Мы ад зямлі суздром залежым,

Як  і яна ад нас, людзей.

Завошта ж мы яе драпежым —

Штораз бяздумней і люцей?

Ніл Гілевіч.

Сёння ўсё часцей можна пачуць, што нашай планеце пагражае небяспека. Аб гэтым шмат пішуць у газетах, расказваюць па радыё і тэлебачанні. Гаворачы аб праблеме лёсу Зямлі, мы гаворым аб праблеме экалогіі. Каб зразумець сэнс праблемы, трэба зразумець сэнс слова экалогія. Па-старажытнагрэчаскаму «ойкас» азначае дом. А Зямля  — наш агульны дом. Таму экалогія азначае вывучаць праблемы Зямлі.

У наш час у Зямлі шмат праблем. Сёння і акадэміку, і селяніну зразумела, што вечнасць зямнога быцця не ёсць неад’емны набытак чалавецтва. Бяссмерце чалавецтва можа спыніцца. І зусім не толькі ад запланаванай або выпадковай ядзернай катастрофы, азоннай дзіркі, агоніі прыроды ды СНІДу.

Азонная дзірка — гэта, можа, яшчэ і не канец, можа, абыдзецца і з ядзернай кнопкай, але калі зжывецца паняцце аб сумленні — гэта канец. Гэта ставіць чалавецтва перад выбарам: або лёс душы, або гібель. Што гэта будзе за гібель?

Перагрызем адзін аднаму глоткі ці вымрэм ад якой-небудзь невядомай чумы. Ва ўсякім выпадку, гэта будзе саромная гібель.

Не, гэтага нельга дапусціць! Не хочацца ў гэта верыць!

Бо чалавек — такая дзіўная істота, такі можа быць разумны, добры, адважны і мудры, што здольны на безадказную любоў, на самаахвяраванне нават да смерці, што не павінен дапусціць гэтага.

У наш час усё мацней пачынаюць гучаць трывожныя і заклапочаныя словы аб тым, што трэба не толькі глядзець на зямлю па-спажывецку, але і даглядаць, берагчы, апрацоўваць яе. Будучае нашай прыроды пад пагрозай. Паветра, вада і зямля — аснова ўсяго жывога на планеце — забруджваюцца: горы смецця, пластыку, шкодныя сцёкі з розных прадпрыемстваў, жавёлагадоўчых комплексаў, бяздумнае высяканне лясоў. Перасыхаюць малыя рачулкі. Квітнеючыя навакольныя мясціны ператвараюцца ў безжыццёвыя пусткі, дзе замест лесу — хмызнякі, у якіх ніколі не вырастуць ягады, грыбы.

«Атручванне» прыроды звязана з безгаспадарчай дзейнасцю чалавека, якая і прывяла да аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Зусім па-іншаму глядзім мы зараз на знаёмыя абрысы роднай Беларусі. Цяпер ужо афарбаваны чорным колерам і Хойнікі, і Брагін, і Чачэрск. І часцей можна пачуць словы «зона забруджвання», «зона адчужэння», хаця наш урад, наша краіна робяць усё магчымае, каб наступцтвы Чарнобыля сталі мінімальнымі.

Але чым вымераць гора людзей, у якіх Чарнобыль адабраў радзіму і якія вымушаны пакінуць магілы родных, хаты дзяцінства, вёскі, дзе кожны сусед быў братам. Пустымі аканіцамі сустракаюць часцей пакінутыя вёскі. Пустазеллем пакрыліся палеткі. І галасы птаства ўжо не вабяць чалавечыя душы…

Маўчыць, нібы камень, Зямля,

Палын невядомасцю свеціць.

Што будзе, што будзе пасля? —

Не скажа ніхто ў гэтым свеце.

Асэнсоўваючы прычыны трагедыі, мы можам смела сказаць, што яны ў беспрынцыповасці. Вось як пра гэта гаворыць С. Законнікаў у паэме «Чорная быль»:

Калі ж і зараз ты не загукаеш,

А будзеш жыць пад страхам і прынукай,

Чарнобыль не такі яшчэ чакае

Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.

Чарнобыльская трагедыя — боль, смутак, крык душы чалавечай, плач, выміранне. А яшчэ гэта пакаранне за нашы недарэчныя ўчынкі, безгаспадарчыя адносіны да ўсяго навакольнага. У Бібліі ёсць такія словы: «Трэці анёл пратрубіў, і ўпала з неба вялікая Зорка, якая гарэла падобна свяцільні і ўпала на трэцюю частку рэк і на крыніцы вод. Імя той зоркі — палын (чарнобыль), і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны зрабіліся горкімі».

Калі здарылася аварыя ў Чарнобылі, людзі прыгадалі гэта выказванне з Бібіліі.

Болем і трывогай за лёс маці-зямлі прасякнуты многія радкі твораў нашых паэтаў. Сярод іх вылучаецца голас Ніла Гілевіча. У паэме «Родныя дзеці» ён трывожыцца:

Зямля ляціць у неба пылам,

Ляціць, імчыцца ў далячынь.

Дзесь ападзе за небасхілам —

І не вярнуць яе нічым!

Пясок аголіцца ды камень —

Бясплодны, мёртвы мінерал.

Зямля! Твой люд цябе вякамі

Бярог, любіў — не памірай!

Ляціць пылам зямелька, якая вякамі была для чалавека не толькі карміцелькай, але і духоўнай крыніцай.

Хто ў гэтым вінаваты? Хто вінаваты ў тым, што у нас, на Палессі, не засталося ніводнага возера ў натуральным стане, што меліярацыя вядзе да высыхання лясоў, а паветранае ўнясенне пестыцыдаў прывяло да таго, што ў лесе мала птушак, рэдка кукуе зязюля, у рэках і вадаёмах мала рыбы, вялікія плошчы палёў сталі неўрадлівымі.

А ў нас — якую краску,

Якую былку ні сарві —

Кладзі да сэрца як лякарства

І — здаравей, брат, і жыві!

Калі чалавек не будзе любіць, шанаваць сваю зямлю, то аднойчы можа здарыцца так, што ён не пачуе ранішняй песні жаўрука, не сарве ў полі прыгожай кветкі, не заслухаецца начнымі трэлямі салаўя. Ці будзе наша прырода такой жа, як сёння, непаўторнай і багатай, — залежыць ад чалавека. Нам неабходна з выключнай адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага, зрабіць кожны куточак зямлі лепшым і прыгажэйшым. Хараство прыроды павінна радаваць не толькі нас, але  і тых, хто будзе жыць пасля нас:

Павінны мы сваім нашчадкам

Усё пакінуць, чым жылі:

І белы луг, і рэчку з кладкай,

І лес паўз жытнія палі.

Сёння відавочны станоўчыя змены ў грамадстве. Адносіны да экалогіі становяцца больш свядомыя, людзі разумеюць важнасць рацыянальнага выкарыстоўвання прыродных рэсурсаў. Насельніцтва больш актыўна ўдзельнічае ў навядзенні парадку на зямлі, адгукаецца на розныя акцыі («Уладкуем малую радзіму» і іншыя).

Людзі разумеюць:

Любіць зямлю! І не наогул!

А — гэту! Нашу! Дзе жывём!

Во з гэтым полем, з гэтым логам,

З касьбою гэтай і жнівом!..

Усіх людзей хачу заклікаць удумацца ў гэтыя словы. Няхай кожны з нас прыкладзе хоць бы невялікае намаганне для таго, каб наваколле стала прыгожым  і камфортным. Давайце ўсе разам клапаціцца пра наш агульны дом, наш агульны здабытак — беларускую прыроду. Разам мы зробім прыроду роднага краю яшчэ больш прыгожай і багатай, захаваем яе ўнікальнасць, што паспрыяе душэўнаму камфорту людзей.

Наталля ФІЦНЕР,
аг. Буйнавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: