Пэўны час наш дом №4 па вуліцы Перамогі знаходзіўся на капітальным рамонце. Мы, жыхары дома, дзякуем рабочым, бо рамонт закончаны нармальна. Праўда, з некаторым парушэннем тэрміну, але гэта не па іх віне.

Галоўнае, што газазваршчыкі ўсё выканалі якасна, пры падключэнні да цяпла батарэяў нас не затапіла, тэмпература ў кватэрах адпавядае норме.

За гэта мы ўдзячны будаўнікам ЗАО “Альянс”, а таксама Сяргею Рэвуту і Сяргею Баўсуноўскаму, якія ўсё трымалі пад кантролем, адклікаліся на нашы просьбы, дапамагалі і па магчымасці выпраўлялі недахопы. А Сяргей Рэвут у любы час сутак рэагаваў на нашы званкі, імкнуўся разабрацца ў сутнасці справы, дапамагаў.

У кароценькія хвілінкі адпачынку рабочых мы гутарылі з імі, закранаючы розныя праблемы нашага сённяшняга жыцця, а таксама сутнасці і важнасці прафесіі будаўніка. Часам чулі ад іх, што гэта прафесія зжывае сябе, што ў яе няма будучыні, дый зарплата, якую цяпер атрымліваюць не ў час, значна ніжэй стала.

Выслухаўшы меркаванні рабочых, я вырашыла заглянуць у далёкае мінулае прафесіі будаўніка. Высветліла, што яна адна з самых старажытных з часоў першабытнай абшчыны. Чалавек будаваў прытулак, каб абараніцца ад стыхійных бедстваў, пякучага сонца, пранізваючага ветру. Людзі мелі патрэбу ў нейкіх укрыццях ад дажджу, снегу, драпежных жывёл і іншых пагрозаў. У тыя часы для будаўніцтва выкарыстоўвалі звычайныя матэрыялы, якія не патрабавалі дадатковых абпрацовак.

Будаўнік — прафесія, у якой трэба пастаянна думаць, інакш сёння мы не любаваліся б веліччу егіпецкіх пірамідаў і прыгажосцю рымскіх акведукаў.

У шырокім сэнсе — гэта прафесія чалавека-творцы, які прыносіць грамадству велізарную карысць, чыя праца ўвасоблена на самай справе ў матэрыяльнай спадчыне.

Чалавек увесь час імкнецца мадэрнізаваць працэс узвядзення ўсё новых аб’ектаў. Гэта мы бачым на вуліцах нашых гарадоў. І калі гаворым аб новабудоўлях і маем у сваёй свядомасці іх карціны, дык першае, што нам уяўляецца, гэта незвычайныя будынкі і пабудовы са шкла і іншых пакуль што невядомых матэрыялаў.

Будаўнік — прафесія надзейная і запатрабаваная ва ўсе часы. Сярод самых запатрабаваных займае важнае месца, яна не абмяжоўваецца толькі ўзвядзеннем жылля, гмахаў, гэта і тэатр, музыка, мастацтва, пастаяннае папаўненне ведаў, навыкаў (дзеля чаго патрэбна многа чытаць).

Атрымаўшы першапачатковыя практычныя навыкі, будаўнік імкнецца замацаваць іх, каб потым працаваць на многіх будаўнічых пляцоўках.

Прафесія заўсёды была гонарам і адрознівалася высокім узроўнем аплаты працы. Узвядзенне аб’ектаў працягваецца ў любы час года і пры любым надвор’і. Гэта стала магчыма дзякуючы новым тэхналогіям  і распрацоўкам. Каменшчыкам, напрыклад, рыхтаваць раствор і выкладваць больш не трэба. З мноства матэрыялаў будаўнікі ствараюць розныя ўзоры і мазаікі. Ад іх працы залежыць тое, наколькі эстэтычна будзе выглядаць канструкцыя.

Адна з самых небяспечных прафесій у будаўніцтве — страхар (ён робіць дахі).

У сучасны момант вельмі запатрабаванай прафесіяй у гэтай галіне з’яўляецца інжынер-будаўнік. Але каб пратэндаваць на вакансію ў гэтай прафесіі, абавязкова патрэбна атрымаць адукацыю ў адпаведнай вышэйшай установе.

Бясспрэчна, што ў наш час прафесія будаўніка самая масавая і запатрабаваная. Няма такой сферы дзейнасці, у якой не патрэбен быў бы ўдзел будаўніка. Таму цяпер ёсць многа навучальных устаноў, дзе рыхтуюць спецыялістаў гэтай прафесіі: установы вышэйшай адукацыі, тэхнікумы, ліцэі і гэтак далей.

Доўга лічылася, што праца будаўніка — для сапраўдных мужчын. Але ў сучасны момант гэтай прафесіяй авалодваюць і жанчыны — маляры, штукатуры, каменшчыкі і іншыя.

Упэўнена, што прафесія будаўніка — вечная. І без паэтычных радкоў тут не абысціся:

З натхненнем і арліным размахам,

Бліскотна з бетону, з жалеза, з камення

У сонечных яркіх праменнях

Дораць людзям яны гмах за гмахам.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,
Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: