У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя чарговай кнігі «Уратуем нашы душы» пісьменніка Анатоля Кашэвіча, які пражывае ў вёсцы Чырвонабярэжжа. Нагадаю, што ў апошні час выйшлі з друку дзве кнігі знакамітага аўтара, якія таксама прэзентаваліся, — гэта «Новенькая» (2015) і «Смалакурня» (2016). Яшчэ раней свет пабачылі кнігі «На куранях» (2011), «Прызванне-ратаўнік» (2012), «Прыліў памяці» (2013). Маюцца і такія невялікія аповесці, як «Выбух снарада», «Дзед Міколік», «Залатое вяселле».

На сустрэчы прысутнічалі, акрамя галоўнага віноўніка свята, старшыня Гомельскай обласной грамадскай арганізацыі «Саюз беларускіх пісьменнікаў», празаік, паэт і мастак Анатоль Бароўскі, кіраўнік выдавецкай групы Уладзімір Кацора, настаяцель прыходу храма Богаяўлення аграгарадка Сіманічы пратаіерэй Іаан Палын, педагогі і навучэнцы раённай гімназіі і лельчыцкай сярэдняй школы №2, прадстаўнікі СМІ, грамадскасці.

Адкрываючы мерапрыемства, вядучая, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Людміла Давыдзенка, зазначыла, што пра сучасных пісьменнікаў нашай малой радзімы вядома не вельмі шмат, хаця яны і жывуць сярод нас. На першы погляд, яны звычайныя людзі… Але ў мітусні пастаянных клопатаў яны не перастаюць здзіўляцца прыгажосці роднай зямлі, бачаць тое, што для нас стала звыклым і незаўважаным. Яны вучаць нас ганарыцца сваёй малой радзімай, вядуць нас да думкі пра тое, што таленты нара-джаюцца, жывуць і ствараюць геніяльныя творы не толькі ў сталіцах, але і ў самых аддаленых кутках нашай краіны.

Гэтыя словы можна аднесці і да нашага пісьменніка Анатоля Кашэвіча — чалавека, які валодае велізарнай прагай жыцця, невычэрпным аптымізмам і энергіяй, для якога тварыць дабро — гэта патрэбнасць душы.

 

Прысутныя пазнаёміліся з біяграфіяй Анатоля Станіслававіча, паглядзелі відэапрэзентацыю, прысвечаную нашаму земляку. Дарэчы, нарадзіўся Анатоль Кашэвіч у вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна. Служыў на караблях Чарнаморскага флоту ў Севастопале. Пасля скончыў Мазырскі педінстытут, затым Мінскі імя Горкага. Яго працоўны стаж складае больш за сорак гадоў, з іх больш паловы ён быў дырэктарам школы. Выдатнік адукацыі СССР і БССР, мае шмат іншых узнагарод, сярод якіх і медаль Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «За выратаванне тапельцаў». Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца яшчэ ў школьныя гады. Анатоль Кашэвіч больш за 50 гадоў супрацоўнічае з раённай газетай «Светлае жыццё».

Не адна кніга выйшла з-пад пяра Анатоля Кашэвіча, і вось чарговая — «Уратуем нашы душы», дзе аўтар перапрацаваў і абагульніў нейкія моманты з яго папярэдніх твораў, дапоўніў апавяданнямі «Ліквідатар» і «Яе Вялікасць Памяць».

Анатолю Станіслававічу давялося ў сваім жыцці буквальна вяртаць людзей з таго свету — ратаваць тапельцаў. Ён выратаваў больш за 10 чалавек, якія і зараз жывуць, займаюцца любімай справай, выхоўваюць дзяцей, некаторыя ўжо маюць унукаў. Пра кожны выпадак Анатоль Станіслававіч памятае ўсё да драбніц… Пра некалькі самых неардынарных ён расказаў прысутным. Гэта вельмі ўразіла ўсіх, асабліва дзяцей.

— У мяне падчас службы на флоце быў вельмі добры настаўнік — мічман Мельнікаў, які навучыў нас, як правільна аказваць дапамагу тапельцам. І яшчэ ён заўсёды гаварыў, што вярнуць да жыцця можна і таго чалавека, які пабыў пад вадою гадзіну і нават болей. Аднойчы давялося ратаваць дзяўчынку. Мне тады дапамагаў сын. Але што мы ні рабілі, сэрца заводзілася, а потым імгненна спынялася. Прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу і везці ў бальніцу. Урачы адмаўляліся, гаварылі, што дзяўчынка ўжо мёртвая, але я настойваў, каб пазмагаліся за яе жыццё, і ўпэўнена заяўляў, што яе магчыма выратаваць, — дадаў Анатоль Станіслававіч. — І дзяўчынка выжыла. Яна выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, мае ўнукаў, але на працягу ўсяго часу ніколі не забывае патэлефанаваць мне, заўсёды выказвае словы падзякі…

Далей у сваім выступленні Анатоль Кашэвіч падзяліўся з прысутнымі, чаму назваў сваю новую кнігу менавіта «Уратуем нашы душы», расказаў пра далейшыя творчыя планы, пры гэтым трэба адзначыць, што яе загаловак, змест вельмі сучасныя і надзённыя.

Пра супрацоўніцтва з Анатолем Кашэвічам, сваім сябрам і калегай, пра сваю творчую дзейнасць вёў размову пісьменнік Анатоль Бароўскі, які, дарэчы, заклікаў прысутных не цурацца роднай мовы, больш размаўляць на ёй, больш чытаць твораў на матчынай мове.

Сваімі думкамі і меркаваннямі падчас сустрэчы падзяліўся таксама настаяцель прыходу храма Богаяўлення аграгарадка Сіманічы пратаіерэй Іаан Палын.

А потым з якім задавальненнем Анатоль Кашэвіч уручаў свае кнігі моладзі (на здымку), педагогам, паклоннікам свайго таленту, паціскаючы руку кожнаму, даваў аўтографы, выказваў парады.

Нечаканым і прыемным сюрпрызам для Анатоля Станіслававіча стала выступленне дачкі Галіны, якая падрыхтавала для бацькі і ўсіх прысутных музычныя падарункі — выканала пранікнёныя песні, якія кожнаму нагадалі пра малую радзіму, дзе ўсё такое роднае  і блізкае, пра бацькоўскі дом, пра самых родных і блізкіх людзей — нашых бацькоў…

Шмат карыснага выносіў кожны, хто пабываў на гэтай сустрэчы, яна не магла прайсці бясследна. Менавіта для сябе вырашыла, што і далей буду шліфаваць характар, каб стаць лепей, вырасці духоўна.

А калі мы ў той дзень развітваліся з Анатолем Станіслававічам, ён мне сказаў:

— Жонка на мяне бурчыць, маўляў, ты ж ужо немалады, кінь гэту справу! Навошта яна табе? А я ўсё роўна буду пісаць, пакуль буду жыць, пакуль яшчэ ёсць у мяне сілы і моц. Ды і не магу я інакш…

И я разумею: гэты сціплы, але такі мудры і таленавіты чалавек з багатым жыццёвым вопытам, шмат чаго пабачыўшы на сваім жыццёвым шляху, не спыніцца, бо мае патрэбу выказваць свае думкі на вострыя праблемы, на тое, што непакоіць душу, бо няўрымслівы, працавіты, справядлівы, неабыякавы да ўсяго таго, што тычыцца роднай вёскі, роднай прыроды і акружаючага асяроддзя, малой радзімы… І дай бог, каб натхненне і творчы запал ніколі не пакідалі Вас, Анатоль Станіслававіч! Няма ніякага сумнення, што вы падорыце сваім землякам яшчэ не адну кнігу!..

Шмат чаму можна павучыцца ў нашага пісьменніка Анатоля Кашэвіча. І таму, як патрэбна любіць нашу чароўную, маляўнічую прыроду і мілы сэрцу палескі край, як патрэбна шанаваць матчыну мову — такую лагодную, пяшчотную, сакавітую, прыгажэй за якую няма ва ўсім свеце, як патрэбна дапамагаць людзям і рабіць дабро, як патрэбна берагчы мір на нашай зямлі, як важна ведаць і паважаць свае карані, свае вытокі, каб застацца чалавекам — высакародным, сумленным, дабразычлівым, спагадлівым — словам, Чалавекам з вялікай літары.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: