Вядома, што на выбарах у мясцовыя Саветы ў сваёй большасці  дэпутатаў выбіраюць у сельскія  Саветы. І кандыдатаў у дэпутаты выбаршчыкі ведаюць асабіста, часта з імі сустракаюцца, бачаць іх здольнасці ў працы, іх адносіны да ўсяго акружаючага, да людзей, якія і будуць у часы выбарчай кампаніі выказваць свае меркаванні аб тым ці іншым кандыдаце, які балаціруецца ў мясцовыя Саветы.

Беларускі народ вельмі даверлівы, разважлівы і па сваіх звычках і паводзінах — спакойны. Можа гэта таму, што на працягу доўгіх сівых тысячагоддзяў не ўдалося яму пабудаваць піраміды, каб імкнуцца да верху, бліжэй да сонца, а, вядома, і да жыцця. А цягнула яго наніз, бліжэй да зямлі. Нават калі паглядзець малюнкі паркавых ансамбляў мінулых вякоў, дык нескладана заўважыць адну асаблівасць: паверхаў у будаўніцтве «маёнткаў»  было ўсяго два-тры. І гэта не таму, што не ўмелі будаваць і жыць па-другому, а знарок штосьці іх стрымлівала. А трымала іх усё ж тая цяга да зямлі, векавое разуменне: чым ніжэй сядзіш, тым лягчэй будзе падаць на зямлю. І гэтая філасофія замацавалася за беларусамі не на адно тясячагоддзе. Магчыма таму, што даводзілася падаць вельмі часта. І станавілася зразумелым, што асцярожнасць ва ўсім стала адной з галоўных мэт нацыянальнага характару, а яе найвышэйшым падмуркам стала разважлівасць.

Значныя складанасці ў жыцці беларуса былі на працягу многага часу, але ж самыя  хвалюючыя для яго былі не такія ўжо і далёкія дзевяностыя гады, калі рэальнасць уварвалася ў яго жыццё. З цягніка, што імкнуўся ў сацыялізм, у цудоўную далеч, яму патрэбна было перасесці ў цягнік з курсам — на капіталізм, у спустошаную рэальнасць…

У канкурэнцыю.. У іншыя чалавечыя стасункі… Без ілюзій… На хаду ўскочыць у новы састаў… Імгненна… І для яго ўсё гэта адбылося занадта нечакана. І давялося тут яму спасылацца зноў-такі на сваю талерантнасць, прыдумваць новую версію жыцця. Жорсткую, рацыянальную. Бо жыццё паўсюдна заклікала, крычала: «Мяняй! Мяняй!» А быў беларус да гэтай зусім новай ролі не гатовы розумам, сэрцам, не падрыхтаваны на фізічным узроўні. Штодзённа патрэбна было змагацца, змагацца з самім сабой, са сваім няўмельствам, са сваёй псіхалогіяй…

І сваёй памяркоўнасцю, не без удзелу органаў улады самастойнай і незалежнай Рэспублікі Беларусь, пачаў ён будаваць сваё новае жыццё. Паўсюдна пачало весціся жыллёвае будаўніцтва не толькі ў буйных гарадах, але і на вёсках, будаўніцтва дарог паміж населенымі пунктамі. І нашы Лельчыцы аднавілі сваё аблічча: пачалі вырастаць цэлыя мікрараёны, поўнасцю заселена «Поле цудаў», падведзены ад усіх вёсак да райцэнтра дарогі з цвёрдым пакрыццём, па якіх штодзённа імчацца легкавікі і іншы транспарт…

Успамінаецца, як некалі, з паўсотню гадоў таму, сярод Лельчыц тулілася невялічкая драўляная аўтастанцыя, ад якой у напрамку вёсак па бездарожжы хадзіла некалькі грузатаксі. Непадалёку размяшчаўся ў прыстасаваным памяшканні рэстаран, якога празвалі «Пад фікусам», праз дарогу ў драўлянай сялянскай хаце была гасцініца на чатыры ложкі, з адной невялічкаю грубкаю, якая ацяплялася дровамі…

Цяпер жыццё людзей ідзе па-іншаму. Здавалася б, ну што змогуць зрабіць мясцовыя Саветы ў паляпшэнні дабрабыту жыцця людзей? А многае…

Скажам, калі выбраны дэпутат у мясцовыя Саветы будзе жыць інтарэсамі сваіх выбаршчыкаў, дык і справы ў апошніх будуць цікавейшымі. Хіба, да прыкладу, нельга выявіць дэпутату ў адзінокай састарэлай жанчыны на вёсцы, у якіх умовах яна жыве, ці ёсць у яе паліва на зіму, якую п’е яна ваду, ці ёсць у яе нейкі запас кармоў, калі трымае яна штосьці ў сваёй гаспадарцы, як яе абслугоўвае сацыяльны работнік і іншае? Хіба нельга дапамагчы адзінокім састарэлым жанчынам арганізаваць «дом зімоўкі», які цяпер стаў адной з навінаў у нашай краіне? Усё магчымае, пры жаданні выбранніка, калі ён будзе сумленным і адданым сваёй справе, будзе штодзённа жыць інтарэсамі сваіх выбаршчыкаў.

У часы падрыхтоўкі і правядзення выбараў у мясцовыя Саветы выбаршчыкам патрэбна заўсёды мець сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, бо прыйсці на выбары — абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны. За каго аддаць свой голас — вырашаць кожнаму самастойна, галоўнае, каб да ўлады прыйшлі тыя, хто неабыякава адносіцца да праблем людзей.

Анатоль КАШЭВІЧ,

в. Чырвонабярэжжа.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: