Кацянятка з’явілася ў нашым двары ў канцы лета. Дзеці пачалі клікаць яго Аліскай, гулялі з ім,гадавалі. Кожную раніцу, калі я выходзіла з хаты, яно бегла да мяне, а ў яго зялёных вачах свяцілася адданасць і ласка. Вяртаючыся са школы, я сустракала кацяня каля пад’езда. Мне так хацелася забраць яго да сябе дадому, накарміць, адагрэць, але я ведала, што бацькам гэта не спадабаецца. Я гладзіла Аліску, выносіла ёй ежу на вуліцу. Яна ела, затым умывалася, мурлыкала, церлася аб мае ногі, быццам дзякавала, а я радавалася за яе. Праз некаторы час я пачала адчуваць сябе неяк няёмка, мне было сорамна перад ёй за тое, што я не магу зрабіць большага, а Аліса, здавалася, усё разумела. Кладучыся спаць, я кожны вечар выглядвала ў акно, махала Алісе, якая сядзела самотна на лавачцы, і жадала ёй добрай ночы.

Так прайшоў месяц. Ночы ў кастрычніку сталі халодныя, і я вырашыла папрасіць у мамы ўзяць Алісу  да нас. Аднойчы, калі мы ішлі разам, я не вытрымала і папрасіла матулю: ”Мамачка, давай возмем яе да сябе. Ва ўсіх павінен быць дом. Я буду пра яе клапаціцца. — Ведаеш, дарагая, мы не можам узяць кошку да сябе па некалькіх прычынах. Па-першае, за ёй трэба даглядаць, а раніцай мы сыходзім на працу, а ты ў школу, прыходзім толькі ўвечары. Яе ж трэба пакарміць,  пагуляць з ёй, а калі захварэе — палячыць. Па-другое, улетку, калі мы едзем адпачываць, некаму трэба за ёй таксама даглядаць. Ты павінна зразумець, што яна не адна з тваіх цацак, якія стаяць на паліцы, а такі ж член сям’і, як любы з нас

Што я магла сказаць маме, яна ўвогуле была права. Павярнуўшыся, я яшчэ раз зірнула на кошку. Яна, прабегшы крыху за намі, спынілася, прысела на тратуары, і сумна глядзела нам услед. Здавалася, што ўся наша размова была ёй зразумелай.

Аднойчы, калі я вярталася са школы, то не ўбачала сваю Аліску на звыклым для яе месцы. Я пачала клікаць яе, але ніхто не адзываўся. Недалёка я заўважыла натоўп дзяцей і нейкага незнаёмага мужчыну, які трымаў у руках кошку. Яны аб нечым размаўлялі.

— Хлопцы, я вам яшчэ раз тлумачу, што калі жывёла бяздомная, то мы вымушаны забраць яе ў прытулак для жывёл.

— Але яна не бяздомная, яна наша, — крачалі ў адзін голас дзеці.

— У кошкі павінен быць адзін гаспадар, а не дзесяць, толькі тады яна будзе лічыцца хатняй. Ну, калі гаспадара няма, тады я яе забіраю. Дзеці моўчкі глядзелі адзін на аднаго.

Я зірнула на Алісу. Яна нават не мяўкала і, здавалася, разумела, што вырашаецца яе лёс. Толькі яе зеленаватыя вочы сталі нейкія вільготныя, быццам напоўніліся слязамі.

— Гэта мая кошка, яе завуць Аліска, — нясмела сказала я. — Вярніце яе мне.

Мужчына, які накіраваўся да машыны, спыніўся:

— Твая? – здзіўлена спытаў ён, — ну, што ж, забірай. Толькі назаві мне свой адрас і тэлефон, каб я даведаўся ў бацькоў, ці зроблены Алісе адпаведныя прышчэпкі.

Хлопцы расступіліся і з павагай глядзелі на мяне. Я прыціснула кошку да сябе, назвала свой адрас і тэлефон і павольна пайшла дадому. Калі мы прыйшлі, то спачатку я пазнаёміла яе з кватэрай, на кухні для Аліскі наліла ў сподак малака, на балконе ўзяла cкрынку з-пад абутку і змайстравала ёй жыллё, а ў другую — насыпала пяску. Аліса моўчкі ела і адначасова назірала за мной, затым падышла, прыціснулася да мяне і ўдзячна замурлыкала.

Увечары мы з маёй любіміцай чакалі бацькоў. Мама, убачыўшы нас, здзіўлена паглядзела на тату і яны пачалі смяяцца, мы стаялі і разгублена паглядалі на іх, а потым — смяяліся разам, бо я зразумела, што Аліска будзе жыць у нас. Затым я распавяла тату гісторыю, якая адбылася на вуліцы, і як я  выратавала яе ад прытулку для жывёл, што я не магла паступіць па-іншаму, бо мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Бацькі далі згоду на засяленне ў кватэру новага жыхара, а я паабяцала ім, што буду вельмі добра клапаціцца пра яе.

Потым мы доўга гуляліся з нашай прыгажуняй, а яна, быццам усё разумеючы, лашчылася да ўсіх нас па чарзе, уставала на заднія лапкі ды мурлыкала, мабыць дзякавала, прыжмурыўшы свае зялёныя вочкі. Усе былі задаволеныя і шчаслівыя. А ноччу, калі я спала, мне прысніўся сон, дзе мая Аліска размаўляла чалавечым голасам і, седзячы на лавачцы з іншымі каткамі, распавядала ім пра мяне і тое, як я яе выратавала. Тыя слухалі з задавальненнем і зайздросцілі ёй. Раніцай я прачнулася і хуценька пабегла да Аліскі, каб яе нагадаваць, а тая неяк дзіўна на мяне глядзела, прыплюсквала вочкі і мурлыкала. Пасля сняданку мы пайшлі на вуліцу, там нас чакалі дзеці.

На некаторы час я забылася пра свайго гадаванца, бо гуляла з дзецьмі ў розныя гульні. А калі прыйшоў час ісці дадому, то заўважыла яго на лавачцы з іншымі каткамі, і яны, здавалася, сапраўды размаўлялі паміж сабой і тайком сачылі за мной, а Аліска прыплюсквала вочкі і матляла хвастом.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: