Настаўнікі і вучні Лельчыцкай раённай гімназіі далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям».

У рамках акцыі бібліятэкарам Тамарай Хамутоўскай праведзена віктарына для 6-х класаў «Падарожжа па Беларусі». Шасцікласнікі падзяліліся на дзве каманды: «Буслы» і «Зубры». У ходзе віктарыны гімназісты пачулі інфармацыю пра сучасных беларускіх пісьменнікаў Р. Баравікову, Г. Марчука, А. Федарэнку, Л. Рублеўскую, адказалі на пытанні, звязаныя з іх творамі, уведзенымі ў школьную праграму. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы пабывалі ў падарожжы па вядомых мясцінах Беларусі.

Літаратурная гасцёўня «Пявучыя струны душы беларускай» і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Валянціна Казачок запрасіла ўсіх аматараў беларускай паэзіі. З вялікім задавальненнем навучэнцы рыхтаваліся да мерапрыемства. Самастойна чыталі вершы беларускіх паэтаў, шукалі звесткі пра жыццё і творчасць аўтараў, афармлялі кабінет да сустрэчы. На свяце гучалі творы А. Разанава, Л. Глубовіча, А. Глобуса, У. Някляева, В. Шніпа, М. Дуксы, Я. Янішчыц, А. Грачанікава, С. Законнікава і многіх іншых. Гімназісты абменьваліся здабытай інфармацыяй пра творчую дзейнасць паэтаў. На свяце таксама гучалі песні, аўтарамі якіх з’ўляюцца паэты А. Ставер, У. Карызна, Г. Бураўкін, У. Мазго, Л. Дранько-Майсюк.

Інтэлектуальнае лато «Па старонках любімых твораў» правяла Ірына Казачэнка для вучняў 8-х класаў. У першым туры васьмікласнікам дэманстраваліся партрэты пісьменнікаў і цытаты з іх твораў. Дзецям трэба было назваць імя аўтара, назву твора і яго жанр. У другім туры прапаноўваліся партрэты пісьменнікаў і ілюстрацыі да мастацкіх твораў. Заданне: назавіце імя аўтара і яго твор. Старонка «Рашэнне літаратурных задач» запрашала падумаць над пытаннем «Што трэба зрабіць, каб…» Вучні разважалі над маральнымі пытаннямі апавяданняў А. Васілевіч «Сябры», З. Бядулі «На Каляды к сыну», В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка». Найбольш, напэўна, зацікавіў васьмікласнікаў наступны тур. Заданне гучала так: «Задай пытанне герою». На слайдзе дэманстраваўся партрэт і ілюстрацыя да твора. Для работы ў гэтым туры вучні павінны былі пазнаць пісьменніка, яго твор, выбраць героя твора, сфармуліраваць для яго пытанне. Адказвалі на пытанне прадстаўнікі каманды-суперніцы. У час інтэлектуальнага лато працавала журы з саміх жа вучняў класа. Самыя актыўныя і дасведчаныя атрымалі высокія адзнакі.

Вучні 6-7-х класаў сталі ўдзельнікамі конкурсу малюнкаў па творах беларускіх класікаў. Пераможцы разам з Надзеяй Алесіч наладзілі выставу сваіх ілюстрацый.

Ірына КАЗАЧЭНКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі.

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: