Хто ў мінулую нядзелю адправіўся ў аграгарадок Сіманічы — не прагадаў, таму што ў гэты дзень вёска ператварылася ў сапраўдную мядовую сталіцу.  На «Мядовы фальварак» — менавіта такую назву мела свята — з’ехаліся пчаляры з усяго раёна і, канечне, прывезлі сваю салодкую янтарную прадукцыю — якасную, натуральную. Мерапрыемства праходзіла з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Бяспалай, а таксама кіраўнікоў сельвыканкамаў, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна.   

Галоўнае дзейства развярнулася на пляцоўцы ў цэнтры аграгарадка, яно аб’яднала людзей самых розных узростаў, ад маленькіх жыхароў і да сталых, прычым  не толькі з Сіманічаў, а і іншых населеных пунктаў. Дарэчы, свята праводзілася ў нашым раёне ўпершыню і было прысвечана Сусветнаму дню пчалы. Менавіта гэтае маленькае насякомае з’яўляецца сімвалам працавітасці  і стараннасці, а мёд — вельмі карысным прадуктам, у якім утрымліваецца маса вітамінаў і мікраэлементаў, якія аказваюць дабратворны ўплыў на арганізм чалавека. У Лельчыцкім краі да пчол з даўніх часоў адносяцца з вялікім шанаваннем, нашы бортнікі не толькі збераглі старадаўні лясны промысел, але і перадаюць яго сакрэты нашчадкам. Пчаляры кажуць, што забіць пчалу без нагоды лічылася вялікім грахом, скрасці вулей ці калоду — страшэнным злом, разбурыць вулей — «разбурыць храм Божы». Важна зазначыць, што лясному бортніцтву Лельчыцкага раёна прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы мядовы фестываль, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяспалая сардэчна павіншавала са святам мясцовых жыхароў і ўсіх яго гасцей, выразіла надзею, што «Мядовы фальварак» стане брэндавым мерапрыемствам, якое будзе праходзіць у Сіманічах штогод і збіраць усё больш і больш людзей. Таццяна Адамаўна пажадала ўсім здароўя, міра, дабрабыту, шчасця ў агульным доме.

Далучыўся да добрых пажаданняў і настаяцель прыходу храма Богаяўлення аграгарадка Сіманічы пратаіерэй Іаан Палын. Айцец Іаан нагадаў усім прысутным прытчу  «Пчала і Муха », якая мае глыбокі сэнс.

— Гэта два насякомых, якія падобны між сабою, але від дзейнасці ў іх адрозніваецца. Пчала і на сметніку адшукае самую прыгожую кветку і сядзе на яе, а муха нават на квітнеючым лузе знойдзе нешта бруднае і сядзе менавіта туды. Жадаю ўсім, падобна пчолам, заўважаць у людзях, акружаючай прыродзе прыгожае, няспынна працаваць дзеля сваёй сям’і, свайго роду, сваёй радзімы, — сказаў святар  і прапанаваў: — Добра было б стварыць у пустуючым доме музей бортніцтства, экскурсаводамі маглі б выступіць вучні мясцовай школы, якія знаёмілі б гасцей з рамёствамі і промысламі нашых продкаў, нашай гістарычнай і культурнай спадчынай.

Праграму мядовага свята прадоўжыла насычаная канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў горада і раёна, якая прыйшлася ўсім даспадобы. Песня народная раздавалася ў гэты дзень на ўсё наваколле.

Свята атрымалася настолькі вясёлым, насычаным, што не было ні воднага чалавека, які б сумаваў. Усе жадаючыя не только праводзілі дэгустацыю духмянага гаючага мёду, але і набывалі яго разнастайныя віды, якія былі прадстаўлены на выставе, а таксама прадукцыю пчалярства — пяргу, праполіс, арыгінальныя свечы, воск, падмор  і шмат чаго іншага.

Заўзятыя пчаляры ахвотна вялі размову, дзяліліся з намі нюансамі свайго бортніцкага промыслу, давалі парады, прапанавалі рацэпты ад хвароб.

— Патрэбна зранку нашча з’ядаць адну сталовую лыжку мёду і запіваць яго цёплаю вадою, тады на паўдня моцы хопіць, — раіць вопытны бортнік з Сініцкага Поля Пётр Рудніцкі. — А можна і на ноч мёд ужываць у якасці снатворнага.

Пётр  Міхайлавіч займаецца пчалярствам больш за 20 гадоў, сакрэты бортніцкай справы пераймаў ад бацькі.

— На якіх толькі выставах не быў мой мёд! І ў Ляскавічы ездзіў, і ў Александрыю! — дадае пчаляр. — Надвор’е падвяло ў гэтым годзе, а то мог бы ўжо накатаць да 20 кілаграмаў мёду новага ўраджаю! На маём пчальніку зараз 54 сям’і, ёсць і тры калоды ў лесе, а ў бацькі майго 50 калод было!

Шмат цікавага паведаў нам пра жыццё пчол яшчэ адзін пасечнік — Мікалай Богуш з Чэмернага. Ён займаецца пчалінай справай разам з жонкаю — Евай Дзям’янаўнай.

— Ён без мяне нікуды, — пагаджаецца жанчына і шчыра ўсміхаецца.

— Колькі сябе памятаю, мёд заўсёды быў на нашым стале. Мой бацька, дзед і прадзед займаліся бортніцтвам, так што ў нашым родзе тры пакаленні пчаляраў, — дадае Мікалай Раманавіч.

— А які мёд найбольш карысны? — пытаю вопытнага пчаляра.

— Дрэннага мёду наогул няма, — адказвае ён. — Кожны мае свае карысныя якасці. Шмат жалеза, іншых мікраэлементаў у грэчкавым мёдзе, які дапамагае пры малакроўі, слабым імунітэце. Асабліва карысны мёд з разнатраўя.

Пчаляр паведаміў, што з дзяцінства дапамагаў бацьку ў бортніцкай справе, потым быў перапынак, але ён зноў павярнуўся да пчалярства,  на пчальніку зараз 24 сям’і, а было раней і па 45.

— Заўсёды чытаў спецыяльную літаратуру, выпісваў часопісы, адкуль браў шмат карыснага, — дадае Мікалай Раманавіч. — Дарэчы, ў пчалінай сям’і ўсе ролі размеркаваны: адны пчолы — вартаўнікі, іншыя — разведчыкі, ёсць світы, якія даглядаюць за маткай, за расплодам, ёсць рабочыя пчолы, трутні. Там цэлае царства.

Мікалай Богуш расказаў нам, што перанёс сем аперацый, але змог пераадолець хваробы. Ад аперацыі на сэрца адказаўся, чэрпае моц з мёду, які дапамог стаць на ногі і прадоўжыць займацца любімай справай.

З сям’і патомных бортнікаў і Віктар Андрэйкавец з Дзяржынска. На выставу нават жэнь са скуры прывёз, якая захавалася ад прадзеда.

— Займаюся асабіста бортніцтвам гадоў пяць, — расказвае Віктар Піліпавіч. — Пакуль бацька лазіў на дрэвы, я дапамагаў, а зараз аслабеў, яму ўжо 86 гадоў, таму прыйшоў на змену. У кожнага пчаляра ёсць свае сакрэты, якія ён перадае сваім дзецям  і ўнукам у спадчыну разам з ўсімі прыладамі.

— Калі захварэў, то медыкі прыпісалі мне гарманальныя прэпараты, але я адмовіўся ад іх ужывання і пачаў прымаць настойку з пчалінага падмору, якая дапамагла падняць імунітэт, — дадае мой суразмоўца. — Адчуваю сябе значна лепш.

Да пчалінай справы далучыўся не толькі сын, але і дачка Віктара Андрэйкаўца, яна нават больш, чым  брат, ведае  і дапамагае.

— А кусалі вас калі-небудзь пчолы? — пытаю ў бортніка.

— А што вы не бачыце? — усміхаецца пчаляр. — Паглядзіце, некалькі дзён назад мяне пчолы пакусалі, але нічога, гэта карысна. Майго бацьку таксама не раз кусалі.

Яшчэ ўсе пчаляры ў адзін голас казалі, што мёду ўжываюць мала, ды і іх родныя — таксама.

— Каб не было на стале мёду, дык хацелася б, — дадаюць яны.

А свята тым часам набірала абарот. Дзяцей чакалі атракцыёны і тэатралізаваная гульнёвая праграма, у палатках бойка ішоў гандаль, працавала фотазона. Вабілі вока дзіцячыя малюнкі ўдзельнікаў конкурсу «Залатая пчолка», прыцягвала ўвагу тэматычная выстава «Кніжныя соты»,  працавала тэматычная майстэрня «Творчы вулік», праводзілася акцыя «Абаронім пчалу — абаронім планету».

Майстры дэкаратыўна-пракладнога мастацтва прадстаўлялі свае унікальныя вырабы, праводзілі майстар-класы. І, канечне, святочны настрой падтрымлівалі артысты мастацкай самадзейнасці, якія падаравалі гледачам шмат прыгожых лірычных песень.

Гасцінна запрашалі ўсіх да сябе гаспадары «Падворка пчаляра». Якіх толькі прысмакаў не прыгатавалі працавітыя, руплівыя гаспадыні! Госці з задавальненнем адведалі бліноў, пірагоў, рагалікаў і іншага печыва, прасяную кашу — усё гатавалася з дабаўленнем мёду.  «Якая смаката!» — гаварылі ўсе, хто частаваўся кулінарнымі вынаходствамі. Было тут і дамашняе малако, і збіцень з мёду,  і шмат чаго іншага.

Усё было цудоўна арганізавана і прадумана, але час падыходзіў развітвацца. Мы ўжо збіраліся пакідаць вельмі прыгожыя і ўтульныя Сіманічы, калі мой добры знаёмы прапанаваў глянуць на неба. І гэта быў сапраўдны цуд! У вышыні мы ўбачылі пару буслоў: птушкі, якія з’яўляюцца сімвалам Беларусі, абляцелі некалькі разоў месца свята, нібы сваімі распахнутымі крыламі благаслаўляючы шчырую да працы пчалу і такіх жа працавітых людей. «Гэта добры знак!» — падумала ў той момант, бо жыхары Сіманічаў жывуць у згодзе з людзьмі, Богам і прыродай, а гэта і ёсць сапраўдная гармонія, да якой кожны з нас павінен накіроўвацца.

Свята яшчэ больш згуртавала людзей, далучыла да культуры нашага народа, яе вытокаў, падаравала шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў, выклікала пачуццё гонару за землякоў — сапраўдных майстроў сваёй справы, якія не только сберагаюць традыцыі продкаў, але і перадаюць іх нашчадкам, каб жылі яны на нашай палескай зямлі яшчэ шмат гадоў.

Фота Мікалая Нікіценкі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: