Родны куточак…. Ён для кожнага чалавека адзіны, самы прыгожы, лагодны,  дарагі, бо там засталіся блізкія людзі — бацькі, родзічы, там жывуць знаёмыя і сябры, настаўнікі, якія далі не толькі веды, але і навучылі жыццю, аднавяскоўцы. І куды б лёс ні закінуў нас, душа і сэрца заўсёды будуць там, дзе засталіся карані, вытокі, дзе прайшлі гады дзяцінства, юнацкай сталасці, маладосці. І гэта назаўжды!

Свята вёскі шырока адзначылі ў аграгарадку Сіманічы — адным з прыгажэйшых населеных пунктаў нашага раёна. З розных куткоў былога Савецкага Саюза з’ехаліся ўраджэнцы вёскі, бо лепшага месца, чым малая радзіма, не знайсці, бо тут і дыхаецца лягчэй, і адчуваецца здаравей. Сабраліся, каб прайсці па знаёмым з маленства сцежках, грыбных і ягадных мясцінах, сустрэцца з землякамі, усім сэрцам адчуць асаблівую прыцягальную моц роднай палескай зямлі, яе незвычайную энергетыку, яе прывабнасць і прыгажосць. Ды й менавіта на малой радзіме і людзі жывуць самыя працавітыя, таленавітыя, шчырыя, добрыя душой ды такія гасцінныя і хлебасольныя, што ніколі не адпусцяць таго, хто завітаў да іх дамоў, каб не пачаставаць, прычым самым смачным.

А якое ж свята без гасцей, падарункаў і віншаванняў! Першай са словамі прывітання і найлепшымі пажаданнямі звярнулася да ўсіх прысутных на свяце старшыня сельвыканкама Таццяна Бяспалая.

— Для многіх наша вёска стала роднай і блізкай, асабліва для старэйшага пакалення, — зазначыла Таццяна Адамаўна. — Тут прайшло юнацтва, працоўная сталасць, тут выраслі дзеці і ўнукі, магчыма, і яны застануцца на сваёй малой радзіме і будуць жыць, працаваць менавіта тут, спраўляць вяселлі, выхоўваць дзяцей. Нездарма ў народзе кажуць: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся» або «Мой дом — маё сяло». У гэтых словах — любоў да месца, дзе нарадзіўся і вырас, дзе пачаў працоўную дзейнасць… Усе разам мы развіваем нашу малую радзіму, праслаўляем і любім. Таму што на гэтай зямлі ўсе мы — адна вялікая сям’я. Няхай кожны шчыра ганарыцца сваім сялом і еднасцю аднавяскоўцаў!

Да шчырых віншаванняў далучыліся шаноўныя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Касінскі, ляснічы Сіманіцкага лясніцтва Міхаіл Субат, былы старшыня сельскагаспадарчага прадпрыемства Мікалай Хвацік.

Цэнтр вёскі ў гэты святочны дзень напоўніўся гоманам, усмешкамі, дзіцячымі галасамі. Менавіта сюды спяшаліся ўсе. Вялікую радасць ад сустрэчы з сябрамі, аднакласнікамі, старымі знаёмымі нельга перадаць словамі! Гэта хвалюючыя моманты жыцця! Тут адбылося сапраўднае народнае гулянне. Хто жадаў — слухаў музыку, спяваў, танчыў, іншыя прымалі ўдзел у бяспройгрышнай латарэі, цікавых конкурсных праграмах.

 

А колькі розных смачных страў і дэлікатэсаў беларускай кухні прыгатавалі гаспадыні! Шчыра віталі да сябе гаспадары сядзіб «Шчодрая хата», «Бульбяны двор», «Лепшыя лекі з прыроднай аптэкі», «Домік лесніка». А мясцовыя жыхары запрашалі адведаць шашлыкоў, пах ад якіх разносіўся на ўсю вёску. Дарэчы, мясам бараніны забяспечыў спонсар, ураджэнец вёскі Сіманічы Анатоль Федаровіч.

Прыцягвалі да сябе ўвагу стэнды «Когда мы были молодыми» і «Школьные годы чудесные». Час няўмольна рухаецца наперад, а на фотаздымках ён спыніўся і зноў і зноў напамінае аб самых цудоўных гадах дзяцінства, юнацтва, маладосці… Вельмі ўпрыгожылі свята разнастайныя выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мясцовых майстроў і рукадзельніц: Ніна Маслава прадставіла вышытыя карціны і іконы, Вольга Захарыч і Кацярына Федаровіч — вышытыя і тканыя рушнікі, посцілкі, сурвэткі, іншыя прыгожыя рэчы, Мікалай Дашкевіч — вырабы з лазы, Валянціна Флёрка — пакаёвыя кветкі. Усё гэта хараство было да месца  і так радавала вока кожнага! Сапраўды, колькі талентаў-самародкаў на нашай палескай зямлі!

А свята працягвалася. Вельмі прыемна, што людзі з такой любоўю добраўпарадкоўваюць родную вёску. З кожным годам яна становіцца прыгажэйшай. Кожны гаспадар клапоціцца аб тым, каб у двары і доме былі цеплыня, утульнасць і парадак, пасаджаны кветкі. Не абышлі на свяце лепшых гаспадароў сядзіб. Каштоўнымі падарункамі за перамогу ў конкурсе «Лепшыя дамы ўзорнага парадку» ўзнагароджаны сем’і Любові і Івана Грыбаў, Валянціны Сузько, Анастасіі і Івана Пастоенкаў.

Як было не назваць на свяце самую старэйшую жыхарку сяла — Надзею Васільеўну Сакалоўскую, якой у гэтым годзе споўнілася 93 гады. Узрост сапраўды салідны і паважаны! Не забылі і самую маленькую жыхарку Сіманічаў — Валерыю Лупіну. Жыццё вёскі працягваецца! Шчаслівым бацькам навароджанай Кандрату Аляксеевічу і Хрысціне Мікалаеўне — добрыя пажаданні і падарунак на памяць.

На сцэну для ўшанавання запрасілі і тых, чый сямейны саюз доўжыцца 60 гадоў. Брыльянтавае вяселле адсвяткавалі шчаслівыя пары Філіпа і Ірыны Зуевічаў, у якіх 3 дзяцей, 6 унукаў і 4 праўнукі, Георгія і Ніны Федаровічаў, якія выхавалі 6 дзяцей, маюць 19 унукаў і 13 праўнукаў. Сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль цёпла, сардэчна павіншавалі дзеці і ўнукі. Любоў і пяшчота заўсёды адгукаюцца дабрынёю і клопатам. Брыльянтавыя юбіляры замацавалі свой сямейны саюз вальсам Мендэльсона. Не забылі павіншаваць і тых, хто нарадзіўся ў верасні. Усім — найлепшыя пажаданні здароўя, шчасця, дабрабыту.

На працягу ўсяго свята музычныя падарункі даравалі майстры песеннага мастацтва — народны ансамбль народнай песні «Лагода», народны вакальны ансамбль «Вербніца», народны мужчынскі ансамбль «Лель» раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, вакальны ансамбль «Рябинушка» Сіманіцкага цэнтра культуры і дасугу.

Пранікнёныя радкі нашага класіка Якуба Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы…» так падыходзілі да незабыўнай атмасферы свята і сталі своеасаблівай формулай выказвання любові да роднага краю, бацькоўскай зямлі. Таму што для кожнага з нас беларуская зямля, квітнеючы палескі куточак чароўнай прыроды — самы дарагі сэрцу. І як прыемна сказаць ад душы: «Я ганаруся табою, мая вёсачка! Я ганаруся вамі, мае Сіманічы!»

Фота прадастаўлена Сіманіцкім сельвыканкамам.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: