Якія ж бываюць бабулі і як усё-такі з імі знайсці агульнае? З імі цяжка бывае прыйсці да згоды. Але, калі ў сям’і ёсць дзеці, абысціся без бабулек практычна немагчыма. І раз так, будзем шукаць да іх падыход.

Бабуля пячэ піражкі, вяжа шкарпэткі і расказвае казкі. Так, не вельмі ведае камп’ютар і не ў курсе апошніх методык выхавання. Але яе добрыя казкі развіваюць мысленне лепш за спецыяльныя заняткі, а побач з ёй утульна, цёпла і спакойна. Радуйцеся! Класічная бабулька дае дзіцяці душэўны камфорт. І няхай яна не падтрымае размову аб гаджэтах, затое з цікавасцю выслухае малое, што якраз любому дзіцяці і патрэбна. У яе багаты вопыт, бо яна пражыла нялёгкае жыццё і, магчыма, выхавала сваё дзіця адна. Уся адказнасць ляжала толькі на яе плячах. Канечне, яна хоча падзяліцца сваім бясцэнным вопытам. Таму такая скарбніца мудрасці можа аказаць значную дапамогу.

Пагаджайцеся з яе думкамі —там, дзе гэта непрынцыпіяльна, ідзіце на ўступкі. Але, калі лічыце, што вашы метады правільныя  і неабходныя дзіцяці, мякка настойвайце на сваім. Галоўнае — без скандалаў, паспрабуйце растлумачыць, чаму і навошта вы гэта робіце. Старайцеся ціхенька расказваць аб навуковых распрацоўках. Памятайце: капля камень точыць!

Бывае і так. Бабуля ведае, што і як трэба рабіць толькі тэарэтычна, бо сваё дзіця амаль не расціла — ёй актыўна дапамагалі родзічы. Таму складанасці мацярынства абышлі яе бокам. Але ж, як лічыць такая бабуля, гэта не зрабіла яе менш вопытнай. Яна, канечне, не будзе прымаць актыўнага ўдзелу ў выхаванні дзіцяці на практыцы. У тэорыі заўсёды будзе побач. Знойдзе час, каб паведаміць аб вашых памылках і недахопах.

Тады папрасіце бабулю самой зрабіць тое, што яна прапануе. Многія, канечне, адмаўляюцца. Хаця ёсць  і такія, што могуць зрабіць проста і лёгка тое, што вам здавалася немагчымым. Тады не пашкадуйце цёплых слоў, падзякуйце, папрасіце прадоўжыць эксперымент.

Бабуля-інтэлектуалка возьме на сябе развіццё падрастаючага дзіцяці. Будзе вадзіць яго ў музычную школу, спартыўную секцыю, на выставы выяўленчага мастацтва, канцэрты і іншыя развіваючыя мерапрыемствы.

Такой бабулі можна смела даверыць адукацыю. Вам застанецца сачыць, каб малы быў апрануты адпаведна надвор’ю і хоць бы прыблізна выконваў распарадак дня, бо бабулі-інтэлектуалкі на бытавыя пытанні практычна не звяртаюць увагі: абед могуць замяніць чыпсамі, а сон удзень — гульнёй. Затое можна быць поўнасцю ўпэўненай, што ваша дзіця развіваецца.

Ёсць бабулі надта свабодалюбівыя. Яны, канечне, любяць унукаў. Але ў іх саміх вельмі актыўнае асабістае жыццё: праца, сябры, цікавыя мерапрыемствы. Яны сваё, як кажуць, адпрацавалі: вырасцілі дзяцей, а ўнукі — клопат іх бацькоў. Вам, напэўна, крыўдна. Ды паглядзіце на сітуацыю з другога боку. Многія маці з радасцю памянялі б надта клапатлівых бабуль сваіх дзяцей на бабулю, занятую выключна сабой, толькі б ніхто не ўмешваўся ў іх жыццё. Трэба ведаць і аб тым, што свабода такіх бабуль — з’ява часовая. У адпаведны перыяд, як толькі дзеці падрастуць, бабулі вернуцца ў сям’ю і стануць іх лепшымі сябрамі. Перад вачыма дзяцей будзе прыклад актыўнай і дасціпнай асобы. А гэта дарагога каштуе.

Яшчэ адзін тып бабуль. Яна заўсёды,як кажуць, пад рукой. Ёй можна смела даверыць дзіця. Яна выконвае ўсе вашы загады, не спрачаецца, вельмі любіць дзіця, а яно — яе.

На першы погляд, усё ідэальна. Але некаторыя маці адмоўна адносяцца да такой гарачай узаемнай любві дзіцяці да бабулі. Але не трэба трывожыцца. Пастарайцеся ўдзяліць больш увагі свайму дзіцяці. Зрабіце так, каб бабуля і ўнук ці ўнучка менш часу праводзілі разам. Па магчымасці, канечне, пастарайцеся зрабіць гэта максімальна тактычна, каб не пакрыўдзіць. І калі вы ўсё зробіце правільна, дзіця ў хуткім часе і само пацягнецца да вас.

Хачу прывесці прыклад са свайго ўласнага жыцця. Мой старэйшы сын з самага ранняга дзяцінства быў прывязаны больш да бабулі. Я гэта заўважала і не пярэчыла. А калі ён падрос, старалася больш часу з ім праводзіць, зацікавіць чым-небудзь, гасцінцамі частавала ў першую чаргу яго. Хутка ўсё змянілася ў лепшы бок. А сваёй маці, бабулі маіх сыноў, я вельмі ўдзячна за дапамогу ў выхаванні і доглядзе іх.

Дзякуючы ёй я, акрамя сярэдняй адукацыі, атрымала дзве вышэйшыя. Ведала, калі знаходзілася на вучобе, што дзеці ў надзейных руках — і накормленыя,  і здаровыя, і дагледжаныя.

І апошні тып бабулі. Яна сама ў душы дзіця. Пагэтаму менавіта з гэтай бабуляй можна пагуляць у падарожнікаў, з падушак, што на дыване, пабудаваць пячору ці адправіцца тайна ад бацькоў у «Макдональс». Ах, як жа яны любяць яе! Але такой бабулі не хапае дысцыплінаванасці. Калі дзіця не хоча рабіць дамашняе заданне, яна і не будзе настойваць.

Лічыце, што дзіцяці пашанцавала. Якраз такой бабулі ён даверыць усё самае патаемнае і знойдзе падтрымку ў самых складаных сітуацыях, бо яна заўсёды будзе побач як сапраўдны сябар. Ну а пытаннямі дысцыпліны давядзецца займацца вам. Аднак паспрабуйце і самі стаць дзіцяці верным сябрам.

Я таксама ўжо даўно бабуля, хутчэй за ўсё інтэлектуалка.

Вось такія бясцэнныя мы, бабулі, а таму маем права на павагу  і пашану, на цяпло і спагаду. Дык не шкадуйце ж нам усяго гэтага! Тады ў свой час і вам не пашкадуюць. Як справядліва аб самым запаветным у жыцці кожнага гаворыцца ў надзвычай цёплай вядомай песні:

Помолимся за родителей,

Ангелам нашим хранителям,

Помолимся, и когда-нибудь

Помолятся дети за нас.

З павагай і шчырасцю Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,

Лельчыцы.

 

 

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: