Гэты прыгожы юнак з добрымі вачыма — вучань 11 класа Букчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Дзяніс Гайкевіч. Напісаць пра яго мне хочацца  менавіта на беларускай мове, таму што нават у сацыяльных сетках Дзяніс вядзе зносіны са сваімі сябрамі толькі на роднай мове.

Таленавіты, працавіты, мэтанакіраваны, добры, шчыры, адкрыты — гэта ўсё пра Дзяніса. З самага дзяцінства ён актыўны ўдзельнік усіх школьных і раённых мерапрыемстваў і конкурсаў. Але гэты вучэбны год, апошні ў нашай школе, асабліва шчодры на перамогі. Першае месца ў раённым этапе творчага конкурсу «АрхНавацыя», 2-е месца ў раённым этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці, пераможца раённага этапу конкурса «Фэст буктрэйлераў  па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа». На другі этап рэспубліканскай алімпіяды Дзяніс адправіўся тройчы і ўсюды — цудоўны вынік: дыплом першай ступені па беларускай мове, дыплом другой ступені па грамадазнаўству, дыплом трэцяй ступені па гісторыі. Па ўмовах трэцяга, абласнога, этапу рэспубліканскай алімпіяды вучань мае права прыняць удзел у алімпіядзе толькі па аднаму прадмету. Таму, калі загадчык раённага метадычнага кабінета Валянціна Жураўлёва прапанавала выбраць Дзянісу адзін прадмет з трох, то ён, доўга не раздумваючы, спыніўся на грамадазнаўстве. Гэта прадмет, якім ён даўно зацікаўлены, прадмет, які стане асноўным у яго будучай прафесіі.

І вось, нарэшце, абласная алімпіяда, першая ў жыцці Дзяніса. Чатыры дні напружанай работы, чакання, хвалявання… Калі яшчэ раніцай, 11 студзеня, Дзяніс напісаў мне: «У 14. 30 будзьце на сувязі», — я зразумела, што, мабыць, будуць добрыя навіны. У прызначаны час на тэлефон прыйшло не проста паведамленне, а фотаздымак дыплома 2 ступені, атрыманага Дзянісам.

Увесь калектыў нашай школы, і педагогі, і вучні вельмі рады за Дзяніса. Усе разумеюць, што гэта перамога не выпадковасць, а рэзультат пастаяннай работы над сабой.

Асобным словам хочацца адзначыць і маладога педагога Ірыну Раманькову. Яна толькі трэці год працуе ў нашай школе, многаму ёй яшчэ трэба вучыцца і самой, але яна не шкадавала свайго часу для Дзяніса і дапамагала яму, чым толькі магла. Вялікі дзякуй ёй за гэта.

Наперадзе ў Дзяніса яшчэ многа выпрабаванняў: заключны 4 этап рэспубліканскай алімпіяды (Дзяніс са сваім высокім вынікам увайшоў у склад абласной каманды), цэнтралізаванае тэсціраванне, паступленне… Мне хочацца пажадаць толькі аднаго: «Дзяніс! Няхай у цябе ўсё атрымаецца! Мы верым у цябе. Я веру ў цябе!»

Таццяна АЛЕСІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Букчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа».

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: