У свой час людзі майго пакалення, былыя партызаны і салдаты, удовы і сіроты, інваліды і вязні нямецкіх канцлагераў, усе тыя, хто быў аглушаны страшэннай вайною з фашысцкай чумою, пасля ўсяго перажытага асцярожна абвыкаліся ў мірнай цішыні, і ніхто з іх тады, у тыя пасляваенныя гады не ведаў, што пройдзе год, дзесяць, пяцьдзесят і вось ужо поўных семдзесят пяць гадоў, а яна, вайна, усё яшчэ настойліва будзе умешвацца ў іх жыццё, напамінаць аб сабе, прыносіць у гэтыя ўжо зусім не маладыя гады нейкія ўспаміны, нейкі смутак, нейкую перасцярогу.

Паступова, не вельмі спяшаючыся, наступаючы на ломкія крыгі і на белы хвост зімы, які паспешліва падтулялі і неслі на поўнач завеі, ішла тады па ваенных дарогах вясна сорак чацвёртага года. Яна весела абыходзіла лужыны, забіралася туды, куды нават птушкі не асмельваліся іншы раз залятаць, і там, у хмызняках, будзіла зялёны сон травы. Яшчэ суткі — і тут ужо лопаюцца набраклыя пупышкі і па-свойму радасна, як птушаняты, над халоднай вадою, што пахне яшчэ па-зімоваму, пачынаюць варушыцца вербавыя коцікі.

Вясна тады хутка кацілася на поўнач, зусім не так, як давялося чырвонаармейцам, якія яшчэ ўзімку вызвалілі ад немцаў многія паўднёвыя раёны Беларусі, але ж ніяк не маглі прабіцца да ўзмоцненай абароны фашыстаў, якая цягнулася ад Мазыршчыны і да Тураўшчыны ўздоўж Прыпяці — усё было вакол замініравана.

З наступленнем вясны пры воінскіх фарміраваннях былі створаны з ліку добраахвотнікаў спецыяльныя атрады, куды ўваходзілі юнакі, якім споўнілася шаснаццаць–васемнаццаць гадоў, і вопытныя чырвонаармейцы. Юнакоў на хуткую руку навучалі міннай справе: як мінашукальнікам знайсці міну і як яе абясшкодзіць.

Такія атрады заўсёды з песняю хадзілі ў ваенную сталоўку. І мы, шасцігадовыя, сямігадовыя хлапчукі, таксама ішлі побач і спявалі заўсёды песню «Распрагайце, хлопцы, коні…»

І гэтыя юнакі з салдатамі праз колькі дзён ужо ішлі з мінашукальнікамі ў напрамку Прыпяці. Яны крок за крокам перасоўваліся па мінным полі, адшуквалі замаскіраваную смерць, абясшкоджвалі яе. Але не заўсёды ўсё атрымлівалася так, як гэта патрэбна. Аднойчы адбыўся моцны выбух — і нага юнака Арсеня праляцела над галовамі яго таварышаў. Яго хутка даставілі ў ваенны шпіталь і зрабілі ўсё магчымае. На ўсё жыццё Арсень застаўся без правай нагі. Яго брат Лявон праз колькі дзён страціў левую руку. Юнак Віктар пашкодзіў «рэпанкай» правую руку. Мой аднагодак Васіль Чырыч, які вясною таго ж года вяртаўся са сваёй маці з лесу ў вёску, заўважыў ля дрэва бліскучы на вясновым сонцы ровер. Маці крычала, каб не чапаў ён яго, але хлапчук не паслухаўся. Адбыўся выбух — Васіль на ўсё жыццё застаўся без левай рукі, пашкоджанай нагою — так немцы жартавалі над палешукамі.

Гэта толькі некалькі выпадкаў, сведкам якіх я быў у той далёкі сорак чацвёрты год.  А колькі маладых юнакоў — мінашукальнікаў легла на той зямлі каля Прыпяці, колькі прывезлі іх і пахавалі на брацкіх могілках? Невядома. Чуліся звесткі на вёсках амаль штодзённа. Там падарваўся на міне, там дзеці паклалі ў вогнішча неўзарваны снарад. Выбух ускалыхнуў навакольныя вёскі.

У канцы спаленай вёскі ў вячэрнім гулкім звоне чуліся і слёзна-радасныя галасы кабет — вярнуўся з вайны пакалечаны, без нагі салдат, вярнуўся з вайны моцна пакалечаны, з асколкамі ў целе салдат, у якога вельмі дрэнна з галавою.

Я таксама, як і многія другія, чакаў бацьку з вайны. Выбягаў часцяком на пагорак за вёску, на тое месца, дзе ў чэрвені сорак першага года апошні раз бачыў яго. Бачыў яго засмучаны твар, калі ён развітваўся з намі, ішоў з другімі на вайну…

І толькі ўжо ўлетку ўсе навакольныя вёскі (калі можна было іх лічыць так, бо жылі ўсе вяскоўцы ў малапрыстасаваных ямах — паграбах) пачалі адсяляць на чатыры кіламетры на поўдзень, у больш небяспечнае месца. Салдаты дапамагалі будаваць у лесе курані, устанавілі перад пагарэлай вёскай вартавых. Чаму так зрабілі — мы здагадваліся: размініраваны ўжо былі подступы да Прыпяці, рыхтавалася наступленне нашых войск па так званай аперацыі «Баграціён», пра што мы даведаліся значна пазней з падручнікаў гісторыі.

А ў тыя чэрвеньскія дні сорак чацвёртага года нам, падлеткам, было ўсё вельмі цікавым, асабліва жыць без асаблівых турбот у мірны час усёй вёскай на куранях, бо да гэтага нам было ўжо не прывыкаць — амаль два гады зімой і летам жылі мы ў лясных куранях, цярпелі голад і холад, хварэлі, больш слабыя з дзяцей — паміралі, асабліва гадавалыя дзеці.

І вось аднойчы досвіткам пачулі мы з боку нашай вёскі моцныя артылерыйскія выбухі, якія ўсё далей і далей адыходзілі ад нас у бок Прыпяці. Над куранямі праляцела вельмі многа нашых самалётаў. Ішла вызваленчая барацьба. Мы радаваліся ўсяму гэтаму, бегалі па лясных сцяжынках, спрабавалі лічыць колькасць нашых самалётаў. Але не ва ўсіх нас гэта атрымоўвалася, бо за гады вайны ў школе мы не вучыліся, толькі маглі лічыць многія з нас да дзесяці і то з вялікай цяжкасцю, хіба з дапамогаю тых, хто да вайны скончыў клас другі ў школе.

Усе гэтыя дзесяцігоддзі мірнай цішыні тыя ж знявечаныя, параненыя вайной салдаты, партызаны, удовы, сіроты, вязні нямецкіх канцлагераў, малалетнія падлеткі таго часу, такія ж, як мы, жылі ўспамінамі аб той жудаснай вайне, снілі вельмі часта яе, бо ніяк не пакідала яна нашу свядомасць не толькі днём, але  і ноччу, пранізала нашу постаць навылёт, нашу галаву, нашу чалавечую памяць.

Анатоль КАШЭВІЧ,

в. Чырвонабярэжжа.  

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: