Ужо падведзены вынікі першага этапу рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» для вучняў 7 і 8 класаў, які праходзіць па ініцыятыве кампаніі velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі конкурсу запісвалі відэа, на якіх яны чытаюць творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры.

Прафесійнае журы, у складзе якога працавалі пісьменнік, рэдактар ​​часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч, вызначыла па 30 лепшых прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска, якія выступяць у другім этапе конкурсу.

Удзельнікі конкурсу размяшчалі ролікі на асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак — Вконтакте, Facebook або Instagram. Варта зазначыць, што ўдзельнікі з Гомеля і Гомельскай вобласці даслалі на конкурс 355 відэа, 30 з іх сталі пераможцамі першага этапу. Прыемна, што сярод фіналістаў ёсць і нашы землякі. Гэта вучаніца 8 класа лельчыцкай сярэдняй школы №2 Дар’я Грудніцкая (настаўніца — Вера Шур), васьмікласнік лельчыцкай сярэдняй школы №1 Уладзіслаў Лось (настаўнік Наталля Некрашэвіч) і вучаніца 7 класа Ліплянскай сярэдняй школы Ганна Шаталава (настаўнік Алена Лось).

Цікава было пагутарыць з пераможцамі і іх педагогамі, пачуць усё, як кажуць, з першых вуснаў. Таму і запрасіла ўсіх у рэдакцыю.

Дарэчы, Уладзіслаў Лось падрыхтаваў урывак з паэмы “Сымон-музыка” Якуба Коласа. Чаму менавіта гэты твор? Вось меркаванне настаўніцы лельчыцкай школы №1 Наталлі Некрашэвіч:

— Мяне вельмі ўразіла, як пранікнёна, з душой Уладзіслаў чытаў гэты ўрывак на ўроку. Калі рыхтаваліся да конкурсу, то выбралі моманты трагічныя і вясёлыя. Уладзіславу ўдалося выразіць пачуцці, у яго тонкае адчуванне беларускага слова, хлопчык цудоўна чытае, гібка заўважае, дзе патрэбна змяніць інтанацыю ці тэмбр голасу. Думаю, падрастае будучы артыст! З такім вучнем лёгка і прыемна працаваць, бо ў яго талент ад Бога.

Уладзіславу вельмі спадабалася ўдзельнічаць у гэтым незвычайным конкурсе. Прыемна было і тое, што многія, у тым ліку і блізкія, знаёмыя,  пачулі яго выступленне і змаглі ацаніць. Дарэчы, чытаць Уладзіслаў любіць з дзяцінства. Калі быў маленькім, нават спаць не лягаў, пакуль бацькі не прачытаюць яму казку ці верш.

— Ганна Шаталава ў асноўным рыхтавалася да конкурсу самастойна, — гаворыць настаўніца роднай мовы і літаратуры Ліплянскай школы Алена Лось. — Яна вырашыла зрабіць нам сюрпрыз. Гэта дзяўчынка вельмі актыўная і таленавітая, у мінулым годе яна ўдзельнічала ў конкурсах “Залатыя россыпы”, “Шануйце спадчыну сваю”, Захаваем свет разам” і іншых. У яе інтарэсы разнастайныя: Ганна спявае, танцуе, цудоўна чытае вершы і празаічныя творы, пры гэтым выдатна вучыцца — словам, паспявае ўсюды.

— Да конкурсу я падрыхтавала верш “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў” Васіля Зуёнка, — далучаецца да размовы Ганна. —  Лічу, што ваенная тэма заўсёды актуальна, яна кранае за душу і нікога не пакідае абыякавым. Прыходзілася начытваць верш, прадумваць дэкарацыі, касцюмы. Мне дапамагалі бібліятэкар Ала Паўлечка, спецыяліст мясцовага дома культуры Ніна Бандарэнка. Прыемна, што ўвайшла ў трыдцатку лепшых у вобласці. На працягу некалькіх гадоў была пераможцай першага этапу абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, гэта мае любімыя прадметы. З задавальненнем буду прадаўжаць барацьбу ў другім этапе конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom».

Яшчэ адна пераможца — Дар’я Грудніцкая — з лельчыцкай школы №2 зараз на адпачынку ў санаторыі, таму пра падрыхтоўку да конкурсу даведалася ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Веры Шур.

— Дар’я прачытала ўрывак з апавядання “Дзяльба кабанчыка” Віктара Карамазава, — удакладняе Вера Станіславаўна. — Мы выбралі твор, у якім падымаецца праблема адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі. Асабліва ўражвае, закранае душу эпізод, дзе сын Сцяпан кінуў позірк на рукі маці — чорныя, змораныя ад працы, якія ніхто не гладзіў, не цалаваў, але якія вынянчылі дзяцей, выпусцілі іх у свет. У Дашы атрымалася перадаць пачуцці, яна вельмі добра гэту тэму пражыла. А задача была такая: данесці ўсё гэта да тых, хто будзе слухаць, каб яны накіравалі сваю любоў і пяшчоту на бацькоў, пакуль яны побач, пакуль ёсць яшчэ час пабыць з самымі роднымі людзьмі, пагаварыць з імі.. Вельмі балюча ад таго, што дзеці не берагуць сваіх бацькоў… Кола жыцця круціцца, а мы падчас не заўважаем галоўнага — тых, каму мы абавязаны жыццём.

Старшыня журы Уладзімір Ліпскі вось усхвалявана выразіў свае ўражанні ад знаёмства з конкурснымі работамі. «Гэта цуд! Я ўражаны тым, як дзеці чытаюць класікаў беларускай літаратуры. Як яны разумеюць гэтыя творы і прапускаюць іх у самую душу. Яны сапраўдныя артысты! Уражвае і тое, як добра яны ведаюць беларускую мову і валодаюць ёй. Я ўдзячны арганізатарам за тое, што далі жыццё такому цудоўнаму праекту».

Рэгіянальныя фіналы пройдуць з лютага па красавік 2018 года, дзе чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Па іх выніках пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёну будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў маі 2018 года, пераможцам конкурсу будуць уручаны смартфоны маркі Apple.

У velcom падзякавалі ўсіх удзельнікаў конкурсу, а таксама іх педагогам і бацькам за ўвагу да праекта і сапраўдную цікавасць да беларускай літаратуры і выказалі задавальненне, што праект «Чытаем па-беларуску з velcom» адкрывае для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстоўвае магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: