У нядзелю, 13 мая, усе вернікі і духавенства Каталіцкай Царквы адзначылі  Дзень Фацімскай Божай Маці. Да святкавання далучыліся і парафіяне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах. У мерапрыемстве прынялі ўдзел біскуп Казімір Велікаселец, а таксама ксяндзы з іншых парафій.

Свята адзначае падзею, якая адбылася ў Партугаліі 13 мая 1917 года, калі тром вясковым дзецям з’явілася бачанне Найсвяцейшай Панны Марыі. У пачатку неспакойнага ХХ стагоддзя Яна паведаміла шэраг прароцтваў, якія неўзабаве збыліся, таму Яна і была афіцыйна прызнана Ваціканам і Каталіцкай Царквой. Некалькі прароцтваў Марыі Фацімскай датычыліся і нашых зямель. Святая прадбачыла адраджэнне хрысціянскай веры, нягледзячы на эпоху атэізму. Таксама Ёй належыць прадбачанне дзвюх войн мінулага стагоддзя — Першай і Другой сусветных. Маці Божая Фацімская карыстаецца вялікім даверам і шанаваннем у католікаў усяго свету.

Святочная ўрачыстасць, да якой вернікі рыхтуюцца на працягу года, звычайна праходзіць штогод 13 мая.

У гонар 101-й гадавіны святкавання фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай адбылася Святая Меса. На богаслужэнне ў касцёле сабраліся шматлікія вернікі не толькі з нашага раёна, але і з іншых парафій. Падчас святкавання біскуп Казімір Велікаселец падараваў мясцовай парафіі, за якую адказвае ксёндз Вінцэнты Віталіс Мышона, фігурку Святога Юзэфа з дзіцяткам Езус, якой не хапала ў касцёле, і правёў урачыстае пасвячэнне. Гэта падзея надала святочнай урачыстасці яшчэ большай значнасці і яскравасці. Цяпер алтар поўнасцю завершаны, а вернікі не адзінокі, бо побач з імі — Святое Сямейства, прыклад сямейнага дабрабыту.

Лічыцца, што Святы Юзэф з’яўляецца апекуном кожнага верніка, сям’і, чалавека-працаўніка. Вялікае шчасце для парафіян у малітвах звяртацца да Яго і спадзявацца на лепшую долю. Падчас богаслужэння біскуп Казімір Велікаселец адзначыў, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ўсе касцёлы, якія насілі і зараз носяць імя Святога Юзэфа, не былі зруйнаваны, іх не кранула вайна.

Кульмінацыяй свята стала Эўхарыстычная працэсія са Святымі Дарамі з удзелам каталіцкіх скаўтаў з Мінска. На руках ганаровага картэжу — беласнежная ў пазалоце фігура Божай Маці Фацімскай уся ў кветках і ў суправаджэнні легіянераў і міністрантаў. Урачыстае шэсце ўпрыгожылі спевы вернікаў і мінскага хора.

На маю думку, гэты дзень яшчэ больш умацаваў у парафіян іх веру і надзею, распавіў любоў да Святога Сямейства.

Кацярына СЫЧЭЎСКАЯ.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: