Вайна… Якое страшнае слова! Усяго адно слова, а колькі чалавечага гора змяшчаецца ў ім! Выбухі, пажары, грукат кулямётных чэргаў, гул самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў, людскія смерці… Колькі пакалечаных лёсаў, нездзейсненых спадзяванняў, мар, колькі разбураных гарадоў і вёсак, спаленых разам з жыхарамі, колькі забітых людзей…

«Войны! Злачынная справа — вайна выклікае гнеў мой, і слёзы, і боль,» — так асуджаў войны як сродак высвятлення адносiн памiж людзьмi беларускі паэт Мікола Гусоўскі ў сваёй паэме «Песня па зубра». Нават для нас, людзей, якія не зведалі вайну, гэтае слова нясе ў сабе свой злавесны сэнс і зразумела нам, як і слова

«мама», «радзіма», бо яно жыве яшчэ ў кожнай хаце, бо жывыя яшчэ сведкі падзей, бо не зажылі раны, нанесеныя Вялікай Айчыннай вайной, хаця прайшло ўжо больш за 70 гадоў.

Не раз давялося майму народу спазнаць жахі вайны, не раз тэрыторыя маёй роднай краіны станавілася месцам баёў. Страшнымі для Беларусі былі гады Вялікай Айчыннай вайны, якую вёў Савецкі Саюз з гітлераўскімі захопнікамі, што прыйшлі на нашу мірную зямлю. Гэты час стаў цяжкім выпрабаваннем для ўсяго народа. Людзі, перажыўшыя вайну, ніколі не здолеюць закрэсліць яе ў сваёй памяці. Яны павінны расказаць пра свае страты і перажыванні нам, людзям ХХІ стагоддзя, каб гэтая трагедыя больш не паўтарылася. Вось чаму ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну знаходзяць водгук у нашых сэрцах, усіх нашых сучаснікаў. Адкуль жа нам яшчэ ведаць пра тыя падзеі, як не з успамінаў, мастацкіх твораў, кінафільмаў?

У кожнага чалавека, які жыў у саракавыя гады ХХ стагоддзя, свае, асобыя, вельмі асабістыя ўспаміны аб тым часе, але такія, пра якія нельга маўчаць. Самыя першыя ўяўленні аб вайне я атрымала з аповедаў бацькі, маці і сваёй бабулі. Яны расказвалі, не стрымліваючы слёз, пра тое, як хаваліся ў лесе ад ворагаў, як немцы рабілі аблавы і хапалі дзяўчат для вывазу ў Германію, як усю вёску спалілі, як не было, дзе жыць і што есці, як здзекваліся над людзьмі.

Дзіцячыя ўяўленні аб вайне дапоўніліся першымі прачытанымі творамі з кніжак, першымі кінафільмамі. Але жорсткі воблік вайны ўзнікае ў нашым уяўленні асабліва яскрава з твораў народнага пісьменніка Васіля Быкава. Ён сам яе зведаў, прайшоў «доўгія вёрсты вайны», быў некалькі разоў паранены  і знаходзіўся часта перад тварам смерці, нават родныя будучага пісьменніка атрымалі на яго пахавальны ліст. Але лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён праўдзіва расказаў, што такое вайна, якой цаной заваявана наша права жыць, працаваць, любіць, гадаваць дзяцей, радавацца сонцу. Пісьменнік зноў і зноў у кожным творы вяртае сваіх герояў і нас, чытачоў, у агонь і холад 1941-1945 гадоў, усё мацней прымушае нас адчуць сябе побач з байцамі, спазнаць іх боль, «зачэрпнуць» іх мужнасці, пагарды, непрымірымасці да фашызму і падзяліць агульную нянавісць да вайны. Таму такой жахлівай, страшэннай, разбуральнай, бесчалавечнай паўстае перад намі вайна зса старонак твораў Быкава.

Некаторыя нават дакараюць пісьменніка, што ў яго аповесцях шмат трагічных момантаў. Смерць нібы ў цэнтры ўвагі аўтара. Пісьменнік адказваў, што ён паказвае вайну без прыкрас, без лакіроўкі — такой, якой яна была на самой справе, і дадае: «Што датычыцца Айчыннай вайны, то, на мой погляд, не можа быць «залішняй» драматызацыі. Ніякая фантастыка, ніякія ўяўленні не могуць намаляваць таго, што было іншы раз на фронце. Патрэбны шэкспіраўскія фарбы, каб хоць прыблізна ўзнавіць для людзей, што жывуць сягоння, тое, што адбывалася ў 1941-1945 гадах».

Асабліва ўражвае ў гэтым сэнсе самая аўтабіяграфічная, самая антываенная і публіцыстычная аповесць «Трэцяя ракета», у якой Васіль Быкаў з усёй сваёй сілай мастацкага таленту выкрывае антычалавечнасць вайны. Жорсткі вобраз яе бачны ў сцэнах бою. Вось адна з іх: «Недзе там, за варожымі пагоркамі, прарэзліва і нудна выдыхаюць з сябе «скрыпуны» — шасціствольныя нямецкія мінамёты. Толькі сціхае іх працяглы агідлы скрып, як з паднябесся рынае на нас прарэзлівы візг. Здаецца, нейкая нябачная сіла хапае за грудзі і пачынае трэсці, біць, калаціць зямлю…

Мы глухнем, задыхаемся ў пыле, пяску і зямлі, пальцы хапаюцца за нешта ў пошуках апоры. Зямля быццам рассыпаецца ад грознага ўрагану выбухаў і торгаецца, дрыжыць, роспачна супраціўляючыся страшнай сіле смерці.

Доўгія, пакутныя хвіліны ўсё навокал ірвецца, разлятаецца ўшчэнт, ранак цямнее, як ноч: у роце, у вачах, вушах — пясок і зямля. Цела балюча сціскаецца ад неаслабнага напружання і кожнага блізкага выбуху, уся істота жахліва чакае: канец! Канец! Вось-вось… Гэты! Не… Гэты! Гэты вось, гэты… У гары вые, свіргоча, падае і дол перамешваецца з небам…».

Нельга без жаху чытаць і такія радкі: «Патронаў у нас было мала, і ісці далей не было як. Мы ляжалі пад каменем, чакаючы, што будзе далей. І дачакаліся горшага, чым калі б загінулі ўсе.

Апоўдні немцы і паліцаі пачалі выганяць жыхароў вёскі на дарогу. Выганялі ўсіх — дарослых і малых, жанчын  і дзяцей. На ўскраіне ўсіх строілі ў дзве доўгія, нібы чэргі, калоны. Затым пачалі класці ў каляіны. Над дарогай усчаўся лямант, забухалі стрэлы. Людзі нехаця, адчуваючы нешта страшнае, клаліся ў гразь і ваду.

На тым канцы вёскі пад’язджалі  і спыняліся машыны, бронетранспарцёры. Праз гадзіну пачалося жахлівае. Калона машын рушыла па дарозе. Па тых самых каляінах, дзе ляжалі людзі…».

Гэта забыць нельга. Нельга ні герою, ні нам. Нельга забыць, як катавалі Сотнікава з аднайменнай аповесці Быкава, як паміраў на дарозе дваццацігадовы лейтэнат Іваноўскі з аповесці «Дажыць да світання», як ратаваліся ў Альпах Іван Цярэшка і італьянская дзяўчына Джулія, як уцякаў ад «воўчай зграі», ратуючы малое дзіця, Ляўчук…, як гарэла ў агні сваёй хаты Сцепаніда са «Знака бяды», як мужна паміраў Глечык з «Жураўлінага крыку»…

Усю сваю нянавісць да вайны аўтар укладае ў маналогі герояў. Асабліва ўражвае  і прымушае задумацца маналог галоўнага героя Лазняка з «Трэцяй ракеты»:

— Так, вайна! Няхай яна будзе тройчы і сотні раз праклята, гэта вайна. Яна кожнага дня вісела над намі ўсе нядоўгія часы нашага жыцця, яна спела, накоплівалася з самой калыскі, якую, прайшоўшы з папярэдняй вайны, ладзілі нам нашы бацькі. Пад яе чорным крыллем гушкаліся, раслі і вучыліся мы — салдацкія сыны і самі будучыя салдаты. Нашы маці думалі, што мы — іхнія дзеці, народжаныя імі для ўцехі ў маладосці і апоры ў старасці, а на самой справе аказалася, што ненадоўга былі мы ўцехай і рэдка — апорай.

Кожны год дзе-небудзь на свеце ішла вайна, дзяржавы, што не ваявалі, з усяе сілы рыхтаваліся да таго, і гады нашае сталасці былі кароценькім перапынкам паміж дзвюма войнамі, з якіх кавалася зброя, фарміравалася ўсялюдная злосць, рыхтавалася навуковае абгрунтаванне будучай бойні і раслі салдаты будучых рот, батальёнаў, палкоў. Мы адчувалі гэта, але ўсё ж цешылі сябе думкаю, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што кіраўнічая мудрасць, пакты, праўда нашае мірнае справы не дапусцяць вайны. Ды нам у дзяцінстве яна і не здавалася чымсць ненатуральным — наадварот, самымі улюбёнымі нашымі цацкамі была зброя, самыя цікавыя кніжкі былі пра вайну. Яна была прываблівай нам, гэтая вайна, і вабіла нас да таго часу, пакуль была выдумкай, а не рэальнасцю. Цяпер жа вось, калі мы зведалі яе ва ўсёй неразумнасці, лютасці, подласці, ахвярнасці, мы праклялі яе — кожную вольную або нявольную, усчатую і навязаную, — няхай яна будзе праклята навек!”.

Так, вайна — адвечнае зло, якое з гнятлівай перыядычнасцю прыходзіць на зямлю. Біблейскае «І паўстаў род на род» за апошнія шэсць тысяч гадоў, як падлічылі вучоныя, паўтаралася больш за паўтары тысячы разоў. Столькі войнаў, вялікіх і малых, сусветных і лакальных, справядлівых і несправядлівых, але заўсёды крывавых, лютых, раз’юшаных, адшумела за гэты час на зямной цвердзі! Як нарушыць гэту наканаванасць? Як разарваць гэта зачараванае кола? Няўжо толькі страх смерці здольны ўтрымаць людзей ад апошняй мяжы? А што ж чалавечы розум, які ведае цану жыцця кожнай асобнай чалавечай адзінкі?

Чалавечы розум пакуль маўчыць. Зачараванае кола круціцца.

Мы памятаем пра бамбёжкі Югаславіі, пра вайну ў Іраку, Сірыі, Украіне. Там гінулі  і гінуць дзеці, мірныя жыхары…

Як хочацца, каб ніколі не было вайны, каб людзі прывыклі да думкі, што вайны не будзе ніколі!

Людзі! Прыслухаемся да слоў Максіма Багдановіча:

Навошта на зямлі сваркі і звадкі,

Калі мы ўсе ляцім да зор?

Наталля ФІЦНЕР, аг. Буйнавічы.  

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Ответить

Войти с помощью: