смела сказаць — гэта агароднік. Што датачыцца кветак, дык няма роўных ёй. На яе клумбе каля дома з’яўляюцца ўсё новыя і новыя віды кветак, як кажуць, надзвычай шырокі асартымент. Жанчына не шкадуе ні часу, ні здароўя (хаця, кажуць дактары, што гэта на карысць), упарта і настойліва даглядае іх, палівае, падкормлівае, апрацоўвае. Яе бачаць то з вядром, то з капаніцай. І не толькі жыхары нашага дома №4 па вуліцы Перамогі любуюцца незвычайна прыгожымі кветкамі, вырашчанымі жанчынай, але і многія, хто праходзіць тут.

А на маленькім кавалачку зямлі Людміла вырошчвае памідоры, здзіўляючы ўсіх сакавітымі, надта смачнымі пладамі, якімі дзеліцца з суседзямі, частуе.

На падаконніках у яе не менш прыгожыя кветкі , многія цвітуць круглы год.

Хачу яшчэ адзначыць, што Людміла Рыгораўна даглядае сваю 96-гадовую маці, аддаючы ёй цеплыню свайго сэрца, сваёй душы.

Пры тым жанчына глыбока веруючы чалавек, пастаянна наведвае царкву, дапамагае і там многа ў чым. А таму не толькі ў сілу свайго характару, але і па Боскіх запаветах дзеліцца дабрынёй, спагадай, дапамагае ва ўсім і кожнаму.

Не адстае ад іншых і мая трэцяя суседка Зінаіда Мікалаеўна Астапенка, мая калега, добры і чулы чалавек.

Клумба Зінаіды Мікалаеўны знаходзіцца за домам. Звяртаю ўвагу на асаблівасць насеву кветак: узыходзяць роўненькімі радочкамі разнастайныя па відах, ад моманту пасеву да глыбокай восені — ні адной травінкі. Дапамагае жанчыне і яе муж Уладзімір. Некалькі кустоў памідораў, закрытых кветкамі, нібы схаваных, каб не сапсаваць агульны малюнак, створаны кветкамі, — гэта ўжо яго справа.

Восенню сярод кветак можна тут заўважыць і некалькі надта яркіх кабачкоў. Як кажуць, прыемнае з карысным.

Зінаіда Мікалаеўна — чулы і ўважлівы чалавек. Дапаможа кожнаму, хто звернецца да яе.

З Зінаідай мы часта перагаворваемся па тэлефоне, бо разам разгадваем красворды.

Не раўнадушныя да кветак і парадку на двары і Васіль Пятровіч Сініцкі, і Марыя Сцяпанаўна Мазур (яна нядаўна стала жыць у нашым доме), і  іншыя.

Усім маім суседзям-сябрам жадаю моцнага здароўя і новых поспехаў у іх тварэннях.

А больш маладым нашага дома раю многае пераняць у старэйшых і ўкараніць у жыццё. А таксама здароўя ўсім і міру.

Жадаю, каб жыццёвым крэда усіх людзей былі наступныя радкі:

Мне хочацца, каб след, людзьмі адбіты

На цаліку, зямлі, як вязь вякоў,

Жыў доўга сведкам спраў іх, летуценняў

І славай неўміручай іх імён.

З павагай да ўсіх Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,

г.п. Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Ответить

Войти с помощью: