Недалёка ад Сіманіч, на правым беразе рачулкі, паміж квяцістых лугоў і шчодрага лесу ёсць вёсачка з гучнай назвай Сіманіцкая Рудня. І мясцовыя жыхары, і госці прыемна здзівіліся, што менавіта тут, паміж раскідзістай ліпай і векавой грушай-дзічкай  была арганізавана імправізаваная сцэна, упрыгожаная кветкамі, прама на траве — засцеленыя дываны, сталы — у прыгожых абрусах, на лаўках — посцілкі, а на агароджы, ля сядзібы Ліпскага Івана Антонавіча, — вышыванкі, рушнікі, карціны.

«Сэрцу мілая вёска» — пад такой назвай па ініцыятыве энергічнай старшыні Сіманіцкага сельвыканкама Таццяны Бяспалай праходзіла свята, на якое былі запрошаны ўсе жадаючыя. Таццяна Адамаўна пажадала ўсім здароўя, шчасця, міру ў душы, у сям’і і на зямлі.

Прысутных вітаў сваімі песнямі калектыў «Рабінушка» Сіманіцкага цэнтра культуры і дасугу пад кіраўніцтвам Віталія Хваціка.

Вядома, што любое свята — гэта госці, віншаванні, падарункі. Вядучая прадстаўляе паважаных гасцей: старшыню Сіманіцкага сельвыканкама Таццяну Бяспалую, ляснічага Сіманіцкага лясніцтва  Міхаіла Субата, дэпутата акругі Сіманіцкая Рудня Валянціну Зуевіч, загадчыцу Сіманіцкага дзіцячага сада  Святлану Навак, старэйшыну вёскі Восаў Аляксандра Клачка.

Гучаць словы падзякі шчодрым людзям, людзям-гаспадарам, людзям, якія працуюць на роднай зямлі і з гонарам нясуць імя Чалавек.

Падарунак і кветкі за лепшае падвор’е атрымалі Уладзімір і Таццяна Ліпскія. У высокім прасторы плывуць хмаркі, цёплы, рэдкі дожджык нібы благаслаўляе ўсіх прысутных. Гэта іх стараннем, іх руплівымі рукамі наведзены навокал парадак, прыбраны двары і вуліцы, пафарбаваны дамы, бацькоўскія хаты не выглядаюць сіратліва, а радуюць вока кожнага, хто сюды завітае.

У гэты святочны дзень музычныя віншаванні прывезлі і прадстаўнікі калектыву «Ударняначка» Ударнянскага цэнтра культуры і дасугу. Песні і апладысменты, радасць і добры настрой — не ўсядзелі прысутныя, ногі самі пусціліся ў пляс, адбіваючы польку. Быццам нейкая сіла кружыла людзей у радасным танцы, а сёстры Ніна Іванаўна і Любоў Іванаўна ўсіх запрашалі ў карагод.

Вось ужо больш за 60 годаў жывуць разам Васіль Пятровіч і Анастасія Сямёнаўна Ляхаўцы. Маюць 5  дзяцей, 10 унукаў і 11 праўнукаў. Здароўе не дазваляе ім прысутнічаць на свяце, пагэтаму падарунак уручаецца сыну.

Самая старэйшая жыхарка Сіманіцкай Рудні — Марыя Мікалаеўна Герман, якой споўнілася 95 гадоў. Яе павіншаваў Анатоль Міхайлавіч Зуевіч, які нарадзіўся і вырас у гэтай цуда-вёсачцы.

Не забылі і імяніннікаў: падарунак і кветкі атрымала Валянціна Фёдараўна Стадніцкая.

Гучаць прозвішчы людзей, і радуецца сэрца за ўсіх і кожнага. Вось яны, тыя людзі, якіх па праву можна назваць патрыётамі сваёй малой радзімы, яны для нас — прыклад. Яны прадстаўнікі сваіх сядзіб. Сядзібы Івана Антонавіча Ліпскага (дочкі Кацярына з Гомеля, Таццяна, Наталля, Галіна, сын Іван — Лельчыцы), Міхаіла Сцяпанавіча Зуевіча (сын Іван і дачка Вольга з Санкт-Пецярбурга, сын Анатоль — Сіманічы), Яна Паўлавіча Ліпскага (сын Мікалай з Мазыра і дачка Вольга з Сіманіч), Аляксандры Іванаўны Флёрка (дочкі Алена і Раіса з Мінска), Уладзіміра Паўлавіча Раманоўскага (сыны Павел і Віктор з Лельчыц), Несцера Сямёнавіча Навака (дачка Ева з Мурманска), Івана Аляксандравіча Флёркі (дочкі Ніна і Любоў з Мінска), Браніслава Казіміравіча Стадніцкага (дачка Таццяна з Лельчыц), Паўла Максімавіча Флёркі (дачка Галіна).

Ад імя жыхароў выступіла Яўгенія Міхайлаўна Зуевіч, якой нядаўна споўнілася 82 гады. Хто не ведае бабы Жэні? Усім, улетку і зімой, калі горка так маніць пакатацца, калі хто хоча сагрэцца, гасцінна адчыняе дзверы сваёй хаты гэтая мілавідная жанчына: дарослыя — за стол, а дзеці — на ўтульную, цёплую печку. Ад сына Анатолія падарунак маці — тэлефон з вялікімі кнопкамі, каб званіла матуля ў любы час.

Выглянула сонейка. Мабыць, яго на крылах прынёс бусел, які павольна і велічна ляцеў над Рудняю.

На шырокую вуліцу вынеслі сталы, запрасілі ўсіх, хто быў на свяце. Музыка гучала, а сэрца замірала, таму што вёска святкуе. Яна ганарыцца тым, што людзі не пакінулі яе, не забылі сцежачкі да крынічкі, да бацькоўскага двара. Бацькоўскі парог яшчэ нікому не здрадзіў, ён чакае і ў праліўны дождж, і ў летнюю спёку.

І тут, у маленькай палескай вёсачцы, адбылося спатканне з бацькоўскай хатай, адбылася сустрэча з Радзімай.

Маленькі хлопчык, гуляючы ля дарогі, старанна майстраваў печку з пяску. Ён – прадстаўнік чацвёртага пакалення. Абавязкова прыедзе сюды, дзе жылі яго продкі, пабудуе новую хату з печкай, і маленькая вёсачка будзе жыць.

І ніхто, і нішто, і ніколі не растлумачыць таго магнетызму, не спыніць той сілы, якая завецца «дарога да бацькоўскага парога», дарога туды, дзе з’явіўся чалавек  на свет Божы, дзе зрабіў свае першыя крокі, дзе ўпершыню спазнаў і першае каханне, і першы роспач, дзе так пахне яблыкамі і скошанай травой, дзе чакаюць самыя блізкія людзі.

Калі ж чалавек губляе сувязь з роднай зямелькай, то ён становіцца… птушкай без гнязда, адрэзаным акрайчыкам ад хлеба, кропляй дажджу, якая не даляцела да зямлі, а растварылася ў прасторы. Няхай жа гэтыя радкі стануць для нас усіх поклічам да роднай хаты:

Нам прастораў чужых не трэба,

Нам бы абняць прасторы свае,

І ўбачыць блакітнае неба,

Што над бацькавай хатай плыве.

Дакрануцца да роднай зямелькі,

Словы матчыны зноў успамінаць:

“Маленькая мая і мой маленькі”, —

Помніць, берагчы, не забываць.

Галіна БЯСПАЛАЯ,

аг. Сіманічы.

 

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: