Мова — галоўнае адрозненне аднаго народа ад іншага. 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты раз мы вырашылі зрабіць свята па-новаму.

За 2 дні да падзеі на ўваходзе ў гімназію была прымацавана аб’ява. У ёй, акрамя напамінання пра Дзень роднай мовы, была прапанова ўстанавіць на мабільныя тэлефоны QR-сканер.

21 лютага. Пры ўваходзе ў цэнтральны хол на тэлеэкране дэманстраваліся відэасюжэты акцыі «Чытаем разам па-беларуску». Да акцыі далучылася адміністрацыя гімназіі і настаўнікі. Кожны з удзельнікаў падрыхтаваў выразнае чытанне вершаваных ці празаічных радкоў класікаў беларускай літаратуры. Дырэктар гімназіі Алеся Хілько прачытала верлібр Максіма Танка, які можна прысвяціць усім выпускнікам. Лірычны ўрывак з аповесці Уладзіміра Караткевіча «Лісце каштанаў» гучаў з вуснаў намесніка дырэктара Ірыны Дашкевіч. Прачулы патрыятычны верш Аркадзя Куляшова падрыхтаваў настаўнік біялогіі Андрэй Таргоня. Сатырычны верш К. Крапівы «Дзед і Баба» ўдала атрымаўся ў Наталлі Клімянковай. Душэўныя лірычныя радкі Яўгеніі Янішчыц прачытала Вольга Перарэжка.

Наступны сюрпрыз — прымацаваны QR-код, які накіроўваў усіх зацікаўленых да гімназічнай газеты. Там, таксама закадзіраваныя, падрыхтаваныя заданні.

КРОК 1: Знайдзі на тэрыторыі гімназіі 5 выказванняў беларускіх класікаў пра родную мову.

КРОК 2: Зрабі фота на тэлефон у бібліятэцы гімназіі з любімай кнігай на беларускай мове. Дашлі яго на электронную пошту гімназіі.

КРОК 3: Пакінь сваё пажаданне аднакласнікам. Яно павінна быць напісана па-беларуску. Замацуй яго на стэндзе ў холе 2 паверха.

КРОК 4: Прымі ўдзел у запісе відэакалажа «Чытаем разам па-беларуску».

Самымі першымі сталі актыўна рухацца вучні пачатковых класаў. Яны не толькі сканіравалі, але і фатаграфавалі QR-коды, задавалі пытанні сваім настаўнікам, прасілі іх адсканіраваць і паглядзець зашыфраваную інфармацыю.

Зробленыя ў бібліятэцы гімназіі індывідуальныя і калектыўныя фота з любімай кнігай на беларускай мове адпраўлялі на электронны адрас гімназіі.

Пажаданні аднакласнікам былі розныя: ад вітання і вясёлай усмешкі да 100 балаў на ЦТ. Гэта залежала ад узросту навучэнцаў і ад іх сённяшніх жыццёвых установак.

Самымі актыўнымі сталі вучні 9 «А» класа. Яны выканалі ўсе прапанаваныя заданні. Акрамя ўсіх зробленых крокаў (а іх прайшлі многія), яны запісалі відэакалаж: чыталі калектыўна верш на беларускай мове, знайшлі усе пяць выказванняў беларускіх аўтараў пра родную мову.

Ірына КАЗАЧЭНКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі.

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: