Дарагія парафіяне! Хрыстос уваскрос! Сапраўды уваскрос! Аллелюя!
Хрыстос уваскрос!
Смерцю смерць перамог,
Як перамог навальніцу гром,
Сам Бог надзяліў нас вечным жыццём!
Данута Бічэль.
Каталіцкі Касцёл, святкуючы Уваскрасенне Хрыста, бачыць у гэтай таямніцы найпаўнейшае выражэнне любові Бога да чалавека. Уваскрасенне — гэта перамога прабачэння і любові над злом і нянавісцю. Хрыстус прыносіць нам плёны сваёй крыжовай смерці і ўваскрасення — супакой сэрца, прымірэнне з Богам і паўнату жыцця. Мы ідзем за Ім, спяваючы ва ўвесь голас радаснае «Аллелюя» і славячы Бога за вялікія і цудоўныя справы.
Велікодныя святы — гэта час праслаўлення збаўчай ахвяры Хрыста, дзякуючы якой мы ўсе былі адкуплены. Гэта таксама час нашай сустрэчы з міласэрным і любячым Богам, які дапамагае адкрыцца на іншых людзей. Уваходзячы ў перажыванне Велікоднага перыяду, варта паразважаць і задаць сабе некалькі пытанняў: «Ці сапраўды для нас праўда пра Уваскрасенне стала цэнтрам нашага жыцця? Ці з’яўляемся мы людзьмі ўваскрасення? Ці абвяшчаем з радасцю іншым гэтую праўду сваім жыццём?»
Глыбокая евангельская радасць павінна напоўніць усё нашае жыццё. Езус Уваскрослы дае нам сапраўднае шчасце, хоча валадарыць у нашых сэрцах. Няхай жа гэта сустрэча дапаможа кожнаму з нас узрасці ў любові да бліжняга, дапаможа нашым сем’ям станавіцца своеасаблівымі святынямі, дзе любоў памнажаецца.
Пажадайма выйсці з «магілаў» нашага жыцця, якія скоўваюць нас, з таго, што знявольвае нас, з залежнасці ці абыякавасці, і станьма цалкам свабоднымі людзьмі, радаснымі і захопленымі Хрыстом, які перамог д’ябла, грэх і смерць. Нягледзячы на цяжкасці і змаганні кожнага дня, Уваскрослы Хрыстус прагне адарыць усіх нас сілай новага жыцця, сілай нязгаснай і пераможнай!
Жадаю Вам, дарагія вернікі, плённага перажывання пасхальных урачыстасцяў, няхай яны стануць для Вас сапраўднаю сустрэчаю з Уваскрослым Хрыстом! У еднасці са Збавіцелем будуйце Божае Валадарства ў чалавечых душах. Няхай Уваскрослы Хрыстус адорыць Вас шматлікімі ласкамі! Будзьма ж людзьмі велікоднай радасці!
Пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай ксёндз Вінцэнты Віталіс МЫШОНА.