25 снежня вернікі каталіцкай канфесіі адзначаць адно з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў — Раство Хрыстова. У чым яго сэнс, з якім душэўным станам яны падышлі да свята, чаго ад яго чакаюць? — на гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць ляльчан.

Антаніна СІКОРСКАЯ:

— Гэта вельмі дарагое для майго сэрца свята. Сямейныя традыцыі, звязаныя з Раством, калісьці перадала мне маці, а я — ужо сваім дзецям, якіх у мяне сямёра. Свята вельмі чакаем, заўсёды старанна рыхтуемся: напярэдадні прыносім елку, гатуем дванаццаць страў — усе посныя, абавязкова куццю, і да першай зоркі не ядзім. Стол засцілаем белым абрусам, пад яго кладзём сена і ставім гаршчок з куццёю, а таксама іншыя стравы, яшчэ абавязкова свечку, галінку елачкі, аплаткі — гэта вельмі дарагі для нас хлеб. Заўсёды на Раство ў нашай хаце збіраюцца дзеці. Я чытаю Біблію (урывак пра нараджэнне Сына Божага). Потым кажу: «Калі я вас каго пакрыўдзіла, выбачайце мне, і вы павінны адзін у аднаго папрасіць прабачэння». Потым бяром аплаткі, дзелімся імі паміж сабою і адначасова просім адзін у аднаго прабачэння, абменьваемся пажаданнямі: звяртаюся спачатку да мужа, а потом па чарзе да кожнага з дзяцей, і яны робяць тое ж самае. Вячэраем напярэдадні Раства і ідзём у касцёл на Імшу-Пастэрку. У ксяндза таксама просім прабачэння, дзелімся са святаром аплаткамі, выказваем добрыя пажаданні. Пасля службы — дамоў. Зранку ідзём у касцёл на ўрачыстую Літургію. А пасля службы збіраемся ў нашай хаце і ўсе разам святкуем Раство Хрыстова. Віншую ўсіх людзей з надыходзячым святам Божага Нараджэння і жадаю радасці, міласэрнасці, жыць з Богам, любіць адзін аднаго, міру ў душы і на зямлі. Менавіта вера дапамагае быць цярплівымі, міласэрнымі, нікога не асуджаць. Сапраўды веруючы так і будзе паводзіць сябе ў жыцці, таму што з ім заўсёды прыбывае Святы Дух.

Данііл КАЛЯДА:

— Свята вельмі добрае, і я яго чакаю, бо заўсёды на Раство атрымліваю шмат падарункаў — ад Пана Езуса, бацькоў, бабуль і дзядуль. Гэта так прыемна і радасна! А яшчэ вельмі люблю, калі ўсе разам збіраюцца ў нас дома!

Вера ШУР:

— Божае Нараджэнне — гэта свята, якое нясе з сабой цеплыню і спакой, так знаёмыя і блізкія сэрцу кожнага чалавека. Гэта перамога святла над цемраю, гэта ўсведамленне, што ўсе мы — адзіная вялікая сям’я, пакліканая ў гэту святую ноч да сапраўднай любові…

Я з нецярпеннем чакаю гэтага свята, змагаюся са сваімі жарсцямі, наводжу генеральны ўнутраны парадак, каб мая душа стала Божай Святыняй, у якой народзіцца маленькі Езусік, наш Збавіцель. Менавіта Ён адорыць мяне новай ласкай, заахвоціць да новага жыцця, да новай радасці і не дапусціць мне адступіцца ад Божых запаведзяў!

Аліна КУРАШ:

— Для мяне Божае Нараджэнне з’яўляецца падараваннем радаснага часу чакання прышэсця на зямлю нашага Уладара — Пана Езуса. У гэты час асаблівую ўвагу мы ўдзяляем разважанням над сэнсам Вялікай Таямніцы прышэсця на свет нашага Збавіцеля. Акрамя таго, гэты час прымушае нас яшчэ раз задумацца над сэнсам свайго жыцця, змяніць нешта ў лепшы бок. Асабіста для мяне важны таксама сямейны аспект свята. Божае Нараджэнне з’ядноўвае ўсіх членаў сям’і, прымушае забыць старыя крыўды і праз радасць Божага Нараджэння абудзіць найлепшыя пачуцці для маіх блізкіх. Словам, час Божага Нараджэння — гэта час здзяйснення вялікага цуда.

Тадэвуш КУЛІК:

— Нараджэнне Хрыстова — асаблівае, вялікае свята, і мне яно вельмі даспадобы. Падчас Раства ўсе абменьваюцца падарункамі, добрымі пажаданнямі са сваімі роднымі і блізкімі. Хацеў бы, каб на святочнай службе побач са мною былі мае бацькі, старэйшы брат, бабуля. Патрэбна  імкнуцца да таго, каб ачысціць душу ад грахоў, каб пазбегнуць Божай кары. Калі людзі будуць жыць па Божым запаведзям, то пападуць у рай. Некаторыя лічаць, што галоўнае на свята Божага Нараджэння — сабрацца за сталом, пачаставацца смачнымі стравамі. Але гэта не самае важнае. Патрэбна рыхтаваць сябе да Раства: далучацца да службаў, пасціцца, шчыра маліцца, спавядацца, каб на душы панавалі мір, спакой і чысціня. Жадаю, каб усе жылі ў згодзе, хадзілі ў касцёл і набылі вечнае жыццё з Богам.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: