ксёнз
Ксёндз Вінцэнты Віталіс МЫШОНА

«Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста.

Ён у вялікай Сваёй міласэрнасці адрадзіў нас

праз Уваскрасенне Езуса Хрыста з памерлых да жывой надзеі» (1П 1,3).

Дарагія парафіяне!

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

Дзеля нашага збаўлення Бог правёў Езуса праз цярпенні і смерць да радасці новага жыцця ў паўстанні з мёртвых. Сваёй любоўю Ён ачысціў нас ад грахоў, праліў найкаштоўнейшую Кроў Адзінароднага Сына, каб мы сталі перад Богам, аздобленыя справядлівасцю. Абмытыя водамі святога хросту, які бярэ пачатак у таямніцы Пасхі, мы імкнемся да нашай Абяцанай Зямлі, Збаўлення, вечнага жыцця, сузірання Бога бясконцага ў Міласэрнасці. Хрост — гэта пачатак, а штогадовае святкаванне Пасхальнай Таямніцы — гэта і аднаўленне ў перажыванні нашага Збаўлення.

Няхай любоў Бога, аб’яўленая ў перамозе нашага Пана над грахом, смерцю і недахопам надзеі, шчодра напоўніць нашы сэрцы, каб мы, пакідаючы ранейшае жыццё, станавіліся ў сучасным свеце сведкамі Хрыста, гатовымі несці Добрую Вестку ўсім, хто яе яшчэ не ведае.

Няхай паўсталы з памерлых Езус загосціць у нашых сем’ях, месцах працы і адпачынку. Няхай Ён дапаможа нам пераадолець усе цяжкасці і сумненні. Няхай моц Яго Уваскрасення правядзе нас праз штодзённасць да вечнасці.

Няхай радасць і спакой, дары Змёртвыхпаўсталага дадаюць нам сіл і становяцца крыніцай сведчання пра жыццё, поўнае веры. А Марыя, якая ядналася са сваім сынам, стоячы пад Крыжам, а цяпер цешыцца прыбываннем з Ім у хвале неба, няхай будзе нашай Спадарожніцай на шляху веры і даверу да Добрага Бога. Марыя, Маці Укрыжаванага і Уваскрослага Пана, якая вучыць нас чэрпаць мудрасць з болю і слёз, няхай дапамагае нам адкрываць перамененае Аблічча Хрыста ва ўсім, што знявечанае і ўкрыжаванае на шляхах служэння Богу і чалавеку ў Касцёле і  свеце.

Няхай Хрыстовы спакой, які напаўняе нашы сэрцы, разальецца на ўсе асяроддзі, у якіх мы жывём. А тым, хто перажывае сумненні, няхай дадае адвагі і суцяшэння наш давер і радасць жыцця!

Радасных і шчаслівых святаў Вам, дарагія вернікі!

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

Пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай ксёндз Вінцэнты Віталіс МЫШОНА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: