Амаль семдзесят два гады прайшло з таго часу, як адгрымела над нашай роднай зямлёй Вялікая Айчынная вайна. Вайна супраць гнёту і рабства, супраць нелюдзяў і катаў. Вайна, на якую падняліся ўсе жывыя, бо ніхто не хацеў стаць рабом і ахвярай самадурства. І чым далей адыходзяць гэтыя падзеі ў мінулае, тым больш з’яўляецца часу ўсё пераасэнсаваць, зрабіць новыя высновы, і тым больш значным робіцца бяспрыкладны гераізм нашага народу ў барацьбе супраць страшнай навалы нямецкіх захопнікаў.

Прайшло шмат часу, а значыць, не адно пакаленне давала адзнаку падзеям, якія проста так не выкрэсліш з гісторыі. Як кажуць, з боку лягчэй ацаніць. Але адна справа, калі пранёс праз сябе гэтую вайну, а другая — ведаць пра яе толькі з гісторыі. Вось такім і з’яўляецца маё пакаленне. Калі мой дзед ці бабуля яшчэ доўга адчувалі на сабе, што такое вайна, то мы пра яе ведаем толькі з расказаў ці кіно. І нам цяжэй даць адзнаку ўсяму, таму што мы ўжо ніяк не датычымся гэтых падзей. Хіба што калі-некалі хтосьці адкапае бомбу ці іншую зброю часоў вайны.

І ўсё ж я мяркую, што хоць і цяжка ўявіць сабе поўную карціну тых гадоў ліхалецця, але і забываць пра гэта нельга, таму што, дзякуючы людзям, якія абаранілі нашу Радзіму, дзякуючы іх мужнасці і гераізму, мы ад нараджэння свайго не ведаем, што такое вайна, голад, холад, нястача і журбота.

І ад імя ўсіх юнакоў і дзяўчат я хачу нізка пакланіцца гэтым людзям, якіх засталося не так ўжо і шмат. Мы рады, што і дзяржава наша бязмерна клапоціцца аб іх, не засцілаецца іншымі справамі.

У маёй сям’і  таксама ёсць героі вайны. Гэта мая прабабуля. Яна сваім мужным подзвігам унесла, няхай і невялікі, уклад у агульную справу перамогі.

Як мы ведаем, наша Беларусь у гады вайны славілася як партызанскі край. Фашысты таксама пра гэта ведалі, таму ў іх планы ўваходзіла пасля сваёй перамогі знішчыць увесь беларускі народ у якасці кары за сувязь з партызанамі. У той жа час немцы баяліся нашых краёў.

— Стаяла лютая зіма, — успамінае мая прабабуля (яна сама родам з суседняй вёскі Украіны, а замуж выйшла і жыла ў Глушкавічах). Ішлі баі. І мы, вяскоўцы, затаіліся, чакалі вынікаў баёў. Здарылася так, што паміж дзвюма партызанскімі атрадамі, якія знаходзіліся ў Глушкавічах і Майдане-Капішчанскім, у лесе быў атрад немцаў, якіх ніяк не ўдавалася знішчыць. Для гэтага трэба было партызанам злучыцца. Мясцовыя жыхары добра ведалі гэты лес і падказалі партызанам, што знаходзіліся ў Глушкавічах, дзе ім непрыкметна можна было б сысціся з іншым атрадам. Для гэтага трэба было некаму прабрацца да партызан суседняй вёскі і занесці план месца злучэння, каб даць канчатковы адпор немцам.

—Вырашылі, што гэта зраблю я, — расказвае далей прабабуля,-— на падставе таго, што іду ў госці да бацькі. Мне, канешне, было вельмі страшна, але куды страшней было слухаць выбухі снарадаў і страляніну. Выбару вялікага не было. Да і час быў такі, што доўга меркаваць не даводзілася: трэба — значыць трэба.

Пераадолеўшы ўвесь свой жаночы страх, сціснуўшы рукі ў кулакі, яна, на кожным кроку молячыся Богу, пайшла, не ведаючы, вернецца ці не. Але ці то Бог сапраўды дапамог, ці вялікае жаданне жыць, але мая прабабуля прайшла гэты шлях, не сустрэўшы ні аднаго фашыста і  паспяхова дабралася да партызан.

Заданне было выканана. Колькі шчасця і гонару перапаўняла сэрца жанчыны, што яна ўнесла свой удзел у агульную справу перамогі.

І кожны раз, калі прабабуля расказвала нам гэтую гісторыю, яна заўсёды плакала. Мы падзялялі яе слёзы — кожны па-свойму. І нам, яе праўнукам, заўсёды было цікава паслухаць пра яе подзвіг і паганарыцца за мужную жанчыну.

Мой дзед не так часта, але ўспамінае пра тое, што ён памятае пра вайну. Ён дзіця пасляваенных гадоў. Судзячы па яго аповядах і па гістарычным даным, пасляваенныя гады былі не лягчэйшыя за ваенныя, калі за кароткі перыяд трэба было ўзнавіць усё разбуранае і пабудаваць новае. Недаядалі, недасыпалі, але ўсё ж знайшлі людзі ў сабе сілы, каб падняць жыццё і накіраваць яго ў новае русла. Таму дзядуля 9-е Мая лічыць адным з галоўных свят у сваім  жыцці. Ён заўсёды па-святочнаму ўбіраецца, бярэ нас з сабой і ідзе да помнікаў на мітынг, каб разам з сабраўшыміся выказаць словы падзякі і загінуўшым, і жывым героям вайны.

А бабуля мая ў гэты дзень успамінае, як яны, будучы камсамольцамі, заўсёды перад 9-м Мая хадзілі фарбаваць зорачкі на хатах загінуўшых у гады вайны салдат. І гэта было вельмі адказным і ганаровым заданнем.

У наш час нічога такога няма. Але і я, і мае браты любім пасля мітынгу разам з дзядулем, маці, татам і бабуляй наведаць нашу прабабулю і павіншаваць яе са святам Перамогі, бо для іх пакалення гэта самае галоўнае свята, за якое яны не пашкадавалі б ні свайго жыцця, ні маладосці.

І нам, падрастаючаму пакаленню, на прыкладах лёсу нашых продкаў ёсць чаму павучыцца: вось так трэба любіць жыццё, свабоду і Радзіму.

Дзмітрый МІХАЛКОЎ,

вучань 11  класа Глушкавіцкай сярэдняй школы.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: