«Усе мы — як лісце на дрэвах. Пакуль вецер часу не адарве нас ад галінкі, праз якую мы злучаны з дрэвам, мы расцём, зелянеем. Мы жывём!» — пісаў Барыс Сачанка. Гэтыя радкі пісьменніка дапамагаюць нам зразумець многія жыццёвыя з’явы, параўнаць іх і асэнсаваць. Так, мы — лісце на дрэвах, а дрэва — нашы бацькі. Толькі пасля таго, як іх не стане, мы зразумеем, што яны для нас значылі, каб мы «раслі і зелянелі».

Вось яшчэ толькі два-тры гады, як не стала маіх бацькоў. Сум, туга, роспач не пакідаюць сэрца. Рука міжволі  кожны дзень цягнецца да тэлефона, каб набраць «3-58». Але ў адказ — глухая цішыня…

Крупка, Лельчицкий район, жители

Таму вось пішу ім туды, на неба, каб расказаць аб усім, што адбываецца ў роднай вёсцы, на роднай вуліцы, у роднай хаце, на родным падворку. Бо бацькі «нябачна ўсюды крочаць з намі, нячутна ўсюды з намі размаўляюць», як пісаў паэт Яўген Пясецкі.

Яшчэ добра помняцца Вашы галасы, мае дарагія, Вашы позіркі, асабліва адзінокія постаці на вуліцы, супраць роднай хаты, калі Вы стаялі і махалі рукамі ад’язджаючым ад Вас дзецям. Хацелася тады заплакаць, вярнуцца і прыжацца да калючай шчакі бацькі і мяккіх вуснаў маці, родных твараў, рук.

Але мы, як заўсёды, саромеліся выказаць свае пачуцці. Ды і не прывыклі мы да гэтага з самага ранняга дзяцінства, бо не было Вам калі шкадаваць нас: трэба было працаваць, працаваць, працаваць… Але мы добра адчувалі, разумелі, што Вы нас шкадавалі. Для каго ж Вы стараліся?

А цяпер вось абняць, пашкадаваць няма каго… Сумуе і Ваша хата без Вас, хаця мы не закінулі яе, навялі парадак і чысціню. Выкінулі старую грубу і паставілі новую. Прыйшлося выкінуць, на жаль,  і печ. Колькі думак і перажыванняў было з-за гэтай нашай печы! Печ — гэта ж душа сялянскай хаты, душа гаспадыні! Гэта як музычны інструмент у руках музыкі! Гэта ж цэлае Ваша жыццё прайшло каля яе, мамо! Да апошніх дзён мы ўсе называлі маці «мамо», бо дзяды нашы — перасяленцы з Украіны.

Да печы прыбягалі мы з двара, каб пагрэцца. Да печы падыходзілі мы, каб Вы праверылі ў нас урокі. А колькі смакоцця гатавалі Вы, мамо, нам у печы! Мы ўсё помнім  і цяпер і ніколі не забудзем. Гэта і юшка з грыбамі кожнага ранку, і «тушанка», як мы казалі (тушаная бульба), і тушаная капуста, і шэры боршч, і каша пшонная, і пірагі-завіванікі, і халадзец, і коўбік свінны, і мяса ў цесце, і «смажэнка» Ды ўсё і не пералічыш! А колькі перасушылі ягад, грыбоў, груш!

Як жа цяжка пагэтаму было даць каманду выкінуць нашу печ! Вы ж так яе глядзелі! Заўсёды яна стаяла белая і чыстая! Але паліць яе ўжо нельга было. Пагэтаму замест яе прыйшлося зрабіць грубу з плітой. Так было вырашана, каб было цёпла.

Прыйшлося пафарбаваць і падлогу ў першым пакоі, чаго Вы заўсёды вельмі не хацелі. Шашань стаў есці ўсё ў хаце. Пафарбавалі ў белы колер і канапу, буфет, шафу, дзверы, якія вы, папа, зрабілі сваімі рукамі. Чысціня ў хаце незвычайная. І пабялілі ж сцены ў хаце. Так стала чыста, утульна, але без Вас так пуста і сумна…

Вакол хаты насадзілі чарнабрыўцаў, мальвы. Абкошваем некалькі разоў і траву. Грады цяпер каля дома не садзім, а толькі бульбу на тым загоне, што каля груш, і на Мацвеевым полі, якое мы выкупілі. Вельмі добрая ўдалася ў гэтым годзе бульба. А колькі было груш! Так і абсыпаліся яны ўсе — пагнілі. Ніколі не забыць гэтыя грушы-сапяжанкі, спечаныя ў печы! Толькі вы, мамо, умелі так зрабіць! Нараслі ў гэтым годзе і кавуны. Сапраўдныя кавуны, аб якіх мы ніколі нават не марылі, а бачылі толькі на малюнках. Праўда, у асноўным невялікія, але сочныя, салодкія.

За нашай хатай расце ўжо хмызняк, тыпу ляска. Там, кажуць, растуць ужо грыбы. І ў «ямах» таксама. Цяпер была процьма грыбоў. Толькі не лянуйся! Але ніхто з нашых не змог прыехаць, на жаль. Усе нашы «заланы» заваліліся, кажуць, грыбамі, ягадамі. Я па-добраму зайздросціла, бо ўжо сама засталася, а падвезці не было каму. Прыйшлося купляць. Праўда, па «зялёнкі» ўдалося з’ездзіць некалькі разоў.

Прыязджалі з Гомеля Люда з мужам. Яны ўжо 3-ці год будуюць сабе дачны домік. Купілі ў Алая старую хату і будуюць па-новаму. Ужо нават паставілі баню. А старую хату не разбураюць. Бо «куды ж ты пойдзеш ад зямлі, якая сілкуе ўспамінам тваё сэрца?»

Змяніліся нашы «заланы». Прыгажосць і чысціня каля хаты Ласоўскіх. Столькі кветак! А які парадак на агародзе! Тое ж і каля хаты цёткі Насці. Прыязджаюць дзяўчаты, наводзяць парадак усюды. А каб вы бачылі, што робіцца на селішчы Вашага кума Мікалая Мішуры! Дачка Антаніна пераехала з Мазыра і змяніла падвор’е бацькі. Тэрыторыя каля хаты раскарчована, абкошана, добраўпарадкавана. А колькі кветак! Тут і лілеі розных сартоў, півоні, вяргіні, рамонкі. А які багаты агарод! Такое ўсё цудоўнае, дагледжанае! А колькі макетаў розных птушак, звяроў! Тут і цудоўная банька, сад. Усе астатнія дзеці дзядзькі Колі вельмі ўдзячны Антаніне за тое, што яна беражэ бацькаву хату, што можна прыехаць і ёсць куды прыехаць, каб адпачыць душой. Пажадаем ёй здароўя і поспехаў у працы.

А вось Есіпавым, напрыклад, няма куды прыехаць, на жаль. У нас жа на вуліцы быў моцны пажар. Нехта падпаліў траву, і магла згарэць уся вуліца. Нашай хаце таксама пагражала бяда, каб не суседзі, людзі і пажарныя. Дзякуй ім.

А вось селішча дзядзькі Есіпа і цёткі Юлі згарэла датла. Нічога не засталося. Прыязджалі ўсе дзеці, пастаялі, паплакалі і паехалі. Цяпер нельга і пазнаць, дзе была тая хата. Згарэлі і антонаўкі дзеда Бардаўца. Вось што вельмі шкада. Такіх антонавак ужо нідзе амаль і не знойдзеш!

Бяда пагражала і хаце дзядзькі Антона. Але, на шчасце, змаглі людзі ўратаваць.

Яшчэ хочацца мне расказаць Вам пра Мішу Марціновіча, сына Івана Мікітавіча і Ганны Дзмітрыеўны, нашых першых настаўнікаў. Ён не толькі збярог цудоўны дом бацькоў, але і зрабіў сапраўдны ўчынак. Замест таго, каб сядзець у сталіцы і хадзіць па тратуарах, ён прыехаў у родную вёску, узяў некалькі гектараў зямлі і займаецца земляробствам. І ўсё па-навуковаму, па-гаспадарчы. Мы не верылі спачатку яго намаганням. Але ў гэтым годзе ён частаваў нас сваёй малінай, чорнымі парэчкамі. Магчыма, у наступным годзе будзем смакаваць яго ажыны, буякі, агрэст. Усёй сям’ёй працуюць з раніцы да вечара.

Насцярожанасць ад яго дзейнасці паступова адыходзіць. Адным словам, не пазнаць нашы «заланы». Гэта адна з лепшых вуліц нашай вёскі. І вялікі ўклад унёс у гэта Міхаіл Іванавіч Марціновіч.

Яшчэ я хачу расказаць Вам, мае дарагія, вось аб чым. Нядаўна мы адсвяткавалі святую Прачыстую, Пакравы, а яшчэ крыху раней — наша «Спленне». Помніце, так называлі яго Вы, так называем яго заўжды і мы. Слова «спленне» мы звязвалі са словам спець. Дык у гэты час (28 жніўня) і сапраўды ўсё ўжо паспявае. Чаму і не адсвяткаваць гэта?! Спрадвеку павялося, што на гэтае свята ўсе павінны прыходзіць, прыязджаць менавіта ў Крупку (а на Прачыстую. напрыклад, у Берзавод). У кожнай вёсцы быў, як кажуць, свой дзень прыходу раз у год. Гэта было па значымасці, як «Паска» (Пасха).

Помніце, як мы рыхтаваліся да гэтага дня? Прыбіралі, мылі, абдумвалі, чым будзем частаваць гасцей. А тое, што яны будуць абавязкова, ведаў кожны. Не прыйсці на Спленне — вялікая крыўда для гаспадара. А яшчэ горш — прапусціць хату, прайсці міма.

У гэты дзень у вёску дабіраліся хто чым мог. Каля кожнай хаты сядзелі на лаўках прыбраныя людзі і спявалі. Кожны гаспадар стараўся пачаставаць гасцей чым найлепш.

А пад вечар усе збіраліся ў клуб. Прыходзіла моладзь з розных акружных вёсак. Нашы хлопцы пільна сачылі за «чужымі», каб не запрашалі нашых дзяўчат крупянскіх. Але хто мог перашкодзіць! І тут пачыналіся бойкі, нават да крыві. Прыходзілася разнімаць «байцоў». Разыходзіліся з клуба пад раніцу.

Цяпер няма ўжо таго і клуба, і тых танцораў, і тых спевакоў. Адышлі ў нябыт.

Але свята засталося ў сэрцах людзей, у тых, хто стаяў ля клуба пад вокнамі і пазіраў на ўсё шырока адкрытымі вачыма. Такіх яшчэ шмат засталося.

Менавіта яны вырашылі ў гэтым годзе адрадзіць святкаванне «Сплення». На дапамогу прыйшоў інтэрнэт. Знайшліся і ініцыятары, якія аб’явілі агульны збор 28 жніўня ля возера. Многія скептычна аднесліся да гэтага. Не паверылі, што такое магчыма.

І вось гэты дзень настаў. Пад’язджаючы да возера, адразу заўважаю, што людзей сабралася нямала. І не ўсіх можна пазнаць ужо. Выходзім, вітаемся. Не ўсе пазналі і мяне. Мае гады — маё багацце. Не трацім часу. Адразу едзем да школы. Куды ж яшчэ?! Ставім сталы на вуліцы, у школьным садку. Праўда, гэта не тая школа, дзе мы вучыліся. Той даўно ўжо няма. А ў гэты час яшчэ пад’язджаюць госці. Недзе сабралася чалавек 40. Гэта былі крупянцы, якія даўно жывуць цяпер у Мазыры, Гомелі, Магілёве, Мінску, Лельчыцах, Зашыр’і і іншых гарадах і вёсках.

Усе былі рады сустрэчы, усе стараліся расказаць пра сябе, падзяліцца сваімі ўспамінамі. Кожны прыехаў не з пустымі рукамі. Быў накрыты цудоўны стол.

Як хацелася, мамо, каб і Вы з бацькам пасядзелі разам з намі і заспявалі сваю любімую песню:

Зялёнае жыта, зялёна — харошыя госці ў мяне.

Зялёнае жыта, асака — прыехалі госці здаляка.

Але мы спадзяёмся, што Вы ўсё гэта бачылі і чулі. Чулі, як мы ўсе спявалі розныя песні: і народныя, і сучасныя. Шмат слоў удзячнасці прагучала ў адрас нашых першых настаўнікаў: Івана Мікітавіча Марціновіча і Ганны Дзмітрыеўны, якая і зараз яшчэ жыве ў Мінску. Ёй ужо больш за 90 гадоў.

Крупка, Лельчицкий район, жители

Усе выказалі жаданне прыехаць і на наступны год. Пасля былі фота на памяць. Спадзяваліся, што на наступны год збярэцца значна больш людзей.

Хутка наступяць асеннія «дзяды». Мы прыедзем у нашу родную хату, наварым куцці і паставім, як гэта рабілі Вы, мамо, звычайна на сена ў куток, пад абразы. А яшчэ наварым кісялю, розных страў. І будзем маліцца за Вас, каб некалі і нашы дзеці памаліліся за нас. Прыходзьце на «дзяды», мае родныя, дарагія. Мы будзем Вас чакаць, як некалі ў дзяцінстве чакалі мы сваіх дзядоў і не спалі. Ваша Наталка (так вы мяне звычайна называлі).

Наталля ФІЦНЕР, аг. Буйнавічы. 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: