Доўгае жыццё падараваў Усявышні Яўгеніі Адамаўне Несцярэні з Астражанкі. На сённяшні дзень гэта старэйшая жыхарка вёскі. Жанчына ўжо размяняла дзявяты дзясятак (нарадзілася ў 1925 годзе), але яе светлай памяці, добраму слыху, розуму можна толькі па-добраму пазайздросціць. Вось толькі зрок падводзіць — Яўгенія Адамаўна амаль нічога ўжо не бачыць, а людзі, якія да яе падыходзяць, мільгацяць перад вачыма чорнымі плямамі…

Шмат выпрабаванняў выпала на долю гэтай простай працавітай жанчыны, дарэчы, як і многіх людзей таго пакалення, але самым цяжкім стала вайна, якую Яўгенія сустрэла ў пятнаццацігадовым узросце. Тое, што прыйшлося перажыць, не сцерці з памяці: незагойная рана пачынае крываточыць, калі ўзгадваюцца тыя жудасныя дні ваеннага ліхалецця. Холад, голад, пачуццё страху, страту родных… Давялося перанесці шмат нягод — усяго хапіла, але вытрымала, не зламалася. Успаміны даваліся маёй суразмоўцы цяжка — было балюча, жанчына прыпынялася, а потым зноў працягвала гаварыць…

— Нас, дзяцей, сямёра было ў бацькоў, — прыгадвае Яўгенія Адамаўна. — Міхаіл, Ганна, Алена, Насця, Наталля, я, Сцяпан. Да вайны жылі ў Астражанцы, а як прыйшлі немцы, мы з маці і іншымі аднавяскоўцамі збеглі ад ворага ў лес, хаваліся паблізу каля вёскі Магільнае. Жылі ў куранях, побач стаяла санчасць, давялося бачыць шмат параненых нашых байцоў…

Памятаю, што ежу гатавалі на вогнішчы, а салілі яе вось такім растворам: змешвалі ўдабрэнне з вадою. Яшчэ ўпотайкі капалі бульбу на калгасным полі, гэта было небяспечна, але вельмі хацелася есці, летам дапамагалі не памерці з голаду грыбы, ягады, арэхі, шчаўе. Страшна было, калі пачыналася стральба. Уцякалі людзі, хто куды мог. Баі за вызваленне Астражанкі ішлі 18 дзён, а калі разведка сказала, што немцы адступаюць і можна перабірацца ў вёску, людзі пайшлі ў сяло. А там нічога не засталося — адно папялішча. Жыць не было дзе, есці — таксама, знаходзілі абгарэўшую бульбу, трохі зрэзвалі зверху і елі.

У гэты час ад аднавяскоўцаў даведаліся, што бацька загінуў у палоне… Напамінам аб ім стала толькі кашуля. Яе адзін з вяскоўцаў вяртаў маці са словамі: «Кацярынка, гэта  твайго Адама, забяры, пачыніш, згадзіцца яшчэ…». А яна кажа: «Не, не трэба. Насі, Данілка, на здароўе». Такі час тады быў… Потым — не менш цяжкае пасляваеннае жыццё, але ўжо без стрэлаў і бамбёжак. Пачалі будавацца. Спачатку жылі ў маленькай хаце, а потым перасяліліся ў большую. Маці давялося адной падымаць сямёра дзяцей, але яна ніколі не скардзілася на жыццё, усё цярпліва зносіла.

Пасля вайны Яўгенія зведала на сабе не па-жаноцку цяжкую працу ў калгасе. Ніякай работы не цуралася, за ўсё бралася і спрытна шчыравала.

— Пахалі на валах і конях, садзілі бульбу, сеялі ўручную жыта, — успамінае жанчына. — Нягледзячы на цяжкажці, дапамагалі адзін аднаму, даводзілася і самой за плугам хадзіць.

Канечне, жыццё даравала Яўгеніі і белую паласу з радаснымі момантамі. У роднай вёсцы сустрэла свайго суджанага Міхаіла. Ён прыйшоў з фронту ў 1943 годзе, пасля цяжкага ранення пад Пінскам яго камісавалі з арміі. Пайшла замуж, трапіла ў вялікую сям’ю.

— Свякруха ў мяне добрая была, як ні цяжка даводзілася, але дзяцей глядзела, — працягвае Яўгенія Адамаўна. — Тры гады разам жылі, я ніколі не пярэчыла, калі што яна і гаварыла, то старалася змаўчаць. Разам з намі жылі яшчэ незамужняя сястра і нежанатыя браты мужа, з імі таксама былі добрыя зносіны. Калі свякруха ляжала ў бальніцы, то заўсёды яе наведвалі, мы і пахавалі маці мужа, я нават свае завушніцы зняла і пачапіла ёй.

Сямейны шлях Яўгеніі і Міхаіла Несцярэняў доўжыўся больш за 60 гадоў! Калі на святкаванні залатога вяселля ў жанчыны запыталі, як яны з мужам пражылі, то яна адказала вельмі сакавітай фразай: «Як у вянку», што па-мясцоваму азначае — вельмі добра, у ладзе і згодзе.

— Мая галубка, хай Бог і вам дае так пражыць, як мы з маім Міхаілам. Муж быў сапраўдным майстрам-самародкам: і плотнікам, і сталяром, і бондарам, умеў шыць на машынцы, гадзіннікі рамантаваў, розную тэхніку. Усе суседзі  нам зайздросцілі, — дадае жанчына аб сваім сямейным жыцці. — Канечне, былі і сваркі, і нястачы. Але калі хто чужы заходзіў да нас — усё было ціха і мірна. Ніхто не ведаў, што ў сям’і робіцца. Мы жылі дружна, глядзелі адзін аднаго, усё вырашалі разам, па-добраму.

А маладым мудрая жанчына дала такі наказ: «Трэба ўступаць ва ўсім, мець цярпенне і смецце з хаты не выносіць».

Яўгенія і Міхаіл Несцярэні далі жыццё чацвярым дзецям, іх сямейнае радавое дрэва папоўнілася дзевяццю ўнукамі і адзінаццацю праўнукамі, ёсць ужо і прапраўнукі… Не бывае жыццё роўным ды гладкім — не абыйшлося без болю: адзін з сыноў патануў. Няма ўжо амаль восем гадоў і мужа. Але жанчына сябе ніколі не адчувае адзінокай, бо заўсёды побач родныя, якія саграваюць сваёй любоўю, пяшчотай і цеплынёй.

Ніякага сакрэта доўгага жыцця не адкрыла нам Яўгенія Несцярэня, толькі загадкава ўсміхнулася. Але зразумела адно: жыла жанчына ў згодзе з людзьмі, працавала сумленна, нікому не жадала зла. І яшчэ Яўгенія і Міхаіл Несцярэні добра выхавалі дзяцей — яны не пакінулі старэнькую маці, а сталі яе рукамі, нагамі, вачыма. Добрае, кажуць, заўсёды і адгукаецца дабром.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

.

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: