Мікалай Ляшчынскі з вёскі Буда Лельчыцкая ўсё жыццё аддаў працы

0
1959
Мікалай Ляшчынскі

Спакон вякоў беларуская зямля багата людзьмі, якія ўслаўлялі яе. Гэта воіны і працаўнікі хлебнай нівы, героі — вяршыцелі гісторыі Радзімы.

Шмат шчырых і добразычлівых людзей можна сустрэць і ў вёсцы Буда Лельчыцкая. Хацелася б спыніцца і расказаць аб адным з іх — Мікалаю Пятровічу Ляшчынскім. Гэта чалавек, які неаднаразова быў узнагароджаны медалямі і ордэнамі. У час гутаркі з гэтым чалавекам ёсць чаму павучыцца. Па праву ганарацца аднавяскоўцы сваім земляком. Любоўю і цеплынёю заўсёды напоўнена яго сэрца ў адносінах да сям’і, дзяцей, унукаў, родных і блізкіх. Ён заўсёды ветлівы, любіць, калі дома шмат гасцей, з радасцю сустракае іх.

Нядаўна мы з дзецьмі нашай вёскі наведалі ветэрана працы. Дзяўчынак  і хлопчыкаў зацікавілі тыя часы, калі Мікалай Пятровіч быў зусім маладым. І вось што ён расказаў пра сваё жыццё:

— Нарадзіўся я 15 лютага 1936 года ў вёсцы Буда Лельчыцкая, дзе і прайшло амаль усё маё жыццё. Памятаю, што час быў вельмі цяжкі, школы ў вёсцы не было, а жаданне вучыцца — вялікае. Займаліся мы па хатах. Такіх школ-хат было тры. Скончыў сем класаў. Мая маці, Вольга Мартынаўна, працавала ў калгасе загадчыцай фермы, а бацька, Пётр Рыгоравіч, — бухгалтарам, брыгадзірам, загадчыкам склада.

Сям’я ў нас была вялікая, дзевяць дзяцей: чатыры хлопцы і пяць дзяўчынак. З самага ранняга дзяцінства мы шмат працавалі, асабліва летам, самастойна зараблялі на хлеб. Ніякіх скідак нам, як дзецям, не было. Памятаю, як працаваў на валах, араў, баранаваў, перавозіў лён.

Наш уклад, як і ўсіх калгаснікаў, вызначаўся налічэннем працадзён, па якіх у канцы года выдавалася доля вырашчанай прадукцыі. І тым не менш працоўны энтузіязм ні ў кога не зніжаўся. Усе добра ўсведамлялі, што трэба працаваць, каб узняць эканоміку гаспадаркі, павысіць свой дабрабыт.

Бадай, самай значнай падзеяй майго юнацтва было тое, што аднойчы старшыня нашага калгаса імя Дзімітрава С. К. Матушэўскі за прыкладную работу прапанаваў мне працаваць старшым грузчыкам і адначасова быць стажорам шафёра першай у калгасе машыны ГАЗ-51. Больш таго, іншы раз даводзілася і самому кіраваць аўтамашынай, перавозіць бульбу, салому, розныя ўгнаенні. Тады ў мяне, як і ў многіх іншых вясковых юнакоў, з’явілася прагная цяга да тэхнікі. Але вучыцца на трактарыста ці шафёра ўсім жадаючым у нашым раёне не было магчымасці. Накіраванні на курсы рэдка каму даваліся. Ды і тэхнікі на вёсцы было мала. Нічога не заставалася рабіць, як працаваць там, дзе патрэбен, ды цярпліва чакаць здзяйснення сваёй запаветнай мары. Так было да 1954 года. Затым — рэзкі паварот у маім лёсе: завербаваўся рабочым на металургічны завод у Карэла-Фінскую АССР. Там працаваў паўгода. Раптам у газеце аб’ява: у Петразаводску адкрыліся курсы трактарыстаў.

Адпусцілі мяне адразу, бо народнай гаспадарцы ў той час вельмі патрэбны былі механізатары для сяла. Адвучыўся шэсць месяцаў і вярнуўся на сваю радзіму, стаў працаваць у калгасе.

Пасля армейскай службы — зноў работа ў МТС. Тэхнікі тады не было такой, як зараз. Працаваць на ёй было цяжка. Зімой холадна, бо нават кабін у трактары не было. Ды і запусціць рухавік без старцёра ў марозны дзень — цэлая праблема.

Годы былі маладыя… Вельмі спадабалася мне дзяўчына з нашай вёскі, пачалі сустракацца, а ў 1958 годзе ажаніліся. У 1959-м мы з жонкай, як і многія іншыя маладыя сем’і, паехалі добраахвотнікамі на асваенне цалінных земляў. Там араў і сеяў на трактары, працаваў на камбайне.

Там жа, на цаліне, нарадзілася наша першая дачушка Волечка. Праз два гады з’явілася на свет і другая наша дачка — Тамара. На цаліне атрымаў я першую ўзнагароду — юбілейную медаль за ўборку дзясятага цаліннага ўраджаю ў 1964 годзе.

Але родныя мясціны цягнулі нас да сябе. Вярнуліся мы ў родную вёску, і я адразу ж пайшоў працаваць у Лельчыцкае ДРСУ-153. А праз два гады ў нас нарадзіўся сын Сяргей.

Выхаваннем дзяцей займалася мая жонка, а я зарабляў грошы, каб пракарміць сваю сям’ю. Дома я быў вельмі рэдка, таму што прыходзілася шмат працаваць, а ўсе хатнія клопаты, гаспадарка, маленькія дзеці леглі на плечы маёй жонкі, якой было ў той час вельмі цяжка. Але яна ніколі не скардзілася, заўсёды была ветлівая, і калі б я ні прыйшоў, дома заўсёды чакаў мяне смачны абед, гоман і ўсмешкі дзяцей, сямейнае цяпло.

Усё сваё жыццё я аддаў працы. За дасягненне высокіх вынікаў у ёй узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ганаровымі граматамі, медалём «Ветэран працы».

Каб прыйшлося вярнуць усё назад, то я б нічога не змяніў бы ў сваім жыцці, а пайшоў бы той жа дарогай.

Жыццё праляцела імгненна. Хутка выраслі дзеці, вывучыліся, ажаніліся, пайшлі ўнукі, а там — і праўнукі. Усе яны жывуць у Лельчыцах, нас з жонкай не забываюць, наведваюць, дапамагаюць па гаспадарцы, а ў святы дом наш поўны гасцей…

Не прайшла дарэмна гэтая сустрэча для дзяцей. З вялікай увагай слухалі яны ўспаміны Мікалая Пятровіча. Але больш за ўсё ўскалыхнулі сэрцы дзяцей узнагароды ветэрана працы: вялікая колькасць грамат, медалёў і ордэнаў, а таксама віншавальныя паштоўкі і запрашэнні. Ёсць надзея, што шмат добрага яны возьмуць для сябе з жыцця Мікалая Пятровіча і змогуць застацца людзьмі ў наш складаны час.

У народзе пра такіх людзей кажуць: «Чалавек з вялікім сэрцам». І, сапраўды, гэта так. Вельмі хацелася б, каб такіх людзей, як Мікалай Пятровіч, на нашай зямлі было болей.

Нізкі паклон Вам, Мікалай Пятровіч, і вялікі дзякуй за тое, што Вы ёсць.

Надзея СІЛЕНКА,

бібліятэкар Будалельчыцкай сельскай бібліятэкі-клуба.

Фота з сямейнага альбома.

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: