Прайшоў год, аб’яўлены Годам малой радзімы, за ім пайшлі наступныя, якія таксама будуць адабражаць натхнёнасць людзей зрабіць штосьці добрае для сваёй малой радзімы, бо тое, што робіцца з душой, заўсёды атрымліваецца так, як задумана. Бо да таго месца, дзе нарадзіўся, дзе прайшло тваё басаногае дзяцінства, заўсёды адчуваеш цеплыню і любоў, дзе б ты ні жыў, у якія б вялікія людзі ні выбіўся.

А яшчэ, асабліва калі малая радзіма — невялікая вёска, якая ціха памірае, цвеліць душу непазбыўнае пачуццё віны, што ты яе, выправіўшыся аднойчы шукаць лепшай долі, ужо тады, калі яшчэ звінела вуліца галасамі, сядзелі бабулі на лаўках і надвячоркам чакалі вяртання з поля вялікія статкі кароў, па вёсцы паўсюдна распаўзаўся бэзавы і чаромхавы водар, чуліся па вечарах на вёсцы мілагучныя галасы дзяўчат, якія прыгожа спявалі старадаўнія народныя песні, ты пакінуў вёску з усім гэтым сам-насам.

Людзі, для якіх малая радзіма не пусты гук, якія адчуваюць пакуль яшчэ тыя самыя любоў, цеплыню і віну, якія маюць нейкія магчымасці, сілы і сродкі для свайго роднага куточка штосьці зрабіць, сёння ў самым росквіце. Гэта пакаленне людзей, якое ў 70-х, 80-х, пачатку 90-х масава з’язджала з вёсак, пакідаючы сваю малую радзіму фактычна без будучыні, без працягу. І пакуль яны яшчэ поўнасцю не абтрэслі са сваіх чаравікаў вясковы пыл, спрабуюць прыязджаць на сваю малую радзіу, каб сустрэцца з бацькамі, калі яны яшчэ жывыя, пагаманіць з вяскоўцамі, якіх застаецца на вёсцы з кожным годам усё менш і менш, мараць стрэць сваіх аднагодкаў, каб пахваліць свой горад і разам сябе, наведаць школу, калі яна яшчэ існуе, заглянуць у школьны краязнаўчы музей, які калісьці дапамагалі ствараць, і успомніць свае школьныя гады, сваё басаногае дзяцінства.

Вядома, што ў тыя 70-ыя, 80-ыя гады пры кожнай школе былі краязнаўчыя куткі, музеі, у якіх знаходзіліся кароткія летапісы стварэння вёсак, адлюстроўвалася жыццё і занятак людзей на працягу многіх сівых стагоддзяў, самаробныя прылады працы, якімі карысталіся людзі, каб выжыць, іх рамёствы і быт, гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў жыцці людзей на гэтай тэрыторыі і шмат чаго іншага. Тут жа абавязкова летапіс стварэння школы, звесткі аб настаўніках, якія працавалі ў ёй, звесткі аб рэвалюцыйных падзеях, аб стварэнні калектывізацыі ў данай мясцовасці і гэтак далей. Асабліва вялікае месца ў школьных музеях адводзілася воінам-вызваліцелям, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне і вярнуліся дамоў. Тут у альбомах іх фотаздымкі, кароткія аповеды іх баявых паходаў, узнагароды. Побач стэнды воінаў, якія загінулі на франтах, праяўляючы гераізм і адвагу.

Значнае месца ў школьных музеях было адведзена воінам-інтэрнацыяналістам, былым вучным школы, якія загінулі ў Афганістане, іх перапісцы з роднымі, са школаю. Усё гэта было аформлена ў фотаальбомах, дзе знаходзілася іх вайсковая форма аддзення, узнагароды і гэтак далей.

Я прыводжу прыклад на Чырвонабярэжскай базавай школе, у якой працаваў больш за два дзесяцігоддзі дырэктарам, але якую, на жаль, зачынілі ў мінулым годзе. Не хочацца, каб знікала краяведчая работа, якая давала значны поспех у выхаванні падрастаючага пакалення. Добра, што кіраўнік раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандр Цалка забраў у школе ўсе экспанаты і матэрыялы, якія тычыліся загінуўшых ў Афганістане вучняў Чырвонабярэжскай і Буйнавіцкай школ Міхаіла Неваднічэнкі і Міхаіла Осіпава, і зараз яны размешчаны ў гарадскім краязнаўчым музеі.

Цяпер, як ніколі, выказваецца вялікая занепакоенасць лёсам музеяў вясковых школ. Бо ні ў адной іншай краіне на прасторах былога Саюза няма такой колькасці музеяў, дзе захоўваюцца унікальныя дакументальныя матэрыялы. Многія з гэтых музеяў знаходзяцца на базе школ, у тым ліку вясковых. Цяпер гэтыя музеі пад пагрозай знікнення разам з матэрыяламі. І гэта праблема патрабуе вырашэння, інакш мы можам беззваротна страціць вялізны пласт нашай гісторыі.

Хіба нельга пры закрыцці школы для такога невялічкага вясковага музея прыстасаваць на вёсцы хацінку? А можа і зацікаўленая асоба знайшлася б, чалавек, неабыякавы да лёсу сваёй малой радзімы, які змог бы на добраахвотных пачатках прыглядзець за музеем у роднай вёсцы, ды й не толькі зберагчы назапашаны дзесяцігоддзямі духоўны скарб, а і папоўніць яго новымі экспанатамі.

Што можна яшчэ прапанаваць? Хіба, нельга, скажам, усё лепшае, каштоўнае са школьных краяведчых музеяў загаддзя (маецца на ўвазе школ, якія ліквідавалі) перанесі ў раённы музей, абсталяваць там нейкі вугалок, захаваць памяць пра знікаючую вёску? Паўсюдна развіваецца ў нашай краіне аграэкатурызм. Дык ці не паспрыялі б яго развіццю ў будучым краязнаўчыя музеі і вугалкі?

Час цяпер такі. Ва ўсім свеце дзеці адрываюць ад сябе карані, якія перашкаджаюць крочыць да пастаўленай мэты. Але, магчыма, цяпер варта паразважаць аб тым, што можна зрабіць, каб у недалёкай будучыні не мець грамадства абыякавых і бяспамятлівых людзей, каб поўнасцю не згубіць дасведчанасць адносна гісторыі родных мясцін, не згубіць мінулае.

Анатоль КАШЭВІЧ,

вёска Чырвонабярэжжа.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: