У кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць мастакі слова, дзейнасць якіх, нібы аптычны фокус, з’яўляецца сканцэнтраваным у паэтычных вобразах, выражэннем усяго самага лепшага і высакароднага, да чаго ўзняўся народ на пэўнай ступені свайго гістарычнага развіцця.

Такімі мастакамі слова былі Пушкін і Талстой у рускай літаратуры, Шаўчэнка і Франко — ва ўкраінскай, Райніс — у латышскай, Гётэ і Шылер — у нямецкай, Шэкспір і Байран — у англійскай, Купала і Колас — у беларускай.

Імёны нашых народных паэтаў стаяць побач з імёнамі найбольш вядомых пісьменнікаў свету.

«У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала — вельмі цікавыя хлопцы. Проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крыху гэтых якасцей. Вось бы добра было», — такую ацэнку нашым класікам даў Максім Горкі.

«Купала і Колас — два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць  і слава. Іх вялікая дружба пачалася ў бурныя гады рэвалюцыі 1905 года, калі яны, маладыя і мужныя, упершыню выйшлі на літаратурную арэну, каб змагацца за свабоду і шчасце беларускага народа, якому яны прысвяцілі ўсё сваё жыццё», — пісаў Кандрат Крапіва.

Улетку 1912 года Якуб Колас упершыню сустракаецца з Янкай Купалам.

Янка Купала ўспамінае: «Пазваў мяне ў госці Якуб Колас. Грошай, як заўсёды, у мяне не было, каб наняць балагола, і я рашыў са станцыі Стоўбцы да вёскі ісці пехатой. Іду, іду, ужо і цямнець пачынае, кругом лес. Няма ў каго спытацца дарогі. Баяўся, што прыйдзецца ў незнаёмым вялікім лесе заначаваць, а тут і есці хочацца. Раптам павеяла вільгаццю, і я ўспомніў, што, па словах Якуба Коласа, Мікалаеўшчына стаіць на беразе Нёмана.

Вось і пайшоў я ў гэтым напрамку…»

З таго часу іх супрацоўніцтва не прыпынялася, што было на карысць кожнаму.

Варта адзначыць, што Якуб Колас і Янка Купала пачыналі з таго, чым скончыла беларуская літаратура ХІХ стагоддзя, у прыватнасці Францішак Багушэвіч.

Маладыя паэты выступілі ад імя працоўных мас як абаронцы і выразнікі іх грамадзянскіх ідэалаў і імкненняў.

«Жалейка» і «Песні жальбы» з’явіліся ў пэўным сэнсе працягам «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага», што зусім не прыніжае іх значэння і арыгінальнасці. Хутчэй наадварот вылучае як творы прыгожага пісьменства, робіць своеасаблівым паваротным рубяжом, які завяршае адзін перыяд у гісторыі нашай літаратуры, багушэвічаўскі, і пачынае другі — купалаўска-коласаўскі.

Якуб Колас, такім чынам, пачаў сваю дзейнасць як прадаўжальнік дэмакратычных традыцый беларускай літаратуры мінулай эпохі. Падобна да Багушэвіча, ён маляваў змрочную, прасякнутую глыбокім сумам і жальбай карціну жыцця заняволенага, зневажанага і асмяянага мужыка. Яго вершы «Наш родны край», «Вёска», «Мужычае жыццё», «Наша сяло», «Ворагам», «За падаткі», «Перад судом» і іншыя — гэта панарама старой жабрацкай Бларусі.

Бытавыя замалёўкі ў дакастрычніцкай творчасці паэта маюць занадта змрочны каларыт. У жыцці селяніна як быццам не відаць ніякага прасвету. Скрыўленыя хаты з парослымі мохам стрэхамі, анучамі ў вокнах замест шкла красамоўна сведчыць пра дастатак іх гаспадароў. А да ўсяго яшчэ і нівы неўрадлівыя. Пясчанае, пакрытае каменнем поле няшчодра аплачвае нечалавечыя пакуты аратага:

Многа тут працы і поту гарачага,

Сілы, здароўе мужык палажыў!

Жніва надыдзе — і жаць нам няма чаго:

Ніву пустую драсён заглушыў.

«Роднае поле».

Праз такія вось яркія замалёўкі паэт паказаў лёс беларускага народа і тым самым паставіў перад сучасным яму грамадствам пытанне вялікай сацыяльнай значымасці: жахлівая беднасць сялянства — не выпадковасць, а заканамерны вынік спрадвечнай несправядлівасці таго часу.

Народ і Радзіма неразлучны ва ўяўленні Коласа. Іх лёс усё жыццё хваляваў паэта, пра іх ён пісаў з глыбокім жалем у пару ліхалецця, з радасцю і ўсхваляванасцю пачаў гаварыць у савецкі час. Маці-Радзіма пастаянна была прадметам паэтычнага натхнення, крыніцай вялікай радасці.

Выглядаеш ты яснай вясной,

Наша маці, краіна Саветаў!

А зірнеш на цябе — і з табой

Маладзее ўся наша планета.

Пасля  рэвалюцыі Якуб Колас завяршыў пачатыя раней і напісаў новыя, самыя значныя свае творы ў паэзіі і прозе, якія горнымі вяршынямі ўзвышаюцца ў беларускай літаратуры і адначасова ўзнімаюць яе да ўзроўню перадавых літаратур свету.

У 1934 годзе выходзіць у свет аповесць «Дрыгва», прысвечаная гераічнай барацьбе беларускага народа ў гады грамадзянскай вайны. Гэта аповесць яшчэ больш прыкавала ўвагу пісьменнікаў да нашай надзвычай багатай гераічнай рэчаіснасці і накіравала развіццё беларускай прозы па шляху высокай прастаты, паклаўшы пачатак каштоўнай традыцыі — браць за героя мастацкага твора народнага героя, у якім якасці народа праяўляюцца з асаблівай паўнатой і бляскам.

«На прасторах жыцця» — аповесць аб нашай моладзі перыяду аднаўлення гаспадаркі пасля грамадзянскай вайны.

У грозныя дні Вялікай Айчыннай вайны набатам загучала слова народнага паэта. Яно падымала савецкіх людзей на свяшчэнную вайну з фашысцкімі захопнікамі, усяляла ў іх душы непахісную веру — быць перамозе!

О, калі б я меў такія рукі,

Зямля, абняў бы я цябе,

Каб сцішыць гора тваё, мукі

І сілу даць у барацьбе.

«Голас зямлі».

Жанр манументальнай ліра-эпічнай паэмы Якуб Колас замацаваў у нашай літаратуры «Новай зямлёй», «Сымонам-музыкам», «На шляхах волі», «Рыбаковай хатай» і «Адплатай».

Як Пушкіна нельга ўявіць без «Яўгенія Анегіна», «Палтавы», «Капітанскай дачкі», «Барыса Гадунова», Міцкевіча — без «Пана Тадэвуша» і «Дзядоў», так Коласа без яго «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», трылогіі «На ростанях» і іншых твораў.

Янка Купала — адно з самых папулярных і найбольш любімых імён у Беларусі. Можна з упэўненасцю сказаць, што ад малога да старога кожнаму глыбока запалі ў сэрца пранікнёныя, усхваляваныя паэтычныя радкі Купалы, якія апяваюць жыццё народнае, яго гераічнае змаганне за шчасце і волю, славяць дабро і ганьбяць зло.

Імя Янкі Купалы шырока вядома сярод усіх народаў былога многанацыянальнага Савецкага Саюза і далёка за межамі нашай Радзімы. Па глыбіні думкі, па выключнаму майстэрству цудоўныя творы паэта стаяць на ўзроўні лепшых здабыткаў сусветнай паэзіі.

Творчасць Янкі Купалы — гэта сапраўдны подзвіг магутнага па сіле народнага таленту, народжанага стагоддзямі, подзвіг творцы-барацьбіта, выдатнейшага майстра, які ўсё жыццё да апошніх дзён аддаў справе вызвалення свайго народа  і пабудове светлай яго будучыні.

Першыя творы як Якуба Коласа, так і Янкі Купалы цёпла сустрэў Максім Горкі, а верш Купалы «А хто там ідзе?» пераклаў на рускую мову, назваў гімнам беларускага народа.

А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

Варта ўдумацца ў апошнія радкі верша, каб зразумець, наколькі справядлівай была высокая ацэнка вялікага рускага пісьменніка.

Выдатна пісаў Купала пра жыццё горада, рабочы клас, наогул пра грамадскае аблічча савецкага чалавека.

Асабліва яркія, глыбока лірычныя творы прысвяціў Купала ў апошнія перадваенныя гады калгасным працаўнікам. Сярод іх вызначаюцца створаныя ў Ляўках на Аршаншчыне, дзе доўга жыў паэт: «Госці», «Лён», «Вечарынка», «Я — калгасніца…», « Алеся» і іншыя. Паэт усёй душою любіў свой родны край і на вякі ўславіў словам і хараство Радзімы, і яе веліч, і моц народа.

Але сэрца яго жыло не толькі абсягам роднага кутка, ён быў палымяным патрыётам роднага кутка, усёй вялікай Савецкай Радзімы, шчырым сябрам братніх народаў. Шмат твораў ён прысвяціў і любай яго сэрцу Украіне, і сонечнай Грузіі, і шырокім стэпам Казахстана.

Шчырыя, сардэчныя словы прысвяціў Купала вялікаму рускаму народу, слаўнай сталіцы ўсёй Савецкай Радзімы — Маскве.

Вялікую спадчыну пакінуў нам народны паэт, класік нашай беларускай літаратуры. Яго неўміручыя паэмы «Зімою», «У Піліпаўку», «За што?», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Безназоўнае», «Над ракой Арэсай», «Тарасова доля» і іншыя, а таксама п’есы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо» і сёння прыцягваюць увагу чытача, карыстаюцца надзвычай вялікай папулярнасцю.

Навала гітлераўскіх банд на нашу Радзіму глыбока ўзрушыла паэта. Але ён цвёрда верыў у перамогу і з першых дзён вайны палымяна заклікаў народ на барацьбу з ненавісным ворагам:

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэcлі век яны…

Паэт верыў, што гітлераўская зграя будзе знішчана. У гады, калі яму давялося жыць далёка ад любай Беларусі, але на блізкай яго сэрцу братняй зямлі (Расіі), ён аддаваў усе свае сілы, каб наблізіць час перамогі. Янка Купала ўсёй душой імкнуўся да роднай Беларусі, але бязлітасная смерць у чэрвені 1942 года абарвала яго жыццё напярэдадні шасцідзесяцігоддзя і не дала здзейсніцца марам.

Вялікі паэт не пабачыў свайго вызваленага краю, але яго неўміручая паэзія ва ўсе часы і радасці, і гора была са сваім народам.

У нашы дні яна яшчэ больш расквітнела на родных прасторах, і ўсюды, дзе б мы ні былі, куды б мы ні паехалі, пачуем, як гучаць ад шчырага сэрца ў кожнага чалавека купалаўскія бессмяротныя радкі. Мы чуем, з якім гонарам кожны вымаўляе адно з самых дарагіх і любімых імён у нашым народзе: Янка Купала.

Якуб Колас і Янка Купала — паэты дзвюх эпох: эпохі вызваленчага змагання і эпохі пабудовы сацыялістычнага грамадства. Яны гонар і слава нашага народа, нашай літаратуры.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Ответить

Войти с помощью: