Пра многіх настаўнікаў можна пісаць паэмы, бо яны апантаны сваёй прафесіяй. Па-сапраўднаму любячы дзяцей, гэтыя людзі часта не лічацца з асабістым часам. Многія з іх становяцца узорам, на які раўняюцца дзеці, на які яны хочуць быць падобнымі, і таму пасля заканчэння школы выбіраюць педагагічную прафесію. Менавіта такой з’яўляецца настаўніца пачатковых класаў Лельчыцкай сярэдняй школы № 1 Валянціна Іванаўна Сычэўская.
Аднак мой расказ сёння не пра яе, а пра адну з яе былых вучаніц, якой яна адкрыла дзверы ў дзіўны свет ведаў, напоўніла натхненнем на ўсе наступныя школьныя і пазашкольныя гады. Гэта студэнтка чацвёртага курса факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна» Вольга Знавец. «Гэта проста шчасце, — расказвае Вольга, — далей вучыцца ў сваёй першай настаўніцы, спасцігаючы ўжо сакрэты яе педагагічнага майстэрства». Сёлета яны разам падрыхтавалі навукова-метадычны даклад, з якім выступілі на II Палескім адукацыйным і навуковым форуме, прысвечаным 75-годдзю Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна.
Навуковай працай Вольга стала займацца на другім курсе. Ёй ужо падрыхтавана і апублікавана ў беларускіх і замежных выданнях дзесяць навуковых артыкулаў па праблемах пошуку эфектыўных прыёмаў праверкі дамашніх заданняў малодшых школьнікаў па літаратурным чытанні. Яна з’яўляецца адной з актыўных распрацоўшчыкаў метадычнага дапаможніка для настаўнікаў пачатковых класаў па літаратурным чытанні для 2-га класа. Усё гэта вызначыла выбар ёй тэмы дыпломнай працы — «Формы і прыёмы праверкі дамашніх заданняў на ўроках літаратурнага чытання і іх эфектыўнасць», вынікі якой ужо ўкараняюцца ў навучальны працэс школ і ўніверсітэта.
З вялікай удзячнасцю расказвае Вольга пра сваіх класных кіраўнікоў Галіну Мяфодзьеўну Карапунарлы і Наталлю Вітальеўну Паўлаву. «Галіна Мяфодзьеўна, — гаворыць Вольга, — стала для мяне прыкладам класнага кіраўніка, пакінуўшы неверагодна станоўчае ўражанне пра сябе, а Наталля Вітальеўна прызвычайвала мяне да творчасці, падахвочвала ўдзельнічаць у конкурсах на лепшую насценгазету, на лепшы малюнак…»
Вольга — самая старэйшая ў шматдзетнай сям’і. У яе чатыры сястры і два браты. Ёй часта даводзілася даглядаць малых, вучыць правілам паводзінаў, дапамагаць ім пры выкананні дамашніх заданняў. Магчыма, гэта і стала першым штуршком да выбару настаўніцкай прафесіі. Маці, бачачы зацікаўленыя адносіны і любоў да дзяцей, разважыла: «Быць табе, Оля, настаўніцай пачатковых класаў».
«Лічу, што Настаўнік — гэта не проста чалавек, — дзеліцца ўражаннем аб сваёй прафесіі Вольга, — гэта той, хто імкнецца знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня, заўсёды дапамагае, падтрымлівае і перажывае за яго, дапамагае дзецям раскрыцца, бачыць у кожным вучні пэўны патэнцыял і робіць усё магчымае, каб той развіў свае здольнасці.
За час практыкі ў школе я прыйшла да высновы, што галоўнае — гэта шчырая любоў да сваёй педагагічнай прафесіі, любоў да дзяцей і клопат пра іх. Прафесія настаўніка пачатковых класаў — гэта адна з самых цікавых, цяжкіх, патрэбных і высакародных прафесій.
У будучыні я бачу сябе настаўнікам пачатковых класаў, які мае высокі ўзровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі, шырокую базу ведаў, які здольны перадаць свае ўменні, навыкі і веды малодшым школьнікам, здольны зацікавіць сваіх вучняў. Веру, што многае напрацуецца з вопытам, і гатовая прыкласці да гэтага столькі намаганняў, колькі для гэтага патрэбна.
Праходзячы педагагічную практыку ў школе, я здабыла ўпэўненасць у тым, што сапраўды іду ў патрэбным кірунку. Я разумею, што будзе не лёгка, бо праца з сучаснымі дзецьмі патрабуе выкарыстання толькі сучасных тэхналогій. Мяне ўразіла адна думка, прачытаная мною нядаўна ў адной з кніг: «Калі мы будзем вучыць дзяцей, як учора — мы страцім у іх заўтра».
Дзякуючы такім выкладчыкам, як Б.А. Крук, А.Р. Дзядкоўская, С.П. Злобіна і іншыя, я зірнула на ўсё іншымі вачамі. Яны сталі для мяне прыкладам. У іх я ўбачыла тое, наколькі можна любіць тое, чаму ты вучыш. Ды і не проста вучыш, а аддаеш сябе дзецям».
Педагагічную практыку Вольга праходзіла ў СШ № 15 г. Мазыра. Выбар аптымальных метадаў і прыёмаў працы на ўроку, старанны падбор нагляднага і раздатачнага матэрыялу, добрае разуменне дзіцячай псіхалогіі, прыродныя задаткі — усё гэта рабіла ўрокі, якія праводзіла практыкантка, змястоўнымі, жывымі, эфектыўнымі і запамінальнымі. І лепшай адзнакай маладой настаўніцы-практыкантцы былі не толькі «дзясяткі» ў заліковай картцы за ўрокі, дадзеныя ёй, але і шчырая прыязнасць дзяцей, радасныя агеньчыкі ў вачах кожнага вучня, стараннасць у працы на ўроку.
Чарговую сесію Вольга здала, як і раней, на выдатныя адзнакі. А гэта значыць, што ў каторы ўжо раз ёй прызначана павышаная стыпендыя.
Днямі ва ўніверсітэце праходзіла размеркаванне выпускнікоў. Вольга, як адна з лепшых студэнтак, магла выбраць Гомель, Брэст, Мазыр, але засталася вернай Лельчыцам: яе накіравалі на працу дадому. Але ў якой бы частцы Беларусі яна ні працавала, перакананы: праца настаўніка заўсёды будзе прыносіць Вользе радасць і маральнае задавальненне. А гэта якраз тая часцінка, з якіх складаецца агульнае паняцце чалавечага шчасця.
А ўніверсітэт чакае новых выпускнікоў школ Лельчыц і Лельчышчыны, якія таксама, як і Вольга, мараць набыць прафесію педагога: настаўніка пачатковых класаў, лагапеда, выхавальніка дзіцячага сада і інш., — і шырока раскрывае для іх свае дзверы.
Аляксей СОЛАХАЎ,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржпедуніверсітэта імя І. П. Шамякіна.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: