Вытокі музычнай плыні — Уладзіміра Васільевіча Журовіча

0
687

Аматарам музычнага мастацтва, асабліва старэйшага пакалення жыхароў Лельчіцкага раёна, добра вядома імя Уладзіміра Васільевіча Журовіча. Яго ведаюць не толькі ў нашым краі, але і ва ўсёй Беларусі.

Уладзімір Васільевіч Журовіч — вядомы кампазітар, аўтар песень, аранжыроўшчык народных песень, харавы дырыжор — нарадзіўся 11 лютага 1938 года ў Лельчыцах. Менавіта тут цякла невычэрпная крыніца яго натхнення, куды ён заўсёды спяшаўся ў вольныя хвіліны на працягу ўсяго свайго кароткага жыцця.

У раннім дзяцінстве адбылося яго першае знаёмства з баянам, ад чаруючых гукаў якога ў хлопчыка заўсёды падымаўся настрой, станавілася лягчэй на душы. У хуткім часе ён стаў граць на баяне самастойна. Заўсёды быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Мара стаць музыкантам завалодала ім назаўсёды.

Пасля заканчэння школы, у 1955 годзе, Уладзімір паступае ў Гомельскае музычнае вучылішча імя Н. Сакалоўскага, пасля заканчэння якога атрымаў дыплом дырыжора-харавіка. Вельмі карыснай практыкай для маладога выкладчыка музыкі была работа з хорам Мазырскага клуба будаўнікоў.

З гадамі прыйшоў вопыт, а з ім і першыя поспехі. Уладзіміра запрашаюць працаваць загадчыкам музыкі і спеваў у Мазырскі педінстытут. Разам з напружанай педагагічнай працай ідзе і творчая плённая дзейнасць. З’яўляюцца першыя друкаваныя бібліятэчкі песняў кампазітара, на яго звяртаюць увагу ў музычным свеце.

Імкненне да ведаў прыводзіць Уладзіміра Журовіча у клас кампазіцыі прафесара М. І. Аладава ў Мінскае вучылішча імя М. Глінкі. Яго талент па-сапраўднаму раскрыўся ў другой палове шасцідзесятых гадоў, калі ён пераехаў жыць у Мінск. Тут Уладзімір Васільевіч працаваў дырэктарам музычнай школы парка імя Горкага, кіраваў народным хорам трактарнага завода, быў душой гарадскога клуба аматараў беларускай народнай песні «Крыніца».

Менавіта ў Мінску пачаўся пік яго творчай дзейнасці. Вяршынямі кампазітарскай дзейнасці сталі песні «Ой, старонка мая ты лясная», «Купальская», «Камышынка» і інш. Песню «Расцвітай Палессе» ведалі і спявалі амаль усе мастацкія калектывы Лельчыцкага, а таксама іншых раёнаў Беларусі. Яна стала своеасаблівым гімнам палесскаму краю.

ход, Журович

На Палессі, у родных Лельчыцах Уладзімір Васільевіч праводзіў кожны свой працоўны адпачынак. Больш дзесяці гадоў ён шэфстваваў над спевакамі Палесся, у прыватнасці, над мастацкім калектывам вёскі Ліпляны. На ўсесаюзным конкурсе калектываў мастацкай самадзейнасці, прысвечаным 50-годдзю Савецкай улады, у канцэртанай праграме прагучалі «Палескія вячоркі» ў выкананні аб’яднаных калектываў Лельчыцкага раёна. Іх выступленне было адзначана дыпломамі лаўрэатаў і памятнымі медалямі.

З лёгкай рукі Журовіча ў раёне штогод пачалі праводзіць Святы песні. На гэтых форумах выканаўчага майстэрства заўсёды прысутнічалі вядомыя кампазітары, пісьменнікі, фалькларысты. Усё гэта Уладзімір Васільевіч марыў увасобіць і захаваць на кінаплёнцы.

У хуткім часе гэта яму ўдалося. У 1968 годзе разам з вядомым рэжысёрам кінастудыі «Беларусьфільм» Юрыем Цвятковым, яны стварылі дакументальны фільм «Песні Палесся». Уладзімір Журовіч з’яўляецца аўтарам музыкі да кінастужак «Спяшайся будаваць дом» і «Беларусь сінявокая».

Знаходкі спадарожнічаюць тым, хто ў пошуку. У творчых планах кампазітара было стварэнне кантаты аб родным Палессі, балады пра легендарнага дзеда Талаша і, канечне ж, новых песень.

Але, на жаль, гэтым планам не наканавана было здзейсніцца. 11 лютага 1979 года Уладзімір Васільевіч Журовіч заўчасна памёр, пакінуўшы памяць аб сабе неўміручай музыкай…

Галіна ЛОЗКА, бібліятэкар Лельчыцкай цэнтральнай бібліятэкі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: