Ну калі ж, як не на свята вёскі, людзі могуць адпачыць ад хатніх і палявых спраў, пагутарыць са сваімі знаёмымі і сябрамі, а для тых, хто знаходзіцца далёка ад родных мясцін, гэта яшчэ і магчымасць пабываць на малой радзіме, сустрэцца з блізкімі, знаёмымі. Менавіта такое свята адзначылі Глушкавічы ў мінулую нядзелю — з размахам, весела, масава. У аграгарадок з’ехаліся жыхары суседніх вёсак, ураджэнцы Глушкавічаў з розных куткоў блізкага і далёкага замежжа, бо родная зямелька і душу грэе, і сэрца радуе. Тут кожная кветачка, кожнае дрэўка, кожная сцежачка — такія родныя і блізкія, тут і сонейка свеціць святлей, і ветрык халаднейшы, і салавейка гучней спявае.

А народ тым часам збіраўся ля сучаснага культурна-спартыўнага цэнтра. Адразу ў душы парадавалася: колькі моладзі ў вёсцы, колькі маладых мам і тат з дзеткамі! Яшчэ заўважыла, што змяніліся Глушкавічы, больш заквітнелі, абнавіліся. Дабавілі бляску новы тратуар і дарожнае палатно, пракладзеныя па цэнтральнай вуліцы Савецкай. Дзякуючы праведзеным работам па добраўпарадкаванні, стала яшчэ ўтульней і камфортней жыць у аграгарадку.

Спакон вякоў захоўваюць і развіваюць у вёсцы багатую культурную спадчыну, зберагаюць народныя традыцыі і рамёствы, перадаюць іх з пакалення ў пакаленне, каб яны жылі доўгія гады на глушкавіцкай зямлі. Аб самабытным таленце нашых землякоў-самародкаў сведчыла выстава з вышытымі  і тканымі вырабамі — сапраўднымі шэдэўрамі народнага мастацтва — мясцовых рукадзельніц-чараўніц. Прыцягвала ўвагу і выстава распісных яйкаў мастака Мяфодзія Шведа. Колькі часу, крапатлівай працы спатрэбілася майстру, каб стварыць для кожнага экспаната свой непаўторны, арыгінальны ўзор! Гэта сапраўды Божы дар!

Дзень вёскі заўсёды адзначаюць на Тройцу, гэта прыстольнае свята жыхароў Глушкавічаў. Пачалося яно з выхаду ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці — дзяцей, моладзі, старэйшых жанчын — у святочным нацыянальным адзенні, у руках — з зялёнымі галінкамі дрэў, шэсце суправаджалася выкананнем народных абрадавых песень. Затым увазе прысутных была прадстаўлена музычна-тэатралізаваная пастаноўка, упрыгожаная харэаграфічнымі кампазіцыямі, спевамі на розныя галасы, тут знайшлі  свой адбітак працавітасць, гасціннасць, весялосць і гумар беларусаў. Дарэчы, усе ролі былі выкананы вельмі ўдала, артыстычна.

—  Ініцыятар правядзення свята вёскі Глушкавічы на тэрыторыі Савета — старшыня калгасу «Перамога» Рыгор Казачок, — удакладняе ўпраўляючы справамі сельвыканкама Васіль Данілейка. — З таго часу прайшло каля 25 гадоў, але гэтай добрай традыцыі мы не змянілі. Самым захапляючым і інтрыгуючым момантам у ранейшыя часы быў розыгрыш бяспройгрышнай латарэі з галоўным прызам — цёлкай. Трэба было бачыць, як людзі чакалі гэтай незвычайнай хвіліны! І на шэст смельчакі і спрытнякі лазілі, гэта цікавае спаборніцтва даравала людзям шмат пазітыву, станоўчых эмоцый. Думаю, аднавяскоўцы добра памятаюць, як раней падчас свята гучаў чароўны голас нашай мясцовай гарманісткі Вольгі Стафяйчук, якая выконвала жартаўлівыя прыпеўкі. На жаль, таленавітай спявачкі ўжо няма з намі. Па ініцыятыве Рыгора Казачка пачалося і будаўніцтва Свята-Троіцкага храма. Захавалася і традыцыя ў выпускнікоў школ збірацца на Тройцу на свае юбілейныя сустрэчы. Яшчэ заўсёды на трэці дзень Тройцы на малую радзіму прыязджае наш знакаміты зямляк — Уладыка Аўгусцін, каб наведаць родную зямлю, павіншаваць аднавяскоўцаў са святам. Святар праводзіць Набажэнства, выступае перад глушкаўчанамі з прамоваю, пажаданнямі, дорыць падарункі. Усё праходзіць вельмі ўрачыста, прыгожа, святочна.

А ў Дзень вёскі цёпла павіншаваў прысутных са святам старшыня Глушкавіцкага сельвыканкама Васіль Коваль. Васіль Іванавіч пажадаў усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, цудоўнага адпачынку, мірнага неба, поспехаў, падзякаваў усім спонсарам за аказаную дапамогу, за неабыякавасць да малой радзімы.

З павагаю  і пашанаю адносяцца ў Глушкавічах да старэйшых. Узгадалі на свяце самага мудрага жыхара вёскі — Паўла Германавіча Маркевіча, якому ўжо споўнілася 94 гады. Гэта адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які застаўся ў аграгарадку. Па стану здароўя ён не смог далучыцца да свята, таму падарунак перадалі родным старэйшыны аграгарадка, а таксама пажаданні здароўя, моцы духу, нізкі паклон ад усіх жыхароў вёскі.

Назвалі і самага маленькага глушкаўчаніна — Канстанціна Зайчыка. Яго бацькам — Юрыю Іванавічу і Вікторыі Максімаўне ўручылі памятны падарунак.

Далей падчас конкурсу-віктарыны быў вызначаны лепшы знаўца сяла — грамату пераможцы атрымала Вольга Астапенка.

Дарэчы, розыгрыш бяспройгрышнай латарэі і ў гэтым годзе сабраў шмат людзей, тым больш, што сярод прызоў былі карысныя для гаспадаркі рэчы, вырабленыя з дрэва: карыта для свіней, табурэткі, маленькія лаўкі.

Не сумавалі і маленькія жыхары сяла. Колькі цікавых атракцыёнаў працавала для дзяцей! Яны каталіся на каруселях, прыгалі на батутах, спускаліся з надуўных горак, елі салодкую вату, марозіва і іншую смакату.

На працягу ўсяго свята, з раніцы і да вечара, гучалі на ўсё наваколле народныя і эстрадныя песні, якія падаравалі глушкаўчанам і гасцям аграгарадка мясцовы жаночы вакальны ансамбль «Журавушка», а таксама народны мужчынскі ансамбль «Лель», народны вакальны ансамбль «Вербніца» Лельчыцкага раённага цэнтра культуры  і народнай творчасці. Гучна апладыравалі і юным артыстам, якія парадавалі ўсіх выканаўчым талентам. Сваё майстэрства падараваў прысутным і калектыў ваеннага аркестра  Мазырскага пагранічнага атраду.

Вялікае  шчасце бачыць дзяцей з усмешкамі на тварах, радасных дарослых, якія добрымі справамі і працай упрыгожваюць сваю малую радзіму. Свята вёскі — гэта цудоўная магчымасць прызнацца ў любві роднаму куточку, выказаць гонар за сваіх землякоў. Няхай жа жывуць, штогод становяцца прыгажэйшымі Глушкавічы — гэта сапраўдная вёска будучага!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: