— Каб дачушка не нацягала на сябе смецця, нажну чатыры снапы жыта, пакладу іх на полі, просцілкаю накрыю, а ў сярэдзіну пасаджу сваю маленькую Лідачку, якой тады яшчэ і года не было, — так пачала расказваць пра сябе старэйшая жыхарка, ўраджэнка аграгарадка Ліпляны Лельчыцкага сельскага Савета, носьбіт фальклору, дзевяностагадовая Клаўдзія Іванаўна Лось.

— Нарадзілася я ў 1928 годзе, у нашай сям’і было чацвёра дзяцей. Я — самая старэйшая, потым Рыгор, Ларыса і Таццяна. Наш род па лініі маці цягнецца з Лельчыц. Так здарылася, што мая бабуля, маючы дзяцей, пайшла замуж у Ліпляны. Таму для мяне і маіх дзяцей малой радзімай стала гэтая вёска, а зараз нават і аграгарадок, — распавядае Клаўдзія Іванаўна.

Нягледзячы на дзевяностагадовы ўзрост гераіня гэтай публікаці добра памятае падзеі, якія адбываліся ў яе доўгім, нялёгкім жыцці.

— Мы жылі бедна. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны я скончыла чатыры класы. Пасля ў школу ўжо не пайшла — трэба было дапамагаць маці па гаспадарцы, гадаваць малодшых дзяцей, бо бацька з вайны не вярнуўся. Мне было амаль чатырнаццаць гадоў, таму добра запомніла дзень 22 чэрвеня.

Гэта была нядзеля. Я пайшла гуляць да сваёй бабулі. Звярнуўшыся дадому, убачыла маці, якая паліла ў печы і сказала, што па радыё аб’явілі аб пачатку вайны, — працягвае свой аповед Клаўдзія Іванаўна. — Яна ізноў адправіла мяне да бабулі, каб я аб гэтым сказала і ёй, бо бабулін сын якраз збіраўся ў Лельчыцы на кірмаш, туды страшна было ўжо ехаць. У той жа дзень, у пасляабедзенны час у небе заляталі нямецкія самалёты. Дзеці гулялі, жанчыны як заўжды ў нядзельку, сядзелі на сонейку. Раптам пачалася бамбёжка, адзін хлопчык загінуў. На другі дзень на фурманках прыехалі немцы. Мы ад іх не хаваліся, напачатку ваенных падзей яны дрэннага нічога не рабілі — устанавілі сваю ўладу, камандавалі, дзеці ў верасні пайшлі ў школу. Гэта пазней, бліжэй да вызвалення, яны сталі лютаваць.

Майго бацьку ў армію адразу не ўзялі, таму што пальцы яго правай рукі не згіналіся і не разгіналіся. Ен хадзіў на работу ў Лельчыцы, дзе будавалі дом для «новай улады». Я ішла разам з ім і дапамагала мяшаць раствор.

Праз некаторы час, калі чакалася нямецкае наступленне, у мэтах бяспекі ўсё насельніцтва Ліплян адправілі жыць за раку, а нас, маладых, павезлі ў Лельчыцы капаць акопы, Гэта адбывалася на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца аўтазаправачная станцыя. Там мы і харчаваліся, а на ноч нас, дзяўчат, у асобным доме зачынялі на ключ, каб не паўцякалі. За непадпарадкаванне нават маглі расстраляць.

Але мы з адной дзяўчынай ўсё роўна ўцяклі… Прыбеглі дадому, а маці плача і кажа, што дзяўчат з нашага сяла забіраюць у армію. Гэта было 4 красавіка 1944 года. Прыехаў на кані ваенны, і нас, 15 чалавек, размясціўшы на фурманцы, павезлі да Буйнавічаў, адтуль на Ельск ехалі па вузкакалейцы на так званым цягніку «кукушка». У Ельску пераначавалі, а раніцай на машыне паехалі на Мазыр. Праз раку Прыпяць давялося перапраўляцца па пантонным мосце. Ваенны папярэдзіў нас, што будзе страшна, але супакоіў каб не баяліся. Пакуль дабіраліся з Мазыра да Хойнікаў, нашу машыну некалькі разоў абстрэльвалі з самалёта. Нямецкі кулямётчык, так нізенька падлятаў, каб застрэліць, нават вочы яго бачылі… Кулі так і скакалі каля нас. Але як трэба жыць, то нічога цябе возьме. Так мы даехалі ў Хойніцкі раён вёску Пагоннае.

Там стаяла ваенная частка. Нас туды прывезлі з мэтай працы на полі: сеяць гародніну, улетку яе палоць, акучваць, а ўвосень сабраць вырашчаны ўраджай: бульбу, капусту, буракі. У выніку, усё пагрузілі на фурманкі і некуды павезлі, а нас даставілі назад у Ліпляны.

У той жа 1944 год, як мяне забралі на палявые работы, праз месяц, 5 мая, ў армію прызвалі і бацьку, нягледзячы на яго інваліднасць. Так мы засталіся сіротамі, малодшай сястрычцы было ўсяго тры месяцы. Жылі ў зямлянцы, якую збудаваў бацька ў 1943 годзе. Ён навазіў лесу, каб пабудаваць хату. Але для гэтай справы патрэбна была мужчынская сіла, таму яшчэ некаторы час і пасля вайны жылі ў зямлянцы.

Каб пабудаваць дом, патрэбны і грошы, а ў нас іх не было, але выйсце са складанай сітуаціі было ўсё ж знойдзена. У адзін з гадоў у нас нарасло шмат жыта. Усім маці і разлічыліся з мужчынамі з Дубровы, якія ўзяліся скласці нам хату. Дабудоўвалі яе ўжо самі, а каб не памерці з голаду, я наймалася на працу да людей, якія давалі ежу. І на гародах працавала, і хаты беліла да Вялікадня, усю работу ўмела рабіць: ткаць, прасці, вышываць, касіць, гной накідваць, здаецца няма таго, што я не ўмею. Але ж гады сваё бяруць, зараз вось толькі ў хаці сяджу, аніякага толку з мяне няма. Добра, что дачушка Лідачка мяне даглядае.

— На здароўе я ніколі скардзілася, думала мне зносу не будзе, — разважае Клаўдзія Іванаўна. — Яшчэ ў вайну ў нас было дзве каровы, якіх бацька як валоў выкарыстоўваў для работы, запрагаючы ў аглоблі, і мяне навучыў. З іх дапамогай я ўсю мужчынскую работу рабіла, бо вельмі шкадавала маці. Аднаго разу ўжо позняй восенню мы з ёй паехалі на запрэжаных у воз каровах у луг. Калі вярталіся назад, невялічкі брод ужо ўзяўся лядком. Каровы да яго падыйшлі і сталі. Я злезла в воза, падняла падол спадніцы і босымі нагамі пайшла па лёдзе туды і назад, праломваючы яго, каб кароўкі не баяліся.

Мае малодшыя сёстры і брат ужо пайшлі з жыцця, а я ўсё жыву.

— Але ж давайце я вам пра сваё жыццё раскажу, як я замуж пайшла, як жыла і працавала ўжо мая сям’я, — прапанавала гераіня. — Акрамя таго, што я ўмею рабіць усю работу, вельмі любіла спяваць і ведала шмат песень тых, старых, якія спявала яшчэ мая бабуля. Любіла бываць на музыках. Там і сустрэла свайго мужа Уладзіміра, які быў высокі, статны, прыгожы і вельмі хораша танчыў. Усе люді казалі, што мы надта прыгожая пара.

З Валодзем пажаніліся ў 1950 годзе, жылі разам з яго бацькамі. Вясною яго забралі ў армію, а я з малой дачушкай засталася яго чакаць. Свёкар і свякруха ва ўсім мне дапамагалі, Царства ім Нябеснае, нічога дрэннага пра іх сказаць не магу. Ды і я не лянавалася, адным словам вельмі добра жылі. Калі Валодзя вярнуўся з арміі — пайшлі жыць асобна. Вырашылі пабудаваць сабе дом з цэглы. Для гэтага прыйшлося прадаць карову, якую мне дала маці ў прыданае.

Разам з мужам працавалі ў калгасе за працадні, грошай не плацілі зусім, дажыліся да таго, што не было ў што апрануцца і абуцца. Праз некаторы час Валодзя пайшоў працаваць у аўтакалону шафёрам — развозіў тавары па магазінах, а я — на цагельны завод. Так да пенсіі і прапрацавалі.

У Клаўдзіі Іванаўны двое дзяцей, пяцёра ўнукаў і дзевять праўнукаў. Дачка Лідзія — 40 гадоў адпрацавала бібліятэкарам (зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку), сын Уладзімір яшчэ працуе ў Лельчіцкім аграсервісе.Клаўдзія Лось з дачкою Лідзіяй Уладзіміраўнай

Лідзія Уладзіміраўна расказала, што іх з братам бацькі выхоўвалі ў працы і ніколі не сварыліся ў прысутнасці дзяцей.

— Маці вельмі ахайная і мяне гэтаму вучыла: каб у хаце і дварэ заўсёды быў парадак, — падзялілася жанчына. — Я дапамагала бацькам не толькі дома па гаспадарцы, але хадзіла ў калгас і на завод разам з маці, а калі-небудзь і працавала за яе. У той час усе так рабілі. У нас дома была вялікая гаспадарка. Таму даводзілася пасвіць кароў, свіней, гусей.

У хаце Клаўдзіі Іванаўны Лось заўсёды парадак, зала прыбрана рознымі вышытымі, рушнікамі, сурвэткамі, абрусамі, падушкамі з вышытымі навалачкамі, саматканымі коўдрамі і іншымі ўласнаручна вырабленымі прадметам быту.

Кідаецца ў вочы і тое, з якой любоўю ў вялікіх рамках на сценах, на стале захоўваюцца сямейныя фотаздымкі родзічаў, розныя выразкі з раённай газеты, клапатліва наклеяныя на кардон, дзе пісалася пра каго-небудзь з членаў гэтай працалюбівай сям’і. У хаце — нібыта ў музеі, усё расстаўлена па сваіх месцах з любоўю, што прыводзіць да высновы — менавіта так павінна выглядаць матчына хата…

Прадметы быту, вырабленыя рукамі Клаўдзіі Лось неаднаразова экспанаваліся на розных выставах не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Да жанчыны і зараз звяртаюцца за тым, каб расказала ўспаміны пра вайну, народныя традыцыі, як раней жылі людзі, пра іх быт: як яны апраналіся, якія спявалі песні, калі праводзілі розныя абрады.

Пасля знаёмства з Клаўдзіяй Іванаўнай Лось я прыйшла да высновы, што гэтая жанцына-працаўніца з’яўляецца не толькі носьбітам фальклору, але і сведкам падзей амаль цэлага стагоддзя, якія моцным адбіткам ляжыць на яе кволых плячах.

Людміла ШТАРОВА.

Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: