Нешта дзіўнае адбываецца з нашай памяццю і свядомасцю напрыканцы жыцця. Ці, хутчэй нават, — падсвядомасцю. Падсвядомасцю пакалення, якому , як ні круці, ужо час збірацца ў невядомасць. Менавіта на наша пакаленне людзей прыйшліся  тэрарыстычныя трыццатыя гады мінулага стагоддзя, гады цяжкай фашысцкай навалы, халодныя і галодныя пасляваенныя гады. Але штосьці нас яшчэ трымае, нешта круціць, зводзіць і не пускае. Нейкі няпэўны гук у зламаным і знявечаным сэрцы,надарваная, але ўсё яшчэ трапяткая струна, пахаваная ў глыбу душы нота, у свой час распачатая, але так і не праспяваная песня, таму што захлынулася крывёю.

І вось цяпер, на склоне веку і жыцця, няпэўны дзесяцігоддзямі гук, надарваная струна і ўзятая ў дзяцінстве нота абуджаюцца і праломваюцца амаль праз сыпучы ўжо жвір помнікам — сведкай эпохі — песняй свайму далёка не спеўнаму былому.

Я і цяпер яшчэ ніяк не магу зразумець, як мы выжылі ў час вайны ў лютыя заснежаныя зімы ў лясных нетрысках на куранях, якія былі зроблены на хуткую руку з жэрдак і яловых лапнікаў? Агонь у куранях паліць было нельга — задыхаліся ад дымоты. А калі раскладвалі ля куранёў агульнае вялікае вогнішча, каб сагрэцца, — з самалётаў фашысты скідвалі бомбы. А якія ўжывалі мы прадукты харчавання? Апрача кары дрэў, жалудоў ды журавінаў, якія знаходзілі пад снегам, нічога больш не было. І мы выжывалі, праўда, не ўсе. Гадавалыя дзеці хварэлі, паміралі. А нас, крыху большых, немцы з паліцаямі лавілі, як зайцоў, забівалі, адпраўлялі ў Нямеччыну.

Наша жыццё на куранях і цяпер яшчэ не даследавана ні гісторыкамі вайны, ні ў мастацкай літаратуры, хоць гэтая з’ява была распаўсюджана ў вялікіх маштабах не толькі на нашай Гомельшчыне падчас фашысцкай акупацыі. Ці не ўсё Палессе прайшло праз курані? Курані, што ўзнікалі і куды выбіраўся мясцовы люд не толькі ў выніку карных дзеянняў фашыстаў супраць партызан і партызанскіх зон і вёсак, а стыхійна, здаецца, без прычыны. Што  і чаму, дзе карані такога бежанства? Пытанне балючае і цікавае, як і ўклад жыцця, бытаванне людзей, асабліва дзяцей у куранях.

Іншы раз, калі пра ўсё гэта вядзецца размова з падрастаючым пакаленнем, далёка не ўсе пагаджаюцца з тым, што ім апавядаеш пра тое цяжкае жыццё нашага дзяцінства, спрабуюць выказаць думку, што і ім не вельмі лагодна жывецца цяпер. А мы — старэйшае пакаленне людзей — недзе ў глыбіні душы, у кожным стукаце нашага сэрца просім кожны раз Усявышняга:

— Божачка! Няхай не спазнаюць нашы дзеці і ўнукі, унукі нашых унукаў таго, што перажылі мы і нашы бацькі! Няхай будзе ў іх шчаснае і светлае жыццё!

А пра тое мінулае ніяк не варта забываць — трэба помніць, што душы жывых і сёння ўжо памерлых былых дзяцей вайны яшчэ не зусім супакоіліся, не зусім адмерла скруха памяці.

Анатоль КАШЭВІЧ, в. Чырвонабярэжжа.

Фото: детство выпало на годы войны, жили в куренях…

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: