Даўно вядома, што ружу ўсе лічаць каралевай кветак. Сапраўды так. Нават у адной з народных песень ёсць такія радкі: «Розы прекрасны, розы нежны, и эти розы всем нам нужны». Гэта так. І нікому, думаю, не трэба даказваць, наколькі запатрабаваныя гэтыя цудоўныя кветкі ў людзей: ружы патрэбны закаханым у час спатканняў, ні адно вяселле без іх не абыходзіцца, не ўяўляем урачыстасцей, розных важных мерапрыемстваў без ружаў.

Ды і наугол яны паляпшаюць настрой, радуюць, як кажуць, вока. Іх незвычайная прыгажосць, калі красуюцца на клумбах, прыцягвае ўвагу кожнага, хто праходзіць міма. Таму і каля нашых дамоў №4, №6 па вуліцы Перамогі штогод можна ўбачыць на клумбах прыгожыя ружы. Асабліва хочацца адзначыць стараннасць у гэтым накірунку дзвюх маіх суседак-пенсіянерак — Марыі Саламянай і Людмілы Лось. Кожнае лета яны радуюць нас новымі  і новымі відамі ружаў.

Хачу адзначыць, што вырасціць такія кветкі — справа нялёгкая. Я назіраю, як яны кожнай восенню рыхтуюць ружы да зімы, старанна ўкрываючы іх, а вясной адкрываюць тады, калі ўжо цяпло надыходзіць. Карацей, зрабіць трэба ўсё ў тэрмін, каб часам замаразак не знішчыў. Не менш клопату і летам — прапалоць, падкарміць, паліць. І, калі ласка, — вось яна, незвычайная прыгажосць! Любуйцеся.

А цяпер аб сумным. Трывога прыходзіць з наступленнем выпускных вечароў у школах, гімназіі, ліцэі. У школах у гэтым годзе яны прайшлі раней, тады, калі ружы толькі сталі распускацца. Ды, мабыць, і школьнікі сталі іншымі, таму і прайшло ўсё даволі спакойна.

Надзея была і на ліцэй, што і яны пакажуць сябе дастойна (іх выпускны ў канцы чэрвеня). Ды не. За адну ноч зніклі амаль усе ружы ў Марыі Саламянай, некалькі — у Людмілы Лось і гонар маёй клумбы — белая каралева — падрэзана пад самы корань.

Непрыемна, канешне, было ўсім жыхарам нашых дамоў, якія шчыра спачувалі, але асабліва балюча тым, хто садзіў і даглядаў. Мы, як кажуць, не паспелі яшчэ і палюбавацца.

Хочацца звярнуцца да маладых людзей, бо гэта ж, лічу, справа іх рук: «Не параджайце зло, учынкі вашы не павінны быць зладзейскімі».

Можна было б зрабіць усё па-іншаму: падысці да гаспадынь, пагаварыць, звярнуцца з просьбай. Думаю, і віншаванне б атрымалі з прычыны такой важнай падзеі, і кожная з жанчын падзялілася б.

Магчыма, гэта супадзенне, і я памыляюся. Тады прашу прабачэння.

Пішу таму, што гэта праблема не толькі наша, а і многіх. Ёсць любіцелі раздабыць нешта (не толькі кветкі) без намаганняў. І трывожыць тое, што ў сённяшнім нашым жыцці іх нямала.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,

г.п. Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Ответить

Войти с помощью: