Усё менш і менш застаецца сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзяцей вайны, у якіх было ўкрадзена дзяцінства, людзей, трапіўшых у няволю ў тыя саракавыя гады мінулага стагоддзя.

Па гэтай тэматыцы прапануем вашай увазе ўрывак з дакументальнай аповесці Анатоля Кашэвіча «Прыліў памяці», дзе аўтар падрабязна вядзе аповед пра тыя жудасныя дні, абапіраючыся на дзіцячыя ўспаміны, успаміны чырвонаармейцаў, якія прайшлі праз фашысцкія лагеры смерці.

«Што ж, няхай ёсць тыя, хто не ведае, да чаго можа дайсці чалавек-звер — фашыст, што можа вынесці той, хто хоча жыць. Важна, каб пра гэта памяталі, не забывалі мы, хто на свае вочы бачыў тое, што — дай Бог — ніколі каб больш ніхто не ўбачыць.

Увесь жах вайны мне перадаў у свой час адзін з палонных, які разам з дзясяткамі тысяч трапіў у нямецкі лагер.

— У пачатку вайны адступалі мы вялікім натоўпам, — працягваў мой суразмоўца, — не маючы пры сабе нават вінтоўкі. Адна вінтоўка Мосіна, узору 1891 года, была на два-тры чалавекі. І з ёю патрэбна было выступіць супраць варожых танкаў, супраць нямецкіх мінамётаў і гармат усіх калібраў, якія ўжо перамяшчаліся пры дапамозе механічнай цягі. А ў нас што было?

Немцы нашых засталі з разабранымі супрацьтанкавымі гарматамі, якія перасоўваліся пры дапамозе цяглавай сілы або ўручную. У нашым выпадку вялізны натоўп людзей не было каму вопытнаму ўзначаліць. І нас акружылі з усіх бакоў і, як статак жывёлін, завярнулі ў зваротным напрамку і пад прымусам пагналі на Захад.

Па дарозе параненых і знясіленых канваіры расстрэльвалі адразу, каб не заміналі ім. На тэрыторыі Польшчы, каля горада Бяла-Падляска, немцы загналі нас на чыстае поле, дзе быў ужо падрыхтаваны вялізны лагер, кіламетр у даўжыню і шырыню. Усё гэта было абгароджана трохмятровай сцяной з калючага дроту, а наверсе парабілі засекі. Па ўсім перыметры агароджы паставілі вартавыя вежы з кулямётамі і пражэктарамі.

На тэрыторыі лагера не дазвалялася капаць ямы-схованкі. Няшчасныя нашы палонныя — у прапацелых гімнасцёрках, зрэдку хто ў шынялі — чакалі свайго канца пад адкрытым небам — у дождж, а пазней — і ў снег. Не былі нават вызначаны месцы для патрэбнасці. Побач з лагерам быў выкапаны вялізны роў, куды штодня выносілі з лагера трупы людзей.

Іншы раз вартавыя немцы проста забаўляліся: выводзілі да ямы дзесяць чалавек рускіх і дзесяць яўрэяў або цыган, давалі рускім зброю, каб яны стралялі ў яўрэяў. Калі тыя адмаўляліся — рабілі наадварот.

Немцы знішчалі ваеннапалонных як ім хацелася. Кіраваліся яны спецыяльным Загадам Берліна, дзе ўказвалася, што ўсё яўрэйскае і цыганскае насельніцтва на захопленай тэрыторыі павінна быць знішчана.Знішчыць планавалася таксама і 75% беларусаў.

Праз колькі дзён на тэрыторыі лагера нельга было ўжо знайсці ні адной травінкі, ні карэньчыка, ні лісточка. Паступова былі з’едзены ўсе скураныя рамяні, скураны абутак і нават капыты дохлых коней. Адзін чарпачок баланды прыходзіўся на аднаго чалавека ў суткі. Тыя палонныя, якіх іншы раз выводзілі на работу за вароты, прыносілі ў лагер лісце дрэў і дзяліліся з іншымі.

Роў паступова запаўняўся трупамі. Немцы іншы раз кідалі на драцяную агароджу сапсаваную агародніну, нейкія кавалкі пратухлага мяса, невядома было, з чаго або каго яно. Няшчасныя выпаўзалі са сваіх абжытых нораў, ям, бярлог і накідваліся на ўсё гэтае. Немцы назіралі за ўсім гэтым праз калючы дрот і цешыліся. А калі бачылі, што палонныя штосьці не падзялілі, ускідвалі аўтаматы ды пасылалі чэргі ў суцэльную масу звар’яцелых ад голаду людзей.

Агульная яма зноў папаўнялася сотнямі забітых і параненых людзей. Яны былі непатрэбны нікому. У гэтым лагеры фашысты імкнуліся да таго, каб усе да аднаго вязні сканалі ад голаду. У іх гэта атрымоўвалася нядрэнна.

— Але ж канчаткова згаладнелыя чалавечыя істоты, трацячы ўсялякія нормы людскіх паводзін, напрыканцы свайго існавання, знаходзяць у сабе нейкія сілы, каб паспрабаваць змагацца за сваё жыццё. Гэта і адбылося ў лагеры, — з сумам працягваў мой суразмоўца. — Людскія цені аднойчы знайшлі ў сабе сілы на спантанны бунт. У адзін момант з усіх куткоў лагера вязні, трымаючы падрыхтаваныя для гэтага выпадку рэчы, з крыкам «Ура-а-а!!!» рынуліся на агароджу. Жывы людскі вал умомант абляпіў агароджу. Усе імкнуліся хутчэй выбрацца на волю.

З вышак запусцілі ракеты, затым з чатырох бакоў па жывой і шчыльнай людской масе секанулі кулямёты.

Многіх, каму ўдалося пакінуць лагер, уцячы з гэтага аду, потым высочвалі сабакамі і вярталі назад. Іх спіхвалі жывымі ў яму і  расстрэльвалі. Толькі невялікай колькасці вязняў удалося ўцячы і перайсці беларускую мяжу. Але ж нас тут жа арыштавалі і накіравалі ў Сібір на лесараспрацоўкі.

Мой прамоўца прыціх, з нейкім вялікім смуткам пазіраў удалячынь, пэўна, прыгадваў яшчэ многае.

А я падумаў, што гісторыя не данесла да нас, колькі дакладна палонных загінула ў тыя суровыя ваенныя гады. Па звестках, толькі ў адным гэтым лагеры каля Бяла-Падляскі налічвалася каля 80 тысяч чалавек. А такіх канцлагераў толькі на тэрыторыі Беларусі было ажно 260.

Пакуты палонных, іх цярпенне не параўнаць з бытам на фронце, у партызанах ці ў тыле. Народы свету праяўлялі да такіх пашану, міласэрнасць, а тым, хто ўцёк з палону, давалі медалі і тытулы, як за подзвігі на перадавой.

У нас жа атрымлівалася ўсё наадварот. Тым, хто нейкім цудам перажыў лагер, давалі крыўдныя абвінавачванні, труцілі потым яшчэ доўгія гады.

— Дык у чым жа віна гэтых гаротных людзей? — пытаецца сам у сябе аўтар аповесці і тут жа вядзе ўдакладненне. — Іх віна, хіба што мелі яны спутаныя рукі і ногі, спутаныя душы? Што каналі ў смяротным лагеры, агорнутыя самай страшнай бядой, якая магла напаткаць мужчыну на яго жыццёвым шляху — адчуванне поўнай бездапаможнасці і бяссілля…

У многіх лагерах смерці побач з дарослымі знаходзіліся і дзеці, якія бачылі на свае вочы ўсе здзекі над людзьмі фашыстаў.

Былі і асобныя лагеры смерці для малалетніх дзяцей славянскай нацыянальнасці, у якіх фашысты-нелюдзі бралі кроў для параненых салдат вермахта. Нямецкія ўрачы лічылі, што менавіта дзіцячая кроў лепш прыжываецца ў арганізме. Дзяцей мылі ў рацэ або лазні, праводзілі медыцынскі агляд, пасля вешалі на кожнага фанерную таблічку з прозвішчам, імем, групай крыві і рэзусам-фактарам.

Многія дзеці не вытрымлівалі ўсяго гэтага, хварэлі, паміралі. Целы іх амаль штодзённа выкідвалі, закідвалі як дровы на кузаў машыны і вывозілі ў невядомым кірунку. На  іх  месца прывозілі другіх… Ніхто не ведае, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак забрала тая вайна. Толькі па прыкладных падліках размова ідзе пра мільёны. Чаго ж, калі ў пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя вёўся прызыў юнакоў у дзеючую армію, то многія ваенкаматы былі ў разгубленасці.

Шкада, што ў сучасны час яшчэ поўнасцю не даследавана ўсё гэтае ні вучонымі, ні мастацкай літаратурай, ні гісторыкамі. На ўсёй тэрыторыі нашай Беларусі створаны толькі адзін мемарыял непадалёку ад Гомеля каля Чырвонага Берага, які прысвечаны дзецям, якія загінулі падчас вайны. Гэты мемарыял стварыў Леанід Левін, заслужаны архітэктар Беларусі. Яму, дзіцяці вайны, не трэба было ўваходзіць у вобраз, імітаваць пачуцці. Ён іх перажыў сам і запомніў на ўсё астатняе жыццё. У Красным Беразе ён стварыў мемарыял, дзе ёсць школьныя белыя парты, дзіцячыя малюнкі, прыгожы караблік… Побач стаіць хударлявая дзяўчынка, якая звяла над галавой тонкія, заламаныя ад адчаю рукі, быццам спрабуе абараніцца ад той нябачнай крыважэрнай пачвары, што навісла над ёй. Пад яе нагамі чырвоныя каменьчыкі, якія сімвалізуюць кроў. Гэтай крыві так многа, што дзяўчынка ўстала на кончыкі пальцаў, каб не ступіць у яе. Дзяўчынка — сімвал усіх тых дзяцей, што трапілі ў жорны вайны. Скульптура называецца «Апаленае дзяцінства».

Да друку падрыхтавала Святлана ЛІПСКАЯ.

 

 

 

 

 

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: