Па-сямейнаму цёплае, светлае, добрае, душэўнае… Менавіта такімі эпітэтамі можна ахарактарызаваць свята, якое адбылося нядаўна ў Астражанцы. У дзень вёскі яго арганізатары вырашылі сабраць усіх выпускнікоў школы, пачынаючы з першага выпуску 1953 года і заканчваючы апошнім, 2012-м. Сустрэча аб’яднала ўсіх землякоў, некаторыя з якіх шмат гадоў не бачыліся. Даўно не памятае вёска, каб збіралася столькі народу, каб так прыгожа было навокал, каб музыка раздавалася на ўсё наваколле. А сонейка ў гэты прыгожы летні дзянёк сваімі лагоднымі промнямі свяціла на твары людзей, нібыта раздзяляла гэту агульную радасць.

ПАХ РОДНАГА ПАВЕТРА…

Шмат ураджэнцаў Астражанкі з’ехалася з розных куткоў былога Савецкага Саюза на сваю малую радзіму, каб дыхнуць родным паветрам, адчуць той знаёмы з дзяцінства незвычайны пах хлеба, спечанага маці, прайсці па знаёмым сцежкам…

Навокал панавала вельмі цёплая атмасфера. Здавалася, усе адчувалі сябе адзінай сям’ёй, пры сустрэчы з вялікай радасцю абдымалі адзін аднаго, цалавалі. Усё было вельмі шчыра, хвалююча, ад душы.

ТАМ, ДЗЕ КЛЁН ШУМІЦЬ…

Імправізаваную сцэну размясцілі ў цэнтры вёскі, каля мясцовага клуба, пад развесістымі высокімі клёнамі. Прыцягвалі ўвагу да сябе вырабы народных умельцаў: вышытыя і вязаныя работы мясцовых рукадзельніц — Алены Вузленка, Яўгеніі Багдановіч, Таццяны Прыкоты, Галіны Хамец, іконы з бісера, куклы-абярэгі Вольгі Несцярэні, нават імбірных пернікаў напякла да свята Ірына Хамец. А хто жадаў зведаць, што яго чакае ў бліжэйшым будучым, падыходзіў да чашы з прадказаннем. Тут жа ішоў гандаль, можна было набыць  і натуральны лясны мёд, сувеніры з фотаздымкамі вёскі Астражанка.

А колькі людзей падыходзіла да фотавыстаў «Школьные годы чудесные», «О, детство!», «Как молоды мы были». Некаторыя надоўга затрымлівалі свой позірк  на чорна-белых здымках, нібыта стараліся нешта або некага ўспомніць, пражыць тыя хвіліны зноў і зноў…

АД КНЯЗЁЎ АСТРОЖСКІХ

Ні адно свята не абыходзіцца без цёплых слоў і віншаванняў. Самыя добрыя пажаданні прагучалі з вуснаў шаноўных гасцей —  інспектара Буйнавіцкага сельвыканкама Алены Варановіч, намесніка дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Некрашэвіч. Наталля Міхайлаўна пад гучныя апладысменты ўручыла падзячныя лісты ўдзельніцам вакальнага ансамбля «Каханачка» мясцовага клуба: Ніне Багдановіч, Алене Вузленка, Ганне Цалка, Валянціне Нерад, Таццяне Прыкоце. Гэтыя жанчыны ў паўсядзённых справах находзяць час для творчасці, аддаюць любімаму занятку частку сваёй душы.

Шчыра вітала ўсіх сваіх былых вучняў, выпускнікоў старэйшага пакалення, аднавяскоўцаў старэйшына вёскі, ветэран педагагічнай працы Валянціна Багдановіч. Валянціна Уладзіміраўна адзначыла, што з прыездам гасцей вёска на вачах памаладзела, папрыгажэла, пажадала, каб сустрэча пакінула ў душах людзей толькі светлыя, добрыя пачуцці, нагадала, адкуль пайшла назва Астражанкі. Як сведчыць дакументальны матэрыял, у ХVІІ стагоддзі Астражанка ўваходзіла ў склад Тураўскага княства, якое належала князям Астрожскім. Яны часта адбівалі набегі татар, якія праз Мазыр, Скрыгалаў і нашыя лясы рухаліся да Турава. І, каб зараней выявіць ворага, яны вырашылі на высокім лясным грудзе пабудаваць пагранічную заставу. Назвалі гэту пабудову ў гонар свайго прозвішча — астрожак. Пазней тут пачалі сяліцца людзі. Назвалі паселішча Астражанка. І яшчэ важны гістарычны момант: у 1777 годзе на ахвяраванні сялян у Астражанцы была ўзведзена царква. А Кацярына ІІ падаравала храму  ікону Пакроўскай Божай Маці.

Шмат выпрабаванняў было, але жыхары вёскі ўсё вытрымалі. Шэсць гадоў мінула, як закрылі мясцовую школу. Некаторыя сем’і пакінулі вёску… Сёння ў Астражанцы 78 жылых хат і 143 жыхары.

ВЁСЦЫ ЖЫЦЬ

Нягледзячы ні на што, вёска жыве. Дай Бог, каб так мнагалюдна, як падчас свята, было як мага часцей, каб Астражанка поўнілася дзіцячымі галасамі.

Старэйшыя жанчыны глядзелі са слязамі на вачах на тое, як весяліліся ўдзельнікі свята, іх землякі. Мабыць, успомнілі яны свае маладыя гады, калі жыццё ў вёсцы бурлела, біла ключом, калі яны самі былі энергічнымі, спрытнымі…

Свята дапамагло перанесціся ў той час, адчуць тыя радасныя хвіліны маладосці, яшчэ  і яшчэ раз іх перажыць.

Нельга было не заўважыць вясёлага, гарэзлівага хлопчыка, які так шпарка танцаваў, запрашаў усіх, хто сядзеў, у агульны круг. Ён не спяшаецца ў Мазыр, дзе жыве з бацькамі, а хоча застацца як мага долей у вёсцы, дзе яму вельмі даспадобы. Думаю, Мікалай падрасце і абавязкова нешта добрае зробіць для роднай вёскі, каб яна жыла і працвітала. Нездарма ўсё гэта!

А ПЕСНЯ ЛЬЕЦЦА

Жывая музыка гучала на працягу ўсяго свята. Знаёмыя і любімыя ўсімі народныя песні змяняліся эстраднымі шлягерамі. Хто жадаў, падпяваў, іншыя — слухалі, а большая колькасць людзей выходзіла і, не звяртаючы ні на кога ўвагі, танцавала, ды з такім запалам, што цяжка было ўсядзець на месцы. Думаю, такой весялосці даўно не было на астражанскай зямлі.

Вельмі прачула спаўняла пранікнёныя песні пра родную хату, вёску, маці салістка Ірына Хамец, дарэчы, яе бацька — ураджэнец Астражанкі, яна сама настаўнічала ў гэтай вёсцы. Цёпла прымалі астражанцы музычныя падарункі ад Міхаіла Ліпскага і Святланы Есінай. Музычныя віншаванні даравалі землякам удзельніцы вакальнага ансамбля «Каханачка».

Свята прадоўжылася бяспройгрышнай латарэяй, розыгрышам прызоў, сярод якіх была сельскагаспадарчая прадукцыя — сена, салома, збожжа новага ўраджаю. Не сумавалі і дзеці: яны з задавальненнем скакалі на батутах.

Сустрэча землякоў адбылася ў Астражанцы ўпершыню, але гэта традыцыя абавязкова прыжывецца, і кожны год будзе збірацца ўсё больш і больш ураджэнцаў вёскі.

ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ…

І няхай сцяжынка да роднай бацькоўскай хаты ніколі не зарасце, бо гэта адзінае месца на зямлі, дзе нас заўсёды чакаюць, дзе нам заўсёды рады, калі б мы ні прыйшлі, ні прыехалі, гэта тое святое і самае роднае месца, дзе мы можам адчуваць сябе дзецьмі ў любым узросце, колькі б гадоў нам ні было. І няхай пранікнёныя  словы Рыгора Барадуліна стануць напамінам усім нам аб тым, што:

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці.

КАБ ЛЮДЗЯМ БЫЛО ДОБРА…

Застаецца назваць тых, хто арганізаваў гэта незабыўнае свята, хто не адну ноч думаў, як зрабіць так, каб людзям было добра. Намаганні не прайшлі дарэмна: свята адбылося на высокім узроўні, пакінула шмат добрых і пазітыўных уражанняў і яшчэ доўга будзе грэць душу.

Словы падзякі хочацца выказаць загадчыцы Астражанскім сельскім клубам Таццяне Цалка, акампаніятару Ганне Гопка, а таксама Вользе Несцярэні, Еве Крывашэевай, Таццяне Сялені, Надзеі Канопліч, Тамары Палын, мастацкаму кіраўніку Буйнавіцкага цэнтра культуры і дасугу Антаніне Кіпцік, самадзейным артыстам. Нізкі паклон старэйшыне вёскі Валянціне Багдановіч, чалавеку вельмі сціпламу, але неабыякаваму да сваёй малой радзімы, сапраўднаму яе патрыёту, якая ўсіх натхняла, прапанавала цікавыя ідэі і дапамагала іх ажыццявіць.

СЛОВА — АБ МАЛОЙ РАДЗІМЕ

Кацярына БАГДАНОВІЧ:

— Жыву ў Петрыкаве, працую настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў вучылішчы закрытага тыпу. У Астражанцы бываю часта. Тут жыве яшчэ, дзякуй Богу, мая маці Вольга Сяргееўна Несцярэня. Малая радзіма — гэта для мяне ўсё. Гэта тэма балючая, шчымлівая. Гэта і мае аднакласнікі, суседзі, аднавяскоўцы. Гэта і родныя мясціны ў лесе, і жытнёвае поле ў васільках. Успамінаю сваю першую настаўніцу Таццяну Дзмітрыеўну Маскаленка, класных кіраўнікоў Ксенію Якаўлеўну Гарбаль і Дзмітрыя Мікалаевіча Шведа. Малая радзіма — гэта пачатак нашых вытокаў. Тут мы пазналі і першае пачуццё адказнасці за свае ўчынкі, прайшлі школу станаўлення, сталасці. Дзякуй роднай школе, родным мясцінам!

 

 Мікалай ВЫСОЦКІ:

— Адразу ўспамінаюцца словы беларускага класіка «Мой родны кут, як ты мне мілы». Малая радзіма — гэта тое самае роднае, што выхавала, дало добрую школу жыцця. Гэта месца, куды кожны год прыязджаем, куды заўсёды цягне, — к родным, блізкім: маці, сёстрам. Заўсёды збіраемся ўсе разам у роднай бацькоўскай хаце. Нас, дзяцей, у бацькоў было сямёра, усіх яны выхавалі, усім дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю, усе маюць стан у грамадстве. Люблю сваю радзіму, дзе такая маляўнічая  прырода, дзе лясны край багаты ягадамі, грыбамі. Дарэчы, збіраць грыбы мяне навучыла маці, а цяпер да мяне звяртаюцца сябры нават з Харкава, каб і іх навучыў гэтаму. На жаль, жыву далёка ад малой радзімы — на Украіне, у Чугуеве. Сёння адчуваю творчы пад’ём, бо сустрэўся з аднакласнікамі, з якімі разам хадзілі ў школу, мы ўспомнілі дзяцінства, падзяліліся ўражаннямі. Балюча, што вёска вымірае. Ёсць усё для яе развіцця — урадлівая зямля, дарогі. Было б добра, каб знайшліся творчыя, ініцыятыўныя людзі, якія б адрадзілі вёску. Ганаруся, што з Астражанкі выйшлі знакамітыя людзі, адзін з іх Васіль Жогла — доктар навук, працуе ў Акадэміі навук Беларусі. Мой брат — афіцэр. Я працую дырэктарам вучэбна-выхаваўчага комплексу, з’яўляюся дэпутатам Чугуеўскага гарадскога Савета дэпутатаў. У Чугуеве створана грамадскае аб’яднанне афіцэраў-беларусаў, куды ўваходжу і я. Мы праслаўляем родную Беларусь у суседняй краіне, дзе да нас адносяцца з вялікай павагай, зберагаем беларускія традыцыі, з’яўляемся лепшымі сынамі беларускага народа на Украіне.

 

Таццяна КАРПОВІЧ:

— Я пенсіянерка, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры. Пражываю ў Оршы. Малая радзіма — гэта цёплы, мілы і лагодны куток, куды мяне заўсёды цягне. Выехала з вёскі 54 гады назад, але сюды прыязджаю, у родных мясцінах заўсёды адчуваю радасць, замілаванне, забываю аба ўсім, нідзе не бывае так добра, як на мілай сэрцу малой радзіме. Тут мае родныя, тут мая школа, якая дала дарогу ў жыццё, з цеплынёй успамінаю ўсіх педагогаў. Ніколі не забуду настаўніцу пачатковых класаў Алену Уладзіміраўну Казлову. Калі па радыё ці  тэлебачанні гавораць ці паказваюць Лельчыцкі раён, то кідаю ўсе справы і сядаю слухаць, глядзець. Родны край, родны куточак. Няхай ён квітнее, напаўняецца песняй, музыкай, насяляецца добрымі людзьмі, няхай усе будуць здаровы, жывуць доўга і шчасліва, бо менавіта на роднай зямлі можна адчуць сапраўдную цеплыню.

 

  Васіль ЖОГЛА з жонкай Таццянай:

— Малая радзіма — гэта дзяцінства, па якому адчуваю настальгію. Сёння на сэрцы радасць і сум — адначасова. Малая радзіма — гэта месца, дзе скончылі школу, дзе выраслі. Балюча, што ў Астражанцы школа ёсць, а дзяцей — няма. У наш час было інакш: два восьмых, два дзявятых і два дзясятых класы, усіх вучняў — амаль 350 чалавек, а напаўняльнасць класаў — па 25. Я выпускнік 1967 года, у мінулым годзе быў 50-гадовы юбілей.  Вельмі рады, што сустрэліся, атрымаў вялікае задавальненне, але ўжо няма таго, што было пры Савецкім Саюзе. У нашай хаце сёння сабраліся родныя з Украіны, Расіі, Беларусі. Мы прыехалі з жонкай, Таццянай Ільінічнай, — яна таксама з Астражанкі, мы жылі па-суседству. Я гідрагеолаг. Побач з нашай вёскай ёсць залежы гліны, якое называецца Астражанскае. Пакуль што няма інвестара, каб яго асвойваць. Але я прыкладу ўсе намаганні, каб вярнуцца да розгляду гэтай праблемы па сваім напрамку.

 

Мікалай КУКСО:

— У Астражанцы — родныя маёй маці. А мы з бацькамі жывём у Мазыры. Мяне хацелі адвезці ў горад, а я сказаў, што застануся ў вёсцы, таму што тут вельмі прыгожа,  прастора і свежае паветра. Мне тут вельмі добра, будзе што расказаць сябрам, бо ўспаміны — яскравыя.

Ілля ВЫСОЦКІ:

— Я часта прыязджаю да бабулі, дзядуля ўжо памёр. Астражанка — маё любімае месца, тут мая радня. Мне вельмі прыемна, што майго бацьку, Рыгора Ільіча Высоцкага, усе ведаюць, паважаюць. Ён ваенны. Хочацца быць на яго падобным.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: