Калі запытаць у жыхароў нашага раёна, які старадаўні абрад гукання вясны яны ведаюць, то людзі абавязкова ў першую чаргу назавуць тонежскую «Чырачку». Унікальнасць і непаўторнасць яго — у захаванні народных традыцый, якія перадаюцца ў вёсцы з пакалення ў пакаленне. Невыпадкова гэтаму прыгожаму абраду прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні свята мясцовыя гаспадыні абавязкова замешваюць цеста і пякуць з яго фігуркі птушак — чыркоў, адсюль пайшла і назва абрада. А спраўляюць яго заўсёды ў апошні дзень Масленіцы.

Старажылы вёскі шмат чаго цікавага могуць расказаць пра «Чырачку». Многія з іх успамінаюць дзяцінства, як яны забіраліся на стог сена або на якую хатнюю прыбудову (бліжэй да сонца!) і гучна спявалі — так вясну клікалі. Только стравы тады былі самыя простыя: жанчыны гатавалі боршч, кашу, пяклі пампушкі. Але, нягледзячы ні на што, свята дзеці любілі і вельмі чакалі.

Яшчэ ў гэты дзень дзяўчаты і жанчыны спяшаліся ўмыцца менавіта талаю вадой, якая капае са стрэх, бо верылі, што гэта дапаможа ім захаваць прыгажосць і здароўе. Кароў таксама паілі талаю вадою, каб яны не хварэлі і давалі добрае малако.

З году ў год абрадавыя дзеянні не мяняюцца, але гэта не робіць свята менш цікавым і захапляльным. Абавязковы і асноўны яго атрыбут — ялінка з яркімі папяровымі кветкамі, якая з’яўляецца сімвалам роду. Яе дзяўчаты ўпрыгожваюць перад самым абрадам, ставяць у гаршчок з жытам — сімвалам сям’і. Рознакаляровых кветак павінна быць парная колькасць, каб усе дзяўчаты і хлопцы знайшлі сабе пару. Лічылася: чым прыгажэйшай будзе елка — тым хутчэй і вясна прыйдзе.

А галоўнае святочнае дзейства заўсёды адбываецца на самым высокім месцы — Чарніцовых гарах, якія знаходзяцца на краю сяла. Менавіта туды і адправілася шэсце: уперадзе ішла моладзь — адзін хлопец з елкай у руках,  другі — нёс пудзіла Зімы ў выглядзе роставай лялькі, дзяўчаты — прыгожыя, у яркіх хустках, а старэйшых жыхароў, таксама па-святочнаму апранутых, коні везлі на вазах. Жанчыны па дарозе так гучна спявалі песні-вяснянкі, што чуваць было тое рознагалоссе на ўсё наваколле. Па дарозе нікога не мінавалі, кожнаму, каго сустракалі, давалі пернік у выглядзе птушкі, жадалі здароўя, дастатку, шчасця. У гэтым годзе святкаванне «Чырачкі» супала з правядзеннем выбарчай кампаніі, таму шэсце спынілася каля сельвыканкама, дзе быў выбарчы ўчастак. Жанчыны падаравалі ўсім, хто прагаласаваў і выходзіў з памяшкання, цудоўную канцэртную праграму і, канечне, — печыва-птушку з самымі найлепшымі пажаданнямі. Цудоўны настрой і агульнае вяселле панавала вакол. Мабыць, менавіта «Чырачка» так добра паўплывала на актыўнасць і настрой выбаршчыкаў:  у Тонежы яўка на ўчастку была стопрацэнтнай.

А на гары свята прадоўжылася. Усе разам гукалі вясну: «Эй-гу, вясна, эй-гу, красна, што ты нам прынесла? Гаршчок масла, гаршчок сыру. Старым бабкам — па кіёчку, малым дзеткам — па яечку». Усе спявалі песні, вадзілі карагоды, ладзілі гульні, жартавалі. А яшчэ і старыя, і малыя пад дружны смех качаліся з пагоркаў, каб быць увесь год здаровымі і дужымі. Тут жа на вогнішчы спалілі пудзіла Зімы. А елку замацавалі на самым высокім дубе, каб яна была бліжэй да сонейка — тады да яе прыляцяць птушкі і на сваіх крылах прынясуць вясну-красну.

Закончыўся абрад сумесным частаваннем рознымі смачнымі стравамі, з любоўю прыгатаванымі мясцовымі гаспадынямі ў печы з натуральных прадуктаў.

Потым людзі разыходзіліся па дамах, але кожны верыў: праз год зноў усіх аб’яднае «Чырачка», каб з надыходам цёплых і ясных веснавых дзянькоў пажадаць усім здароўя, шчасця, прамяністых усмешак і цудоўнага настрою.

 

Фото Николая НИКИТЕНКО

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: